Фота: Mikhail Kapychka / wikimedia.org

Навукоўцы сцвярджаюць, што біялагічны ўзрост — паказчык здароўя, які можа быць большым або меншым за ваш храналагічны ўзрост — можа дапамагчы вызначыць якасць вашага жыцця, калі вы старэеце. 

Ідэя біялагічнага ўзросту ў тым, што ўзрост клетак і органаў можа адрознівацца ад вашага пашпартнага ўзросту. Некаторыя навукоўцы вылічаюць гэты паказчык па крыві ці сліне, а іншыя навукоўцы і біяінжынеры робяць гэта, параўноўваючы розныя параметры старэння арганізма.

Уплываюць на біялагічны ўзрост, па сутнасці, тыя звычкі, якія мы маем. Напрыклад, сон, фізічныя практыкаванні, спосаб харчавання, наяўнасць стрэсаў.

Але гены ва ўсіх розныя, і адсочванне вашага біялягічнага ўзросту можа дапамагчы вызначыць, якія звычкі найбольш карысныя менавіта для вас і як іх змяніць. Для аднаго чалавека аптымальным можа быць 10 000 крокаў на дзень, у той час як для кагосьці іншага гэта 6000.

Стывен Робертс, уладальнік вінакурні ў Францыі, праверыў сябе на пачатку гэтага года з дапамогай хатняга аналізу па крыві, распрацаванага кампаніяй GlycanAge. Яму 51 год, і ён вырашыў паклапаціцца пра ўласнае здароўе.

«Я п'ю, часам палю, ладжу вечарыны і ем усё, што хачу», — кажа ён. Таму мужчына чакаў, што яго біялагічны ўзрост будзе нашмат большы за фактычны.

Ён кажа, што быў шакаваны, калі вынікі тэсту паказалі, што яго біялагічны ўзрост складае 24 гады.

Гордан Лаўк, прафесар біяхіміі і малекулярнай біялогіі Заграбскага ўніверсітэта ў Харватыі і галоўны навуковы супрацоўнік GlycanAge, кажа, што вынікі — правільныя, улічваючы генетыку містара Робертса, у сям'і якога даўгалецце перадаецца з пакалення ў пакаленне, і лад жыцця, які, верагодна, выклікае меней стрэсаў, чым у большасці.

Ці настолькі важны біялагічны ўзрост?

Многія навукоўцы, якія займаюцца даследаваннямі старэння, лічаць, што веданне свайго біялагічнага ўзросту можа дапамагчы адтэрмінаваць або пазбегнуць хваробы Альцгеймера, раку, сардэчна-сасудзістых захворванняў або іншых узроставых хваробаў. Некаторыя таксама лічаць, што біялагічны ўзрост можа лепш прадказаць працягласць жыцця чалавека.

Анестэзіёлаг Майкл Ройзэн 25 гадоў таму стварыў адзін з першых калькулятараў біялагічнага ўзросту на аснове анкеты.

Па яго словах, да прыкладу, фізічныя практыкаванні робяць вельмі шмат. Па яго звестках, трэніроўка «ўключае» ген, які запускае ланцуговую рэакцыю, што павялічвае сакрэцыю бялку, які паляпшае памяць.

Па словах доктара Ройзена, пры правільным падыходзе да стрэсагенных фактараў можна выключыць уплыў больш як 250 генаў.

Іншыя навукоўцы настроеныя больш скептычна. Яны згодныя з тым, што біялагічны ўзрост важны, але не згодныя з тым, што ён можа так моцна ўплываць на жыццё. Яны кажуць, што не існуе стандартнага спосабу вымярэння біялагічнага ўзросту, і многія з інструментаў яшчэ не правераныя. Невядома, ці магчыма павялічыць такім чынам працягласць жыцця.

Алекс Жаваранкаў, выканаўчы дырэктар кампаніі Insilico Medicine, якая выкарыстоўвае штучны інтэлект для распрацоўкі лекаў, якія дапамагаюць пры ўзроставых захворваннях, кажа, што біялагічны ўзрост — карысная канцэпцыя для распрацоўкі лекаў. Але ён сумняваецца ў тым, што дастаткова проста змяніць лад жыцця, каб жыць даўжэй.

«Крайняя аптымізацыя сну, фізічных практыкаванняў і дыеты наўрад ці прывядзе да рэзкага павелічэння працягласці жыцця», — мяркуе ён.

Клас
5
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
5
Сумна
3
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру