Сяброўцы прэзідыума БСДП Людміле Волкавай далі два гады калоніі
Сёння суд Ленінскага раёна Мінска агучыў прысуд палітзняволенай сяброўцы прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП) Людміле Волкавай. Суддзя Юлія Шут прызнала яе вінаватай па ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у дзесяці паслявыбарчых акцыях пратэсту і прызначыла два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запытваў дзяржабвінаваўца. Акрамя таго, суддзя задаволіў іск Мінсктранса на 152 тысячы рублёў за блакіроўку руху грамадскага транспарту.
Людмілу затрымалі 19 студзеня — чатыры месяцы яна ўтрымліваецца пад вартай. За ёй прыйшлі наўпрост на працу і павезлі дадому на ператрус. Сілавікі забралі ў яе тэлефон і выдалілі ўсіх падпісчыкаў у афіцыйным тэлеграм-канале партыі (яна была яго адміністратарам), а сімволіку БСДП у ім замянілі на дзяржаўны герб.
Падчас следства было выяўлена дзесяць эпізодаў яе ўдзелу ў паслявыбарчых пратэстах 2020 года, за якія яе асудзілі. У БСДП лічаць, што трыгерам для затрымання стала скарга Людмілы ў пракуратуру з просьбай вярнуць канфіскаваную падчас ператрусу тэхніку.
У Людмілы ёсць 6-гадовы сын Васіль. Яго яна выхоўвае адна.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ