Святлана Ціханоўская 31 мая і 1 чэрвеня ўзяла ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі, адной з самых буйных палітычных арганізацый у ЕС, паведамляе яе прэс-служба.

Чарговы кангрэс праходзіць у Ратэрдаме. 31 мая там прайшоў круглы стол, прысвечаны Беларусі. На кангрэсе прысутнічаюць кіраўнікі ўрадаў і дзяржаў ЕС, якія належаць да гэтай партыі.

Святлана Ціханоўская заклікала Еўрасаюз «раздзяляць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, адзначыла дыскрымінацыю, якую зазнаюць беларусы (і студэнты ў прыватнасці) за сваю нацыянальнасць.

«Замест гэтага лепш увесці бязвізавы рэжым для беларусаў, — прапанавала Ціханоўская, — а памагатых рэжыму трымаць пад санкцыямі».

Ціханоўская таксама заклікала ўмацаваць супрацоўніцтва паміж ЕС і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама паскорыць распрацоўку і прыняцце «плана Маршала» для Беларусі, які дапамог бы ў правядзенні хуткіх рэформаў пасля сыходу Лукашэнкі. «Для беларусаў гэта было б моцным знакам таго, што іх барацьба не дарэмная», — сказала Ціханоўская.

Удзел у Кангрэсе прымалі прэзідэнт Румыніі Клаўс Яганіс, канцлер Аўстрыі Карл Негамер, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядыс, прэм’ер Харватыі Андрэй Пленкавіч, усяго — каля 50 лідараў урадаў і найбуйнейшых еўрапейскіх партый.

Еўрапейская народная партыя (фактычна гэта кааліцыя партый правацэнтрысцкага спектру) цягам двух апошніх дзесяцігоддзяў мае ў Еўрапарламенце найбольшую фракцыю.

Клас
63
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0