Фота: AFP VIA GETTY IMAGES

Фота: AFP VIA GETTY IMAGES

У сваім аналізе стратаў Руская служба Бі-бі-сі і каманда валанцёраў абапіраюцца на паведамленні кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў і на публікацыі мясцовых СМІ — у кожным выпадку вядомыя як мінімум імя і прозвішча загінулага вайскоўца. На дадзены момант удалося пацвердзіць інфармацыю пра 3052 загінулых салдатах і афіцэрах.

Гэты падлік не можа быць дакладным, паколькі і СМІ, і рэгіянальныя ўлады называюць далёка не ўсіх загінулых, нават калі «груз 200» ужо быў дастаўлены ў рэгіён, а цела загінулага пахаванае.

Уяўленне аб тым, якая колькасць загінулых не патрапіла ў статыстыку, дае інфармацыя з рэгіянальных могілак. У некаторых гарадах пад пахаванне загінулых ва Украіне выдзеленыя цэлыя алеі.

Бі-бі-сі азнаёмілася з сітуацыяй на 11 могілках у Стаўрапалі, Казані, Краснадары, Екацярынбургу, Новасібірску, Балашысе, пад Ульянаўскам і ў Калінінградскай вобласці. На кожных могілках выяўленыя магілы вайскоўцаў, загінулых пасля 24 лютага 2022 года.

У публічнай прасторы называліся імёны не ўсіх пахаваных. Але зразумець, што перад намі магілы вайскоўцаў, няцяжка: узрост загінулых — ад 18 да 45 гадоў, на крыжы — фатаграфіі ў вайсковай форме, а на магіле ляжаць вянкі ад Міністэрства абароны.

На Архангельскіх могілках каля Ульянаўска пасля пачатку вайны ва Украіне з'явіліся 42 свежыя магілы вайскоўцаў. З іх імёны 21 загінулага не называліся публічна і не згадваліся нават у сацсетках. Толькі на падставе звестак адных могілак зразумела, што памылка ў разліках склала ў дадзеным выпадку 50%.

На могілках «Курган» у Казані раней невядомых імёнаў — 30%. На Міхайлаўскіх могілках каля Стаўрапаля — таксама амаль 30%. На ваеннай алеі Капанскіх могілак каля Краснадара — усе 100%.

У пачатку красавіка ў СМІ было апублікавана відэа жалобнага мерапрыемства, дзе было выстаўлена 55 партрэтаў загінулых дэсантнікаў 247-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка. З іх толькі 29 прозвішчаў згадваліся публічна.

У выніку журналістам «Медыязоны», якія таксама вядуць падлік расійскіх стратаў, атрымалася пры дапамозе дадатковых інструментаў пошуку інфармацыі вызначыць усе 55 прозвішчаў. Такім чынам, раней было невядома 52% імёнаў загінулых дэсантнікаў з гэтай паніхіды.

Такім чынам, мы можам выказаць здагадку, што спіс пацверджаных стратаў, які вядзе Бі-бі-сі, можа ўтрымліваць па меншай меры на 40—60% менш імёнаў загінулых, чым рэальна пахавана ў Расіі.

Па ацэнцы разведкі Вялікабрытаніі, да канца мая Расія страціла ва Украіне каля 15 тысяч чалавек. Паводле звестак Генштаба Украіны, колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў перасягнула 30 тысяч.

Фота Станіслава Красільнікава / ТАСС

Фота Станіслава Красільнікава / ТАСС

Па аб'яве

У апошні месяц СМІ і афіцыйныя асобы ўсё часцей згадваюць сярод загінулых «добраахвотнікаў», хоць раней пра іх наогул не пісалі. Рэальны статус гэтых людзей не заўсёды зразумелы.

Да канца мая Бі-бі-сі выявіла паведамленні аб гібелі прынамсі 81 чалавека, названага ў публікацыях «добраахвотнікам». Некаторыя з іх ваявалі ва Украіне ў складзе нейкіх казацкіх атрадаў, іншыя прайшлі тыднёвую падрыхтоўку ва ўніверсітэце спэцназу ў Чачні і, па ўсёй бачнасці, падпісалі кароткатэрміновы кантракт з Мінабароны. 30% загінулых добраахвотнікаў — людзі старэйшыя за 40 гадоў, дзесяць чалавек адправіліся ваяваць, будучы старэйшымі за 50 гадоў.

Магчыма, статус добраахвотніка дапамагаў абыходзіць абмежаванні па прыёме на вайсковую службу, якія дзейнічалі ў Расіі да канца мая. Для падпісання першага кантракту з Мінабароны трэба было быць маладзейшым за 40 гадоў. Цяпер гэтыя абмежаванні знятыя.

З пачатку сакавіка вакансіі вайскоўцаў па кантракце пачалі тысячамі з'яўляцца на папулярных сайтах пошуку працы накшталт HeadHunter. Адгукнуўшыся на аб'яву, можна было трапіць на вайну ва Украіну ўсяго праз пару тыдняў. Нягледзячы на гэта, расійскія ўлады і асабіста прэзідэнт Уладзімір Пуцін сцвярджалі, што ва Украіне ваююць толькі прафесійныя вайскоўцы і кантрактнікі.

Папаўненне ў войска набіраюць і больш традыцыйнымі спосабамі. Толькі на сайце Міністэрства абароны зараз размешчаныя 500 вакансій. Амаль у 30% выпадкаў пункты адбору на вайсковую службу размяшчаюцца ў гарадах Дагестана — Махачкале, Хасавюрце, Каспійску, Дзярбенце і Буйнакску.

Карта загінулых у Расіі па рэгіёнах. Чым цямнейшы колер — тым большыя страты

Карта загінулых у Расіі па рэгіёнах. Чым цямнейшы колер — тым большыя страты

У Дагестане ўжо вядома пра як мінімум 176 мясцовых жыхароў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Рэспубліка з'яўляецца лідарам па колькасці стратаў у гэтай вайне. Але згаданая лічба наўрад ці адлюстроўвае рэальны маштаб стратаў сярод ураджэнцаў Дагестана, паколькі ўлічвае толькі афіцыйныя паведамленні пра «груз 200» і публікацыі мясцовых СМІ з рэпартажамі з пахавання. Другое месца па колькасці стратаў па-ранейшаму займае Бурація — там аб'явілі пра пахаванні 136 вайскоўцаў.

На трэцім месцы — Валгаградская вобласць са 109 загінулымі. З сярэдзіны мая ў абласным цэнтры — ля пад'ездаў і ў грамадскім транспарце — з'явіліся ўлёткі з заклікам да валгаградцаў «узяць удзел у спецаперацыі». У афіцыйных дакументах гаворка ідзе толькі пра тых, хто раней праходзіў вайсковую службу. Абяцаны заробак — ад 300 тысяч рублёў. Сярэдні заробак у горадзе — прыкладна ў восем разоў ніжэйшы.

Для многіх рэгіёнаў Расіі, дзе адсутнічаюць сацыяльныя ліфты, служба ў арміі па кантракце з'яўляецца ледзь не адзінай магчымасцю зарабіць. На такую працу згаджаюцца людзі без рэальнага досведу ўдзелу ў ваенных дзеяннях.

Для параўнання: вядома толькі пра шэсць загінулых з Масквы, хоць жыхары сталіцы складаюць амаль 9% насельніцтва Расіі.

Генералы

Генерал Канамат Баташаў

Генерал Канамат Баташаў

На дадзены момант Бі-бі-сі ведае пра гібель трох генералаў на вайне з Украінай. Да нядаўняга часу расійскія рэгіёны пацвярджалі гібель дваіх, але 24 мая стала вядома пра гібель Канамата Баташава — генерал-маёра Ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы.

22 сакавіка Генштаб Узброеных сілаў Украіны заявіў, што ў небе над Данецкай вобласцю збілі расійскі штурмавік Су-25, пілот не паспеў катапультавацца. Былыя калегі пацвердзілі, што адстаўны генерал Баташаў выконваў заданні менавіта на Су-25.

Баташаў — самы высокапастаўлены лётчык з усіх вядомых загінулых вайскоўцаў. Як менавіта ён апынуўся ва Украіне, не ўдакладняецца, але ягоны ўдзел у паветраных баях можа казаць пра недахоп высокакласных спецыялістаў у шэрагах расійскай арміі на вайне.

Украінскія ўлады раней паведамлялі пра гібель яшчэ сямі расійскіх генералаў, але як мінімум два з іх — Магамед Тушаеў і Андрэй Мардвічоў — аказаліся жывымі, яны перыядычна з'яўляюцца на відэазапісах і працягваюць удзельнічаць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

«Аграмадныя страты афіцэраў»

З 3052 расійскіх вайскоўцаў, якія дакладна загінулі ва Украіне, 152 — гэта так званыя старэйшыя афіцэры (генералы, палкоўнікі, падпалкоўнікі, маёры). Яшчэ 405 — малодшыя афіцэры арміі. Сумарна больш за 18% вядомых загінулых — гэта афіцэры.

Раней расійская служба Бі-бі-сі ўдакладняла, што такі высокі адсотак можа быць звязаны з тым, што целы загінулых афіцэраў дастаўляюць дадому ў прыярытэтным парадку. Але яшчэ адна прычына — уладкаванне камандавання ў расійскім войску.

Большасць функцый па кіраўніцтву боем бяруць на сябе менавіта афіцэры. У той час як у войсках краін НАТА многія задачы ўпаўнаважаныя вырашаць сяржанты, капралы і іншыя малодшыя чыны. 30 мая гэта пацвердзіла і брытанская разведка.

Паводле звестак брытанскага Мінабароны, Расія і сапраўды нясе вялізныя страты сярод афіцэраў малодшага і старэйшага звяна.

«Малодшым афіцэрам даводзілася кіраваць тактычнымі дзеяннямі самага нізкага ўзроўню, бо ў расійскай арміі не хапае высокакваліфікаваных і надзеленых паўнамоцтвамі сяржантаў, якія выконваюць гэтую ролю ў заходніх арміях», — лічыць разведка.

Гэтыя страты дадаюць праблем да ўжо існуючых у расійскай арміі, і нават батальённыя тактычныя групы, якія расійскія вайскоўцы ствараюць ва Украіне з пакінутых падраздзяленняў, будуць менш эфектыўныя з-за недахопу камандзіраў.

У канцы мая Мінабароны Вялікабрытаніі сцвярджала таксама, што колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў за першыя тры месяцы вайны ва Украіне з вялікай доляй імавернасці аналагічная колькасці стратаў СССР у афганскай вайне. Па афіцыйных звестках, у той вайне загінула каля 15 тысяч савецкіх салдат.

«Спалучэнне дрэннай тактыкі, абмежаванага паветранага прыкрыцця, недастатковай гнуткасці і гатоўнасці камандавання да ліквідацыі няўдач і паўтаральных памылак прывяло да высокага ўзроўню стратаў, які працягвае расці падчас наступлення ў Данбасе», — мяркуюць у Вялікабрытаніі.

Загінулых мотастралкоў ужо больш, чым дэсантнікаў

Каля 20% усіх устаноўленых загінулых служылі ў мотастралковых войсках. Да пачатку чэрвеня па абсалютных лічбах стратаў мотастралкі абагналі ПДВ (хоць на долю дэсантнікаў усё яшчэ прыпадае 19% пацверджаных загінулых). Эксперты адзначаюць, што гэта можа быць звязана з характарам баявых дзеянняў, якія цяпер вядуць расійскія вайскоўцы.

У першыя тыдні вайны Масква правяла некалькі буйных дэсантных аперацый. Цяпер жа расіяне вядуць зацяжныя баі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. У такіх бітвах істотная нагрузка звычайна кладзецца менавіта на пяхоту, а не толькі на штурмавыя групы.

Але такі высокі ўзровень стратаў сярод дэсантнікаў і мотастралкоў таксама можа быць звязаны з праблемамі ў забеспячэнні салдат аптэчкамі з сучаснымі сродкамі першай дапамогі і дрэнна наладжанай сістэмай эвакуацыі параненых з лініі фронту.

Працягваюць паступаць звесткі пра гібель вайсковых пілотаў. Да пачатку чэрвеня вядома пра пахаванні 37 вайсковых лётчыкаў (уключаючы штурманаў і бортмеханікаў самалётаў і верталётаў). Гэта штучныя спецыялісты і эліта любой арміі. Падрыхтоўка аднаго лётчыка можа займаць да 10 гадоў і каштуе ад 3 да 7 млн даляраў.

У спісе стратаў, якія нам удалося пацвердзіць, — 119 супрацоўнікаў Расгвардыі, уключаючы байцоў элітных атрадаў «Віцязь», «Росіч» і «Тайфун». Сярод загінулых ёсць прынамсі 53 байцы спецназа ГРУ і падпалкоўнік спецназа ФСБ «Альфа». Усе гэтыя падраздзялення лічацца аднымі з наймацнейшых у Расіі.

Як мы лічым

У Расіі кожны дзень публікуюцца ўсё новыя імёны загінулых і фотаздымкі з пахаванняў. Часцей за ўсё прозвішчы называюць кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў або прадстаўнікі раённых адміністрацый, мясцовыя СМІ і навучальныя ўстановы, дзе раней вучыліся загінулыя, а таксама сваякі.

Бі-бі-сі і каманда валанцёраў вывучаюць гэтыя звесткі і ўносяць іх у спіс, які мы вядзем з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Мы не ўлічваем паведамленні СМІ пра дзясяткі, а часам і сотні загінулых, калі ў іх няма канкрэтнай інфармацыі пра імёны і прозвішчы. Мы таксама не ўлічваем паведамленні пра гібель наймітаў з так званай ПВК Вагнера.

Зразумела і тое, што пра некаторыя страты не паведамляецца публічна, таму наш спіс відавочна няпоўны, а рэальныя страты расійскага войска і Расгвардыі ва Украіне вышэйшыя. Тым не менш, аб'ём сабраных звестак дапамагае нам выяўляць асноўныя тэндэнцыі і аналізаваць, што адбываецца з расійскай арміяй, якая ваюе ва Украіне.

Чытайце таксама:

«Плеяда у*банов», «Путин — с*ка», «Шойгу — профан». Расійскія палкоўнікі абмяркоўваюць кіраўніцтва сваёй арміі

Украінцы знішчылі цэлую БТГ расіян пры спробе пераправіцца цераз Данец. Вось як гэта было

Юныя, бедныя, мёртвыя. Журналісты склалі партрэты забітых расійскіх вайскоўцаў

«Буратам здаецца, што ўдзел у вайне ўзвышае іх да рускіх». Чаму расійскія нацменшасці так ахвотна едуць ваяваць ва Украіну

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0