Віталь Ягораў. Фота: zelenyikot.com

Віталь Ягораў. Фота: zelenyikot.com

Віталь Ягораў кажа, што вырашальным момантам стала вайна. Ён прызнае, што на самай справе яна пачалася яшчэ ў 2014 годзе, і адказвае на пытанне, дзе ўсе былі восем гадоў?

«Мы восем гадоў рабілі выгляд, што гэтага няма. Маўчалі, таму што гэта магло мець наступствы для нашай кар'еры, бяспекі. Пасля 24 лютага 2022 года гэта стала бессэнсоўна. Пачалася поўнамаштабная вайна. З франтамі. Украінскі фронт — гэтага 70 гадоў не было».

Усе гэтыя восем гадоў расло разуменне, што трэба з'язджаць.

«Пачалося ў 2014 годзе, калі расійская касманаўтыка апынулася пад санкцыямі Амерыкі і Еўропы, а гэта вялікая частка сусветнай касманаўтыкі», — кажа блогер.

Кампанія, у якой ён працаваў, шмат у чым з-за санкцый і закрылася, таму што яе бізнэс-план будаваўся на ўзаемадзеянні амерыканскага і расійскага падраздзяленняў.

Але «званочкі сталі звінець ўсё часцей».

Адразу пасля ўзяцця Крыма ў Расіі ўвялі рэгістрацыю блогераў як СМІ.

«Я забіў на гэта, проста праігнараваў».

Закон аб СМІ ён ведаў і выконваў, і як бы яго гэта не тычылася. 

«Але ў апошнія гады стала прыціскаць усё мацней. Я бачыў, што з Навальным адбывалася. Я разумеў, што я — не Навальны, але калі такое дазваляюць з апазіцыянерамі, то чаму б такое не дазволіць з блогерамі», ‒ кажа ён.

Потым быў 2020 год, калі з розніцай у 1—2 месяцы два чалавекі з яго тэлефоннай кнігі апынуліся ў Лефортаве. Гэта журналіст Іван Сафронаў і Андрэй Пыж (вядучы ютуб-канала Urbanturizm, на які падпісана больш за 800 тысяч чалавек. На канале ў асноўным выходзілі ролікі аб пранікненнях на закінутыя аб'екты).

Ягораў кажа, што яго калег па папулярызацыі навукі (Сафронаў займаўся космасам, а Пыж — атамнай энергетыкай) затрымалі «за нейкую бздуру».

«Прычым настолькі за бздуру, што яе нават не агучваюць, тыпу сакрэтна. Няхай Іван, ён шмат пісаў пра «ваенку», з боку вайскоўцаў да яго было шмат прэтэнзій, там ён мог нажыць сабе ворагаў. Але Андруха та чаго? Лазіў сабе па сваіх занядбаннях. Але аказалася ‒ тут у нас зноў узнікае прывід Украіны ‒ ён атрымаў доступ да сакрэтнай інфармацыі і звазіў яе ва Украіну. Ён не прадаў інфармацыю, не перадаў, не выкраў і не адвёз ворагам Расіі, ён проста пакатаў ноўтбук».

Афіцыйна невядома, што было на ноўтбуку. Але неафіцыйна, кажа Ягораў, там былі фатаграфіі з Метро-2 (неафіцыйная назва засакрэчаных маскоўскіх падземных збудаванняў мабілізацыйнага прызначэння).

«То-бок з таго месца, адкуль можна пракрасціся да «бункернага дзеда», або праз што яго будуць эвакуяваць, калі зверху стане занадта горача. І ў Андрухі былі нейкія фоткі. З імі ён з'ездзіў ва Украіну, прыехаў назад, і яго тут жа звінцілі. 2,5 года адсядзеў у Лефортава і яшчэ некалькі гадоў адсядзіць ў калоніі», ‒ кажа Zelenyikot.

Але найбольшае ўражанне на яго зрабілі падзеі і затрыманні ў Беларусі.

«Два месяцы ці тры праходзіць, у Беларусі пачынаюцца пратэсты, і садзяць іншага майго блізкага знаёмага, папулярызатара навукі Дзмітрыя Грышчанку, які вёў Укантакце некалькі гадоў групу «Фізіка немагчымага», распавядаў пра фізічныя адкрыцці, ён геафізік па прафесіі. Мы з ім вельмі шмат размаўлялі ў інтэрнэце і асабіста, калі я прыязджаў у Мінск, Гомель. Ён дапамагаў у арганізацыі лекцый пра космас, і ў цэлым чалавек вельмі цікавіцца навукай і сумленны. І вось за сваю сумленнасць, за тое, што выказаў тое, што грамадзянін сваёй краіны павінен быў сказаць, яго пасадзілі.

І вось яго прыклад мне паказаў, што калі становіцца душна, нефіг думаць, трэба валіць, таму што ён ужо думаў, каб выехаць».

Ягораў падкрэслівае, што ўвесь гэты час быў па-за палітыкай. Але гэта не стала выратаваннем.

У 2021 годзе ў Расіі ўвялі адразу некалькі палажэнняў, якія пагаршаюць папулярызацыю навукі і тэхналогій і ўшчамляюць міжнародныя кантакты.

Папраўкамі аб асветніцкай дзейнасці «ўвялі кучу абмежаванняў, нейкія ўзгадненні лекцый, ледзь не ўчастковаму прэзентацыю сваёй лекцыі паказваць».

Фота: zelenyikot.com

Фота: zelenyikot.com

«Тое, што амерыканцы на Месяцы былі, — гэта ж практычна антыдзяржаўная дзейнасць у Расіі цяпер», — кажа блогер.

«Паўгода праходзіць, выходзіць загад ФСБ аб касманаўтыцы і вайсковай тэхніцы. Пра касманаўтыку шмат чаго стала нельга казаць. Пра ракеты, касмадромы, пускавыя прылады распавядаць нельга».

Напрыклад, у загадзе прапісана, што нельга перадаваць даныя прадстаўнікам замежных дзяржаў. «Выкажам здагадку, я чытаю лекцыю пра касмадром «Усходні» ў павільёне «Космас», распавядаю дзецям, які гэта выдатны касмадром.

А сярод дзяцей сядзіць, напрыклад, дзіця з беларускай сям'і ці ўкраінскай, або любой іншай, і атрымліваецца, што я па фармальнай прыкмеце перадаў інфармацыю пра расійскія пускавыя сістэмы прадстаўнікам замежнай дзяржавы. Артыкул гатовы. Можна афармляць».

Акрамя гэтага, ёсць закон аб інаагентах, «які ўвесь час ўскладняюць».

«Па сутнасці, любога блогера, у якога ёсць Ютуб, можна афармляць інаагентам, таму што на Ютубе ёсць рэклама. Рэклама ідзе ад «Гугла». Гугл дзе? У Амерыцы. Усё, агент».

«Я разумеў, што кола звужаецца. Хлопцаў садзяць, дрэнныя законы ўводзяць, перашкаджаюць гаварыць нават пра тое, пра што раней не забаранялася гаварыць».

«І калі пачалася вайна, я зразумеў, што ніяк нельга захаваць ранейшы лад жыцця. Я не магу сядзець і пра зорачкі і марсаходзікі распавядаць, калі прадстаўнікі маёй краіны забіваюць людзей, захопліваюць чужыя тэрыторыі, вядуць агрэсіўную вайну. Я зразумеў, што край прыйшоў, і трэба валіць».

Ягораў кажа, што яго просяць і далей абыходзіцца «без палітыкі».

«Мне пішуць, давайце без палітыкі, гэта пра космас. Дык, блін, Зямля — гэта таксама Космас. І тое, што дзеецца, напрамую ўплывае на касманаўтыку. У Расіі адменена куча праграм, МКС на мяжы падзення з-за таго, што Расія чыніць усякую дзічыну. І што, я павінен ігнараваць усё тое, што адбываецца? Не, я не буду. Проста пра космас мы пагаворым, калі наступіць мір», — кажа блогер.

Клас
106
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0