Цімох Акудовіч

Паводле Акудовіча, моўная сітуацыя ў краіне не прааналізаваная, мы не разумеем цяперашняга становішча (колькі беларускамоўных, колькі чалавек стала такімі ў апошні час, якая была матывацыя і г.д.), не бачым, што мы павінны рабіць далей, колькі мы хочам мець беларускамоўных, каб гэта была «беларуская Беларусь». 

Паводле выступоўцы, за апошнія 30 гадоў з беларускай мовай здарыліся фенаменальныя змены. Яна з сялянскай мовы стала мовай багемы ў 1990-я, пасля цягам 20 гадоў гэты статус пашырыўся да «мовы сярэдняга класу. Паступова стала мовай «нейтральнай зоны», мовай для ўсіх. І ў 20-я выбухнула новымі сэнсамі.

Але за гэтыя гады не было тэксту, які б асэнсоўваў трансфармацыі беларускай мовы.

Выступоўца лічыць, што цяпер важна «абудзіць» даследчыкаў.

Бо замест грунтоўнай размовы, мы таўчэмся вакол адной фразы ‒ «адзіная дзяржаўная мова». А гэты тэрмін Акудовіч лічыць «састарэлым, крыху неадэкватным і пустым, бо няясна, што ўнутры».

 Тры галоўныя інструменты дзяржавы

Акудовіч мяркуе, што канцэпт адзінай дзяржаўнай беларускай мовы расце з папярэдніх стагоддзяў, калі ўплыў дзяржавы быў моцны, а народ размаўляў на той мове, на якой загадала дзяржава.

Тры галоўныя інструменты дзяржавы — СМІ, школа і дзяржапарат, і Акудовіч бачыць іх значэнне сёння не такім, якім яно было раней.

СМІ. «Нават калі ў 20-м стагоддзі ўсе верылі СМІ, наколькі гэта будзе працаваць у 21-м?» — задаецца пытаннем выступоўца. Наколькі загад «Саўбелцы» і ТБ працаваць па-беларуску рэальна паўплывае на моўную сітуацыю ў Беларусі?

Акудовіч выказвае сумнеў. То-бок ён лічыць гэта чыннікам, але наколькі эфектыўным? Паводле эксперта, дзяржаўныя СМІ могуць даць нават негатыўную аддачу для беларускасці, бо «Саўбелка» заўсёды застанецца «Саўбелкай». Дзяржаўная прэса пры любой уладзе — дзяржаўная прэса.

«І тая чысціня беларускай мовы, якая асацыюецца са свабодай і незалежнасцю, яна можа быць нават пашкоджаная махровымі дзяржаўнымі СМІ».

Чыноўнікі. Існуе меркаванне, што для беларусізацыі вельмі важна, каб на беларускай сталі размаўляць чыноўнікі. Акудовіч кажа, што не можа гэтага зразумець.

Для чаго гэта патрэбна? Каб людзі, якія прыходзяць да чыноўнікаў, беларусізаваліся, ці каб самі чыноўнікі сталі беларускамоўнымі?

Пытанне і наконт прэзідэнта. Найбліжэйшых прэзідэнтаў, мяркуе Акудовіч, будуць вельмі не любіць, бо трэба будзе прымаць шмат непапулярных рашэнняў; процьма дрэнных людзей, прагназуе Акудовіч, патрапяць ва ўладу — «і гэта ўсё будзе па-беларуску».

Акудовіч кажа, што трэба разумець рызыкі, што статус беларускай мовы, як сімвала дабра, справядлівасці, можа быць пашкоджаны, а гэта напрацаваны сімвалізм, і ён — каштоўнасць.

Школа. Акудовіч выказвае сумнеў і ў тым, што школа — гэта інструмент беларусізацыі. Паводле яго, інструмент беларусізацыі — сям’я, і найперш у сям’і дзіця становіцца беларускамоўным. Хаця, кажа Акудовіч, бываюць выпадкі, калі дзіця трапляе ў «дрэнную» кампанію і становіцца беларускамоўным.

Ён лічыць, што нам трэба беларусізаваць дарослых, а ўжо тыя павінны выхоўваць дзяцей беларускамоўнымі і выстаўляць школам патрабаванне, на якой мове яны хочуць бачыць адукацыю для дзяцей. Паводле Акудовіча, толькі такім чынам можна беларусізаваць школу.

Школа — гэта маркер беларускасці (тое, па чым мы бачым, наколькі грамадства беларусізавалася), а не інструмент, лічыць выступоўца.

«Школа — важная падпорка для беларусізацыі, але гэта мы робім школы беларускамоўнымі, гэта наша патрабаванне, пад якое дзяржава павінна падладжвацца».

Усе гэтыя ідэі, кажа выступоўца, ідуць з 20 стагоддзя, а ў 21 стагоддзі састарэлі. Сёння гэтыя інструменты мы маем па-за межамі дзяржавы. І лепей, канечне, было б з дапамогай дзяржавы іх развіваць, але не трэба чакаць, пакуль сістэма стане «нашай», каб пачаць нешта рабіць.

«З дзяржаваю было б прасцей, несумненна, але гэта ўжо не той Левіяфан, які быў раней».

Акудовіч мяркуе, што мы павінны падыходзіць да беларусізацыі з розумам, а не з пазіцыі «вярніце нам наш 95-ы».

Сёння, можа, 3% (дакладныя лічбы невядомыя) — цалкам беларускамоўныя, але пры гэтым вялізная колькасць беларусаў лічыць беларускую роднай, а яшчэ больш — калі не роднай, то каштоўнасцю для беларусаў, тое, што мы павінны захоўваць. «І мы павінны пабудаваць канструкцыю, якая абапіралася б на рэальнасць», — упэўнены Акудовіч.

Мова як праект

Паводле выступоўцы, у людзей няма разумення, што будзе, калі дзяржава пяройдзе на адзіную дзяржаўную. Звычайна гэта зводзіцца да таго, што ўсё будзе беларускамоўнае, але вас, рускамоўных, мы чапаць не будзем. Нічога больш грунтоўнага не было, кажа ён.

Акудовіч мяркуе, што беларусы нават сёння не прагаласавалі б за адзіную дзяржаўную мову.

Ён прапануе больш практычна глядзець на развіццё беларускай мовы, убачыць яе, як праблему, праект, выкрасліўшы пры гэтым з умоў задачы дзяржаву.

Сёння высілкі па беларусізацыі — разрозненыя. Так, тысячы людзей працуюць на беларушчыну — курсы, заняткі, кніжкі, лекцыі, у розных сферах беларусы пачынаюць размаўляць па-беларуску. Гэта магутны паток, але робіцца гэта па прынцыпе «пакуль мы пад гэтай моўнай акупацыяй, то давайце рабіць хоць нешта, ад кожнага крыху». Ніякага супольнага плана і маштабнага бачання няма, кажа Акудовіч.

А чаму б нам не паставіць гэта як задачу? На колькі працэнтаў мы хочам павялічыць колькасць беларускамоўных? Можа, у гэтым дапамогуць маркетолагі? Чаму б не — ставіць выклік выступоўца. 

Мы мала выкарыстоўваем магчымасці 21 стагоддзя, лічыць Акудовіч. Навошта беларусізаваць дзяржаўны апарат? Каб ён беларусізаваў беларусаў? Можна пайсці напрасткі і пачаць беларусізаваць беларусаў тут і цяпер.

Трэба пазбаўляць беларускую мову арэолу сакральнасці, якая мусіць выйсці з Канстытуцыі — сядуць, напішуць Канстытуцыю, там будзе радок пра адзіную дзяржаўную мову, нешта заззяе, і беларусы раптам нешта усвядомяць.

Беларуская мова ‒ гэта з’ява, якую трэба раскруціць, зрабіць яе камфортнай, юзабіліці, як кажуць. Трэба пачаць думаць у гэтым кірунку, не чакаючы дзяржаву. Бо наша дзяржава думаць пра гэта хутка не будзе, а калі пачне думаць, то ў яе не будзе рэсурсаў больш, чым у нас цяпер, мяркуе Акудовіч.

Канстытуцыя

Канстытуцыя — гэта дамова паміж людзьмі, у першую чаргу.

Адзіная ж дзяржаўная мова — не ёсць згодай для усіх беларусаў хаця б таму, што незразумела, што такое адзіная дзяржаўная мова, які комплекс мер за гэтым стаіць.

Але абсалютная большасць беларусаў прызнаюць беларускую мову каштоўнасцю. І гэта кансэнсус.

«Дык, можа, нам гэта ў задачу і прапісаць?» — прапануе Акудовіч. Не пісаць пра адзіную—неадзіную дзяржаўную, а напісаць, што беларуская мова з’яўляецца нацыявытворчай каштоўнасцю беларусаў, і беларуская нацыя, беларускі народ абавязуецца захоўваць і развіваць беларускую мову. Усю астатнюю драбязу прапісаць у нейкім законе аб мовах, а ў Канстытуцыі пакінуць такую задачу.

У чым выступоўца бачыць плюс такога падыходу? Па-першае, гэта кансэнсус. Па-другое, такая фармулёўка пакідае люфт, колькі рэсурсаў беларусы гатовыя выдзеляць на гэтае развіццё. Ёсць поле, дзе можна гандлявацца. Пры гэтым беларуская мова будзе развівацца. Win-win, лічыць Акудовіч.

Трэба больш практычна падыходзіць да пашырэння ўжывання беларускай мовы, улічваючы, што мы можам рабіць тут і цяпер. Дзяржава — важны інструмент, але мы перабольшваем яе значэнне, перакананы Акудовіч.

«Ёсць адзіны спосаб выратаваць беларускую мову»

Паўліна Скурко: Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга

Клас
62
Панылы сорам
19
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру