Зянон Пазняк. Фота: скрыншот з Ютуб-канала «Жыццё-маліна»

Пра русафобію

Русафобія — гэта псіхічная з'ява. Вазьміце Лукашэнку: яго круціць ад любых беларускамоўных праяў. У мяне такога няма — не маю аніякіх комплексаў падобнага кшталту. Чыста рацыянальна бачу, што пакуль будзе панаваць расійская імперыя, мілітарызацыя і агрэсіўная палітыка, да таго часу будзе існаваць небяспека ўсяму чалавецтву.

Але не Пуцін зрабіў рускі мір і вайну ва Украіне — грамадства зрабіла Пуціна. Каля 86 працэнтаў падтрымалі ўварванне. І тут не толькі прапаганда паўплывала. Прычына ў тым тыпе людзей, якія ніколі не жылі ў свабодзе, не мелі вольных думак, уласнасці.

Як вынік, сітуацыя можа перайначыцца толькі тады, калі будзе знішчана матрыца іх штодзённага існавання. А матрыцы гэтая — імперыя. Кажу не толькі пра дзяржаўны ўклад, але і пра грамадскі ды культурны складнік быцця.

Таму варта разбіць перш за ўсё гэтую імперскую ідэалогію, бо толькі тады з'явіцца магчымасць нараджэння нейкіх здаровых сіл. Зараз людзі падобнага кшталту ёсць, але яны пераследуюцца грамадствам. Самых жа актыўных знішчаюць і забіваюць — Юшанкоў, Старавойтава, Паліткоўская, Нямцоў… Таму пакуль застаюцца гэтыя антытрадыцыі, антыкультура, антыгісторыя, гэтае грамадства рабоў будзе ствараць новых Пуцінаў, Ленінаў, Сталінаў і іншых мярзотнікаў.

Пра розніцу між беларусамі і рускімі

Беларус паважае любога чалавека, любое жыццё. Гэта ў аснове яго душы. Але ў палітычных перыпетыях, канешне, такое стаўленне ператвараецца на недахоп. Акрамя таго, беларусы любяць свабоду і паводзяць сябе як вольныя людзі. Падпарадкоўваюцца закону, паважаюць яго: нават калі акупанты яго прыводзяць, народ кажа: «Ну калі гэта закон, трэба паводзіны ладзіць у адпаведнасці з яго літарай».

Рускія нічога гэтага не будуць рабіць, гэта абсалютна крымінальная свядомасць. Яны ў прынцыпе гэта не прымаюць. Тамтэйшае грамадства расло ў рабстве — і раб таксама прагне свабоды. Аднак іншага характару: ён хоча атрымаць волю, каб прыніжаць іншых.

Таму бачу кардынальнае адрозненне між рускімі ды нашым, беларускім народам, які выхоўваўся на еўрапескіх канонах яшчэ з часоў магдэбургскага права ды шляхецкай дэмакратыі.

Пра агентаў КДБ

У 2000 годзе ў Расіі да ўлады прыйшоў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. На плячах Ельцына КДБ заехаў ва ўладу, а пасля зрабілі Пуціна спачатку прэм'ерам, а далей прэзідэнтам. Тым самым упершыню ў сусветнай гісторыі ў краіне, якая мае атамную зброю, уладу захапілі спецслужбы. Тыя самыя спецслужбы, што яшчэ з часоў СССР ажыццяўлялі генацыд уласнага народа.

Зянон Пазняк: «Мару, што Беларусь будзе вольнай, незалежнай беларускамоўнай дзяржавай».

Яны валодаюць поўнай і абсалютнай уладай у Расейскай імперыі. Што значыць КДБ? Гэта арганізацыя, якая мае свае аддзелы ў кожнай вобласці, кожным раёне, кожным горадзе, кожнай установе. Яна фінансуецца з бюджэту, мае сістэму агентуры па ўсёй краіне і кантралюе ўсе фінансавыя патокі. Відавочна, что дзяржаўную палітыку яна таксама праводзіць — і робіць гэта выключна праз «сваіх», што займаюць усе ключавыя пасты ды кантралююць ключавыя кірункі жыцця.

Першае, што трэба вызначыць у палітычнай барацьбе, — гэты чалавек працуе на Расею, ён звязаны са спецслужбамі ці не?

(у адказ на пытанне, ці яго заявы наконт Ціханоўскай і Латушкі — што яны агенты КДБ — гэта толькі яго назіранні, без дакументальнага пацверджання) Безоўмоўна. Люстрацыя выявіць тыя дакументы. Іх можа і не быць, тых дакументаў, таму што апошні час ёсць такія, як «агенты ўплыву». Гэта не абавязкова чалавек павінен быць завербаваны, ён можа быць пад уплывам, мець пастаянныя сувязі. Наконт Латушкі тут можаце не сумнявацца, таму што гэта дыпламатычны корпус. Наконт Ціханоўскай у мяне ёсць такія даныя і мае назіранні, але канчаткова гэта высветліцца, калі будзе люстрацыя. Але я не ўпэўнены, што ёсць дакументы ў гэтым сэнсе. Я думаю, калі яе вывозілі, тады ўсё было і зроблена.

Пра зайздрасць «сучаснай апазіцыі»

Тыя людзі, якія зараз лічацца апазіцыйнай сілай, знаходзяцца ў людскім топе і актуальныя кожнаму? Мяркую, гэта ілюзія. Хутчэй, назаву іх медыйнымі асобамі, вакол якіх вірліць тлум. Але гэта мішура, якая хутка спадзе. У мяне больш грунтоўная пазіцыя — хаця б за кошт гістарычных рэчаў, якія асабіста зрабіў.

А што да «новай апазіцыі» — нядобрыя пачуцці яны выклікаюць, вельмі нядобрыя. Асабліва што тычыцца гэтай жанчыны, якую, скажам так, «узялі ў абарот». Гэта прарасійскі праект, які абапіраецца на хлусню і прапаганду ды не мае будучыні.

Зянон Пазняк: «Беларус паважае любога чалавека, любое жыццё. Гэта ў аснове яго душы». Фота: reform.by 

Да каго я маю давер з апазіцыі? Скажу так: тыя людзі, хто зараз ездзяць ды прамаўляюць, што трэба ўводзіць санкцыі супраць Беларусі, не павінны быць у палітыцы. Гэта антынацыянальныя паводзіны.

Пра прэзідэнцкія амбіцыі

У мяне іх не было — увесь час выступаў супраць, але ў пэўную эпоху вымушаны быў саступаць у змаганне за гэтую пасаду. Дарэчы, прэзідэнцтва ў Беларусі трэба адмяніць. 

Першае, што варта зрабіць пры будове новай дзяржавы, дык гэта вярнуцца да канстытуцыйнага ладу і парламенцкай рэспублікі. Прэзідэнцтва ў нашай краіне ў перспектыве можа зноў прывесці да дыктатуры.

Пра ідэальную Беларусь

Я мару, што Беларусь будзе вольнай, незалежнай беларускай дзяржавай. Тое, чаму я прысвяціў сваё жыццё, павінна ажыццявіцца. Так і будзе. Толькі я б марыў, каб пры маім жыцці.

(на пытанне, што Пазняк рабіў бы ў ідэальнай Беларусі) Рыбку лавіў бы. Нарэшце сядзеў бы глядзеў, як стракозы лётаюць. Усё — гэта было б адчуванне шчасця. Усё ёсць, усё добра, хораша і ніякіх праблем, не трэба ні з кім высвятляць пытанні палітычныя.

Клас
135
Панылы сорам
54
Ха-ха
12
Ого
8
Сумна
6
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру