Падавалася, што фінал Лігі чэмпіёнаў у Парыжы сапсаваць немагчыма… Фота: Uefa.com

Парыж — гэта свята, якое заўсёды з табой. Так, прынамсі, сцвярджаў Хэмінгуэй. Аднак 15 тысяч футбольных заўзятараў, што не здолелі патрапіць на «Стад дэ Франс», нягледзячы на наяўнасць квіткоў, паспрачаліся б з пісьменнікам. Ды яшчэ на павышаных танах — з болем, сумам ды абурэннем у голасе. А ўсё таму, што арганізатары сустрэчы (французская сталіца «перахапіла» фінал Лігі чэмпіёнаў у Санкт-Пецярбурга, «забаненага» з-за ваеннай агрэсіі Расіі) недастаткова пільна паставіліся да мераў бяспекі і арганізацыі руху фанаў, з-за чаго на падыходах да арэны ўтварыліся велізарныя чэргі.

У той жа час некаторыя вузлавыя сектары ўвогуле засталіся безабароннымі. Туды і кінуліся людзі, якія квіткоў не мелі, але марылі любой праўдай-няпраўдай на стадыён патрапіць.

Да таго ж не спрацоўвалі сістэмы інтэрнэт-рэагавання на штрых-коды квіткоў, што таксама затрымала людзей ля ўваходаў ды прымусіла ісці на радыкальныя меры, каб патрапіць на матч.

У выніку гармідару велізарная колькасць законапаслухмяных заўзятараў пацярпела двойчы: іх мала таго, што на забраніраваныя месцы не пусцілі, дык яшчэ і слёзацечным газам разганялі. Пацярпелі ў тым ліку і сваякі футбалістаў-фіналістаў. Напрыклад, патрапіў пад «раздачу» брат Жаэля Маціпа з цяжарнай жонкай.

А так усё прыгожа пачыналася: фан-сектары ў розных раёнах французскай сталіцы, безліч візіцёраў з абодвух бакоў, спевы, што былі чутныя нават праз Ла-Манш… Падавалася, гэты вечар немагчыма сапсаваць.

Але ўжо за некалькі гадзін да стартавага свістка першыя знакі бяды праявілі свае абрысы.

Аўтобус «Ліверпуля», нягледзячы на паліцэйскае суправаджэнне, патрапіў у тыповы для Парыжа затор і стаў пасярод горада. Чвэрць гадзіны мясцовай ДПС спатрэбілася, каб вызваліць каманду ды пракласці ей шлях на арэну.

Ужо тады па «Стад дэ Франс» панеслася абвестка пра затрымку старту сустрэчы. Далей жа паўза зацягнулася яшчэ больш праз сутыкненні паліцыі з раззлаванымі ўладальнікамі квіткоў ля брамаў уваходу. У выніку замест анансаваных 22:00 сустрэча распачалася ў 22:36.

 

У першым тайме сцэнарый сустрэчы нагадваў урок у аўташколе, прысвечаны дарозе з аднабаковым рухам. Фота: Uefa.com

Але нават тыя, хто пасля ўсіх затрымак спазніўся да свістка Клемана Цюрпэна, маглі спакойна выдыхнуць, бо цягам першага тайма лік на табло не мяняўся. Як не мяняўся і сцэнарый сустрэчы, што больш нагадваў урок у аўташколе, прысвечаны дарозе з аднабаковым рухам.

«Ліверпуль» ціснуў, «Рэал» уратоўваў Цібо Куртуа — і так паўтаралася з зайздроснай перыядычнасцю. Калі б не зорны брамнік, лік сапраўды мог стаць для іспанцаў зусім непрыстойным, кшталту 5:0 ці 6:0.

Але Мадрыд нават пры дзесяці ўдарах, што дапусціў у бок уласнай рамкі, стойка трымаўся, як той юнак у куляшоўскім вершы.

Цібо Куртуа раз за разам выратоўваў «Рэал». Фота: Uefa.com

За стойкасць футбольныя багі ўзнагародзілі «Рэал» пасля перапынку. Першым жа ўдарам каманды ў чужы створ Вінісіус вывеў іспанцаў у лідары. Хтосьці мог гэтаму здзівіцца альбо наракаць на несправядлівасць лёсу. Але дасведчаныя ў гульні людзі толькі паківалі галовамі: каманда Карла Анчалоці ўвесь сезон так пераадольвала перашкоды ў Лізе чэмпіёнаў. Хай сабе нелагічна і не зусім заслужана адносна футбольных канонаў, тым не менш, максімальна эфектыўна. Пакуль апаненты марнавалі магчымасці, «Рэал» чакаў шанцу ўрваць сваё. І бразільскі форвард на 59-й хвіліне сарваў джэк-пот.

Гол Вінісіуса стаў вынікам першага ўдару «Рэала» ў чужы створ за ўвесь вечар. Фота: Uefa.com

Ну, а далей… Далей Куртуа напрацаваў на «Залаты мяч», «Оскар», «Грэмі» ды ордэн Ганаровага легіёна адначасова. Ён патроіў колькасць сваіх сэйваў у бягучай ЛЧ і давёў іх да лічбы «57» у 14 гульнях. Для параўнання, у брамніка «Ліверпуля» Алісана за аналагічную дыстанцыю такіх выратавальных момантаў набралася толькі 14. Быццам вавёрка ў коле, бельгіец круціўся, каб Мадрыд працягнуў сваю ўнікальную серыю: сем папярэдніх фіналаў ЛЧ запар «бланкас» пакідалі за сабой. Апошняе паражэнне датавалася 1981-м, калі крыўдзіцелем выступаў якраз «Ліверпуль». І вось каб аніякія флэшбэкі іспанцаў больш не турбавалі, Куртуа выдаваў матч усяго жыцця.

Куртуа напрацаваў на «Залаты мяч», «Оскар», «Грэмі» ды ордэн Ганаровага легіёна адначасова. Фота: Uefa.com

І дамогся-такі жаданага! Гол Вінісіуса застаўся ў сустрэчы адзіным, што не толькі зноў зрабіла «Рэал» найлепшым клубам Еўропы, але і ператварыла трэнера Анчалоці ў жывую легенду. Упершыню ў гісторыі адзін і той жа настаўнік чатыры разы ўзняў над галавой галоўны кантынентальны трафей. Раней тата Карла святкаваў поспех на чале «Мілана» і таго ж «Рэала».

Але сёлета трыумф выдаўся асаблівым: у першы ж год пасля вяртання на капітанскі масток «бланкас» спецыяліст перамог не толькі ў першынстве Іспаніі, але і на міжнароднай арэне.

Што да «Ліверпуля», то падначаленым Юргена Клопа відавочна не хапіла ашчаднасці ды свежасці — усё ж такі калектыў правёў максімальна магчымыя 63 матчы сезона. І калі ў фінале ЛЧ патрабавалася крышку дадаць у хуткасці, аператыўнасці прыняцця рашэнняў ды прагматычнасці, футбалістам бракавала ўнутранага рэсурсу.

Як вынік, рэваншу за паражэнне ў кіеўскім фінале 2018 года (тады англічане саступілі «Рэалу» 1:3) не атрымалася. І колькі б «чырвоныя» ні казалі, што па метрыцы «чаканых галоў» яны пераўзышлі апанента ўдвая — 2,14 супраць 0,88 — лічбы на табло аддавалі Мадрыду 14-ты тытул клубных чэмпіёнаў Еўропы.

Клас
23
Панылы сорам
Ха-ха
3
Ого
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру