Італьянская «Рома» заваявала першы трафей у найноўшай гісторыі. Фота: Uefa.com

Славіць настаўніка «Ромы», магчыма, не самая годная сітуацыя. У нацыянальным першынстве футбалісты з італьянскай сталіцы занялі толькі шостае месца. Таму магія Жазэ Мурынья як след у рамках серыі «А» не спрацавала. Тым не менш, Асаблівы (ужо колькі гадоў трэнера так называюць заўзятары і журналісты) здолеў-такі даказаць сваю адметнасць праз рэванш на міжнароднай арэне.

Чалавек, які трыумфаваў у Лізе Чэмпіёнаў з «Порту» ды «Інтэрам», а таксама браў галоўны трафей Лігі Еўропы з «Порту» і «Манчэстэр Юнайтэд», дадаў да калекцыі і золата Лігі Канфэрэнцый. Такім чынам, спецыяліст стаў першым у гісторыі чалавекам, які перамог ва ўсіх трох клубных турнірах пад эгідай УЕФА, што існуюць у сучаснасці. А таксама стаў адзіным, хто здабыў еўрапейскія кубкі на чале ажно чатырох камандаў!

Да таго ж Мурынья і новую старонку ў клубную гісторыю ўпісаў. Раней «Роме» скараўся толькі Кубак Кірмашоў, але гэта было, як кажуць, даўно і няпраўда. У найноўшых жа рэаліях «ваўкі» вылі ад суму што пасля фінала Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў-1984, што пасля вырашальнай сустрэчы Кубка УЕФА-1991.

Саступі рымляне яшчэ ў адным трафейным змаганні — і можна было б казаць пра ўтварэнне футбольнага комплекса. Аднак трапны стрэл на 23-й хвіліне Дзаньёла (паўабаронцы, што ў 2020-м двойчы рваў звязкі калена, але вярнуўся ў футбол) пазбавіў італьянцаў і іх тыфозі ад неабходнасці звяртацца да псіхолагаў.

Нікола Дзаньёла робіць «Рому» пераможцам Лігі Канферэнцый. Фота: Uefa.com

З іншага боку, пацярпеў ментальны стан гульцоў «Феенорда». Бо самая выніковая каманда турніра і ў фінальным двубоі стварыла безліч галявых момантаў. Вось толькі бронзавага прызёра першынства Нідэрландаў падвяла рэалізацыя: ледзь не кожны прадстаўнік групы атакі меў магчымасць засмуціць Патрысіу, аднак у «момант ікс» саступаў брамніку ў змаганні. Калі ж і партугалец, на рахунку якога ажно пяць сэйваў за вечар, пасаваў, яму на дапамогу прыходзілі бэлька альбо штанга.

У выніку каманда, што прайшла без параз усю турнірную дыстанцыю, аддала суперніку Кубак з-за адзінай памылкі абароны на ўвесь фінал…

Самая выніковая каманда турніра, «Феенорд», так і не здолела хаця б аднойчы засмуціць італьянцаў. «Фота: Uefa.com

Мурынья гэтай памылкі, безумоўна, чакаў. А далей рабіў усё, каб з дапамогай свайго найбагацейшага вопыту «закансерваваць» пазітыўны вынік. Так ён дзейнічаў у фіналах еўракубкаў раней — і выбіў чатыры пазітыўныя вынікі з чатырох.

Гісторыя 2022-га толькі пацвердзіла правіла: калі Жазэ прыбірае да рук кантроль сітуацыі ў вырашальным двубоі, ніхто яму ўжо не заміне. Такім жа чынам, дарэчы, у свае часы дзейнічалі каманды легендарнага Джавані Трапатоні. Вечарам серады Мурынья паўтарыў не толькі патэрн дзеяў культавага трэнера, але і яго дасягненне. На рахунку партугальца, як і Трапа, стала пяць кантынентальных трафеяў. 

Клас
7
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру