«Папрасілі пацвярджэнне ў кампаніі, што яны не будуць перадаваць абсталяванне ў акупаваны Данбас»

Валерыю 30 гадоў (імя змененае), ён працаваў менеджарам у фірме, якая займалася гандлем абсталяваннем для медыцынскіх устаноў. Вытворца — адна з еўрапейскіх краін.

«Я маю вышэйшую адукацыю, навуковую ступень. Чатыры гады таму сышоў з дзяржаўнай навуковай установы праз нізкі заробак. Атрымліваў там 200-250 даляраў як малады спецыяліст у галіне мікрабіялогіі. Пасля ўладкаваўся ў фірму, у якой заробак вырас у пяць разоў», — кажа ён. 

Спачатку вытворца папрасіў пацвердзіць, што ўстановы, куды прадавалі абсталяванне, не звязаныя з сілавымі структурамі, ваеннымі. А таксама папрасіў пацвярджэнне ў кампаніі, што яны не будуць перадаваць абсталяванне ў акупаваны Крым і Данбас. 

«Я хваляваўся, але быў упэўнены, што з гэтым усё нармальна. Абсталяванне гэтае для простых пацыентаў, часта з рэдкімі хваробамі, звычайна на гэта санкцыі не распаўсюджваюцца», — кажа ён. 

Нягледзячы на намаганні кампаніі, ніякіх адгрузак, пачынаючы з 24 лютага, не было нават па старых кантрактах. 

«Больш за тое, вытворца прыпыніў дамову ў аднабаковым парадку, спасылаючыся на форс-мажорныя абставіны. Заробак яны, канечне, выплацілі, плюс яшчэ за тры месяцы наперад.

Сама фірма працуе. Францыя і Кітай яшчэ пастаўляюць у Беларусь, але мой кірунак закрыты», — кажа мужчына.

Новую працу Валерый цяпер не шукае. Ён рыхтуецца да пераезду ва Украіну. 

«Хачу там жыць і працаваць. Мне падаецца, што трапіць туды не складана, праблемна будзе атрымаць часовы від на жыхарства. Але ўсе гэта менш складана, чым жыць у краіне, з якой пускаюць ракеты», — падсумоўвае ён. 

«Даход быў 500 даляраў, а цяпер 600 рублёў»

Аляксею (імя змененае) 23 гады. Да пачатку вайны хлопец працаваў на спартыўным сайце, які фінансавала букмекерская ўкраінская кампанія FavBet. Аляксей ставіў навіны пра падзеі ў беларускім спорце.

«Адкрыўся гэты сайт у 2020 годзе за тры тыдні да пачатку каранавіруса. Тады адразу прыйшоў да іх на працу. Падчас выбараў у Беларусі ў нас украінцы пыталіся, што мы збіраемся рабіць у такіх умовах, ці хочам з'язджаць. Але тады такіх ахвотных не было, вырашылі працаваць, пакуль будзе інтэрнэт. Звязанае нешта з палітыкай, вядома, нічога не пісалі ні пра адзін бок, ні пра другі, каб не прыцягваць увагу. Так мы пратрымаліся да 24 лютага», — кажа ён. 

Амаль што ўсё кіраўніцтва сайта знаходзілася ва Украіне. Яны змаглі выйсці на сувязь з супрацоўнікамі з Беларусі толькі праз тры-чатыры дні пасля пачатку вайны.

«Частка з іх была ўжо тады ў тэрытарыяльнай абароне, а астатнія сядзелі ў кіеўскім метро, — расказвае Аляксей. — Ім, відавочна, было не да працы, але і што рабіць з намі яны не ведалі, бо праект губляць не хацелася.

На пачатку сакавіка кіраўніцтва прыняло рашэнне, што ў сувязі з тым, што Расія і Беларусь агрэсары, яны закрываюць букмекерскую кантору ў Беларусі, а разам з ёй сайт. Наогул, яны прапаноўвалі знайсці спонсара для сайта. Нават не былі супраць, калі гэта будзе нехта з Расіі. Але мы так паступаць не хацелі».

Пра тое, што будуць закрываць сайт, супрацоўнікам сказалі загадзя. Заробак, які павінны былі выплаціць 25 лютага, пералічылі толькі праз два месяцы — у сярэдзіне красавіка.

«Мы спадзяваліся, што ўсё можа вырашыцца. Тады яшчэ перамовы пачаліся паміж Расіяй і Украінай. Але, на жаль, нічога не змянілася», — дзеліцца ён. 

Праз пару тыдняў Аляксей пачаў шукаць іншую працу. Знайшоў яе даволі хутка ў гэтай жа сферы. Але заробак тут аказаўся ў два разы меншым, чым на папярэднім месцы. 

«Даход быў каля 500 даляраў, там заробак быў да валюты прывязаны. Цяпер — 600 рублёў», — расказвае ён. 

Аляксей не шкадуе, што так атрымалася, бо перш за ўсё яго хвалявала не тое, што губляе ён, а што адбываецца ва Украіне. 

«Звольнілі амаль полову супрацоўнікаў, але не адмовілася ад выдаткаў на святы»

Аляксандры 26 гадоў, яна працавала маркетолагам у прыватнай фірме. Дзяўчына займалася арганізацыяй мерапрыемстваў і ўдзелу кампаніі ў профільных міжнародных форумах, выставах, большасць якіх праходзіла ва Украіне і Казахстане.

«Бізнэс існаваў у трох рэгіёнах: у Беларусі, Украіне і Казахстане. Пасля 24 лютага мы страцілі накірунак ва Украіне цалкам. А кіраўніцтва Казахстана вырашыла рабіць цалкам асобную кампанію, са сваім дырэктарам, маркетолагам. Абараніць гэты бізнэс ад ваенных рызык было немагчыма. На самым пачатку нават было немагчыма зразумець, што будзе з Беларуссю», — заўважае яна. 

У выніку адбыліся вялікія скарачэнні. Звольнілі амаль палову супрацоўнікаў кампаніі.

«Прычына — «змена ўмоў працы». Пры гэтым фірма не адмовілася ад іншых выдаткаў, напрыклад, на святы і мерапрыемствы. Месца было класным, але паводзіны кіраўніцтва пасля пачатку вайны максімальна здзівілі і засмуцілі.

Заробак выплацілі, а кампенсацыю, наколькі я ведаю, толькі мне за адзін месяц. Эйчары ўсім казалі, што кампенсацыі яны не абавязаныя плаціць, хаця гэта няпраўда. У бягучых умовах, як усё было агучана, людзям павінны былі кампенсаваць адзін месяц. Здаецца, гэтага ўдалося дамагчыся толькі мне, калі я згадала, што гэтую інфармацыю мне пацвердзіла знаёмая юрыстка», — кажа Аляксандра.

Цяпер дзяўчына шукае вакансіі ў той жа сферы. Прапановы з такім жа заробкам (ён быў сярэдні) ёсць. Праблема ў іншым — цяпер вельмі шмат людзей шукае працу.

«У дадатку бачна, напрыклад, што напісала я і яшчэ 60 чалавек. Працадаўцы на сумоўях дадаюць дадатковыя этапы, бо шмат кандыдатаў», — апісвае яна. 

«Заробак за люты выплацілі, а кампенсацыю — не»

Ангеліне (імя змененае) 25 гадоў, дзяўчына працавала ў прыватнай кампаніі рэдактарам-сцэнарыстам. Пасля пачатку вайны кіраўніцтва паведаміла супрацоўнікам, што далей аплачваць іх працу яны не змогуць. 

«Генеральны партнёр па этычных меркаваннях адмовіўся супрацоўнічаць з офісамі ў Расіі. А яны замаўлялі ў нас прасоўванне ў Беларусі. Адпаведна, навошта ім штосьці прасоўваць, калі шляхі пастаўкі кантэнту заблакаваныя?» — тлумачыць яна.

У выніку ўсю працу паставілі на паўзу. Супрацоўнікаў адправілі на месяц у адпачынак за свой кошт.

«Заробак за люты выплацілі, а кампенсацыю — не, — кажа Ангеліна. — Я была тады ў такім моцным эмацыйным узрушэнні ад таго, што пачалася вайна, што сітуацыя з працай мяне ўвогуле не хвалявала.

Вырашыла, што гэты месяц — добрая магчымасць, каб ​​прыйсці ў сябе. Ад ўсведамлення, што я жыву ў краіне-агрэсары, было дрэнна. Гэта ўсё вымушаная мера, я гатовая ахвяраваць. Асабліва калі гэта магчымасць для свабоднай Беларусі».

Праз месяц Ангеліну папрасілі вярнуцца на працу. Вось толькі прапанавалі быць фрылансерам.

«За гэты месяц я прыняла рашэнне з'ехаць з Беларусі. Працую дыстанцыйна. Можна сказаць, што афіцыйнае месца працы я згубіла. Вядома, заробак змяніўся, стаў меншым. Цяпер мне плацяць канкрэтна за кожны сцэнарый, а не за працу ў штаце».

Чытайце таксама: 

«Мы «павінны» дзяржаве? Тады і дзяржава мне павінна». Сныціна — пра чыноўнікаў, сваю краму мерчу і тое, чаму верыць у перамогу

Брытанскі маркетплейс купіў стартап беларусаў Wannabe за 29,4 млн даляраў

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
14
Абуральна
1