У 2019 годзе ў рамках бязвізавага рэжыму Гродна і найбліжэйшыя рэгіёны наведала 136 тысяч турыстаў, а экспарт турыстычных паслуг склаў 5 мільёнаў даляраў. Планавалася, што ў 2020 годзе турыстычны паток павялічыцца да 150 тысяч турыстаў. Але праз кавід і закрыццё межаў планы не здзейсніліся.
Колькасць турыстаў з ЕС, якія наведвалі Гродна па бязвізе, сапраўды штогод павялічвалася. Часцей за ўсё да нас ездзілі з Польшчы і Літвы. У пікавыя дні даходзіла да таго, што турыстычным аўтобусам у прамым сэнсе не хапала месцаў на адмысловай паркоўцы ў цэнтры. На вуліцах часта гучала польская і літоўская мовы. Турысты прыязджалі як арганізаванымі групамі, так і на ўласных аўто. Замаўлялі экскурсіі, наведвалі кавярні. Літоўцы на зваротным шляху нярэдка ладзілі шоп-туры ў гандлёвых цэнтрах горада. З’яўленне бязвізавых зон аказалася такім рашэннем уладаў, якое задаволіла і саму ўладу, і прадстаўнікоў бізнэсу.
Здавалася, што зняццё кавідных абмежаванняў і паўнавартасны бязвіз для літоўцаў і латышоў мусіў спрыяць таму, каб на вуліцах горада зноў з’явілася шмат замежнікаў з Еўропы, але, падаецца, гэтага не адбылося.
«У цэлым мы можам казаць пра тое, што турыстычны паток у Гродна вярнуўся на дакавідны ўзровень, але адбылося гэта не праз тое, што да нас зноў масава паехалі бязвізавыя турысты з ЕС, а за кошт унутранага турызму,
— кажа адзін з экскурсаводаў. — Зараз мы назіраем за тым, як апошнім часам у беларусаў з’явіўся запыт да ўсяго беларускага, да беларускай мовы, культуры. Таму у нас цяпер шмат унутраных турыстаў. Тым больш, што калі ты пачынаеш шукаць у сеціве інфармацыю, што цікавага паглядзець у Беларусі, ці які горад Беларусі самы прыгожы, то ў большасці выпадкаў на першым месцы будзе менавіта Гродна. Увогуле Гродна для Беларусі — гэта як Львоў для Украіны.
Да нас едзе шмат моладзі з Мінска, ім вельмі падабаецца ў Гродне, яны называюць яго еўрапейскім горадам. Адзначаюць, што ён больш «жывы» за сталіцу, бо тут шмат кавярняў, адбываюцца нейкія імпрэзы».
Пры гэтым суразмоўца адзначае, што замежных турыстаў з ЕС у горадзе амаль няма.
«Мне даводзілася сустракаць толькі некалькіх турыстаў з Літвы, палякаў у гэтым сезоне амаль не бачыў.
Відаць, яны асцерагаюцца ехаць у Беларусь. А калі з Літвы да нас і едуць у турыстычных мэтах, то гэта часцей за ўсё прадстаўнікі стэрэйшага пакалення, якія ўжо нічого не баяцца. Ёсць турысты з Расіі, але ў асноўным гэта тыя, хто адпачывае ў беларускіх санаторыях».
Па назіраннях экскурсавода, большасць турыстаў з-за эканамічных меркаванняў абіраюць аднадзенныя туры.
«У Гродне і ваколіцах ёсць шмат чаго паглядзець, славутасцяў хопіць не на адзін дзень, але гэта ўжо больш накладна, бо трэба недзе ночыць».
Апроч тураў для прыезджых з іншых гарадоў Беларусі і Расіі, у Гродне даволі распаўсюджанымі з’яўляюцца тэматычныя экскурсія для мясцовых.
«Падчас кавіду ў нашым горадзе было распрацавана некалькі такіх тэматычных і касцюміраваных экскурсій. Нават людзі, якія нарадзіліся і ўсё жыццё жывуць у Гродне, з цікавасцю ставяцца да такіх ініцыятыў. Попыт на падобныя экскурсіі застаўся і пасля пандэміі.
Апроч гэтага, у маі традыцыйна шмат турпаездак арганізоўваецца школамі, а праз некалькі дзён у горадзе адбудзецца чарговы Фестываль нацыянальных культур, таму прынамсі пачатак турыстычнага сезону — 2022 у Гродне выглядае даволі актыўным. Нават з улікам таго, што праз сітуацыю, якая склалася, мы амаль страцілі турыстаў з краін ЕС, які тысячамі ездзілі да нас».
Пра адсутнасць былой колькасці замежнікаў, кажуць і супрацоўнікі кавярняў, што месцяцца побач з папулярнымі турыстычнымі лакацыямі.
«Нельга казаць, што ўсё кепска і турыстаў няма, але гэта дакладна не тое, што было два гады таму, калі на цэнтральных вуліцах можна было з лёгкасцю пачуць польскую і літоўскую мовы.
Раней да нас ездзіла вельмі шмат палякаў, не толькі на аўтобусах, але і на ўласных аўто. Цяпер асноўная частка турыстаў — гэта беларусы з іншых рэгіёнаў ці расіяне. Асабліва шмат расіян было у пачатку мая, іх можна было лёгка пазнаць па говары і паводзінах», — адзначае суразмоўца.
Чытайце таксама:
Шоп-туры ў Беларусь. Што выгадна везці ад нас у Польшчу, Літву і Латвію





