Прэзідэнт і CEO EPAM Аркадзь Добкін падчас штоквартальнага сазвону з інвестарамі падзяліўся некаторымі дэталямі рэлакейту супрацоўнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі. Сазвон адбыўся 5 мая.

— Да кавіду штат ва Украіне, Беларусі і Расіі набліжаўся да 70% ад нашых агульных вытворчых магутнасцяў (production capacity). Да канца 2021 года гэтая доля была меншай за 60%. Мы спадзяваемся, што да канца 2022 года нам удасца скараціць наш вытворчы штат у рэгіёне прыкладна да 30%, — сказаў Добкін.

Адказваючы на пытанне аднаго з удзельнікаў размовы, кіраўнік EPAM яшчэ раз падкрэсліў:

— Мы спадзяваемся, што да канца года Беларусь і Украіна будуць складаць не больш за 30% ад нашых магутнасцяў.

Што гэта значыць?

EPAM публікуе лічбы аб памеры свайго штату ў розных лакацыях у штогадовых справаздачах. Так, у канцы 2021 года ў офісах EPAM па ўсім свеце працавала 58,8 тысячы чалавек. З іх 52 617 складалі вытворчыя спецыялісты, пра якіх кажа Добкін.

Пад вытворчым штатам маюцца на ўвазе супрацоўнікі кампаніі, якія працуюць на ІТ-праектах. Гэта не толькі інжынеры, але і бізнэс-аналітыкі, менеджары, дызайнеры і іншыя спецыялісты.

Па словах кіраўніка EPAM, ва Украіне і Беларусі да канца 2022 года застануцца каля 30% вытворчых спецыялістаў — гэта значыць, прыкладна 15,8 тысячы чалавек.

На канец мінулага года ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 9416 вытворчых спецыялістаў (каманда ўпершыню ў гісторыі офіса скарацілася), ва Украіне — 12389. Усяго — 21806 чалавек, і 30738 з улікам расійскага офіса — каля 60% ад агульных вытворчых магутнасцяў.

Такім чынам, EPAM плануе скараціць вытворчы штат у рэгіёне (Беларусь, Украіна і Расія) амаль на 15 тысяч чалавек.

Таксама гэта значыць, што з Беларусі і Украіны будуць рэлакаваныя да канца года не менш за 6 тысяч супрацоўнікаў EPAM (а з улікам магчымага пераезду ў Беларусь некаторай колькасці былых супрацоўнікаў расійскага офіса кампаніі — нават больш).

Таксама варта памятаць, што найм у Беларусі замарожаны.

Але ў красавіку стала вядома, што EPAM зноў наймае супрацоўнікаў ва Украіне. Тады ж у кампаніі распавялі, што тэрыторыю Украіны пакінулі «некалькі тысяч» супрацоўнікаў EPAM, але не ўдакладнілі, у якіх офісах яны сёння працаўладкаваныя. Да вайны Украіна была найбуйнейшай лакацыяй спецыялістаў EPAM.

У якія краіны рэлакуе EPAM?

— Калі я пачну пералічваць усе краіны, у якіх знаходзяцца нашы людзі проста цяпер, гэта зойме ўвесь час да канца нашай размовы, — кажа Добкін. — Ёсць некалькі спецыфічных рэгіёнаў. Адна з ключавых лакацый — вядома, Польшча. Але не толькі яна. Гэта краіны ў Цэнтральнай Азіі, краіны тыпу Турцыі і Сербіі. < … > У нейкіх сітуацыях нам даводзілася перавозіць людзей вельмі хутка. Фінальным пунктам прызначэння можа быць ЗША ці Канада — гэта залежыць ад людзей, ад іх працоўных навыкаў.

Клас
49
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
19
Абуральна
0