Па афіцыйных паведамленнях, каля 22 гадзін панядзелка 32-гадовы мужчына і яго 22-гадовая цяжарная жонка перабягалі чыгуначныя пуці перад электрычкай. У руках жанчына каціла каляску з аднагадовым дзіцём. 

Але ж як і чаму маладая пара, яшчэ і з дзіцём, вырашылі перабягаць рэйкі перад электрычкай? Ужо выказваюцца розныя думкі, нават пра групавы суіцыд. Але ў Ратамцы кажуць, што ўсё было не так. 

«Кажуць, гэтая сям’я жыла ў адным з новых шматпавярховікаў па вуліцы Рачной. Учора яны ішлі на вакзал купіць квіток, — расказвае мясцовы жыхар. — Спыталі ў чалавека, дзе можна купіць квіткі на Брэст, атрымалі адказ, што ў будынку вакзала. І пайшлі.

Кажуць, хлопец быў з бутэлькай піва у руках, але не быў п’яны. Прынамсі пра квіткі спытаўся ветліва і культурна.

У гэты момант пад’ехала электрычка: яна была доўгая, у такіх выпадках апошні вагон аказваецца амаль на пешаходным пераходзе. Такім чынам, не відаць, што за вагонам, на наступнай чыгуначнай калеі.

А па тым пуці якраз ішоў цягнік, які не спыняецца ў Ратамцы. 

І гэтая сям’я проста пайшла па пераходзе, выйшлі з-за вагона электрычкі — і трапілі якраз пад гэты цягнік.

У такіх выпадках, калі ідзе цягнік, электрычка чакае, не адкрывае дзверы, не выпускае пасажыраў, каб тыя не пабеглі праз шляхі. Таксама гарыць чырвонае святло і цягнік, які праязджае без прыпынку, падае гукавы сігнал, калі пад’язджае да станцыі. Так было і тут, кажуць, цягнік гудзеў — незразумела, чаму гэтая сям’я не спыінілася».

У выніку наезду бацька і дзіця загінулі на месцы, жонка атрымала цяжкія траўмы, ад якіх памерла сёння раніцай у бальніцы.

Вядома, што Следчы камітэт высвятляе абставіны здарэння. Заведзеная крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
100
Абуральна
7