Яўген Буйніцкі быў затрыманы 5 жніўня мінулага года. Праз месяц Следчы камітэт заявіў, што ведамства расследуе крымінальную справу аб незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь

«Па наяўных у следства даных, шэраг асоб, аб'яднаўшыся ва ўстойлівую групу, на працягу як мінімум апошніх васьмі месяцаў ажыццяўлялі незаконную перапраўку беларускіх грамадзян на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

Устаноўлена, што адным з арганізатараў і кіраўнікоў злачыннай групы з'яўляецца грамадзянка Рэспублікі Беларусь Наталля Калегава, якая пастаянна пражывае ў Літве, — кіраўніца арганізацыі «Дапамога». Устаноўленыя і затрыманыя асобы, якія ажыццяўляюць злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку непасрэдную дастаўку людзей да лініі дзяржаўнай мяжы».

На дзяржаўным тэлебачанні выйшаў відэасюжэт «Скрыня Пандоры»: бізнэс на мігрантах. Як улады Літвы выкарыстоўваюць уцекачоў у сваіх палітычных мэтах», дзе распавядаецца пра гэтую справу. Нягледзячы на тое, што СК сцвярджаў, што затрыманыя некалькі чалавек, якія дзейнічалі на беларускім баку, у фільме паказалі адзінага затрыманага па справе — Яўгена Буйніцкага. Яго называюць «кур'ерам, які прывозіў людзей да мяжы — у памежную зону». У фільме сцвярджаецца, што ён «атрымліваў плату» за гэта, у чым прызнаўся следчаму: «Мне заплацілі… Заправілі машыну».

У відэасюжэце Яўген распавядае:

«Я перавозіў у агульнай колькасці пяць чалавек, якія пакінулі маю машыну каля пасёлка Першамайск з намерам пакінуць Рэспубліку Беларусь шляхам незаконнага перасячэння мяжы. Пра тое, што яны плануюць перасекчы літоўскую мяжу, адкрыта гэта, можа быць, і не было сказана, але гэта ўсведамлялася, то бок я гэта ўсведамляю». 

Судзілі Яўгена аднаго, але падрабязнасці з суда невядомыя. 

Яўген скончыў гістарычны факультэт БДУ. Ён піша вершы і спрабуе маляваць. У ліставанні палітвязень беларускамоўны. За кратамі Яўген адзначыў сваё 30-годдзе. Ён хутка будзе этапаваны з ІЧУ Шчучына ў гродзенскую турму, дзе будзе чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, а таксама грашовымі пераводамі і пасылкамі:

Яўген Уладзіміравіч Буйніцкі,

турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
15