Вольга Рытус

Вольга Рытус

«У апошні момант адмовілася з'язджаць з краіны»

Сваю дачку маці 43-гадовай Вольгі Рытус — Таццяна Усеваладаўна — не бачыла з 12 красавіка. Жанчына хоць і прызнаецца, што плаксівая, але трымаецца, гэтак жа, як і ўся яе сям'я.

«Да Олі прыходзілі і да затрымання. Усё праз тое, што на выбарах-2020 яна была назіральніцай, — распавядае Таццяна. — Гэта здарылася ў снежні 2021-га. Зранку ў кватэру, у якой яна жыве з малодшым 12-гадовым сынам Платонам, уварваліся людзі ў масках, з аўтаматамі, як быццам яна злосная злачынца. Гэта быў ператрус».

Як адзначаюць родныя, Вольга разумела, што падобнае з ёй магло здарыцца. Раптоўныя «ператрусы» ў кватэрах беларусаў за апошнія два гады, на жаль, перасталі быць рэдкасцю. Вольга трымалася, але вельмі баялася за сына. Прасіла: «Толькі не палохайце дзіця».

«Найперш забралі яе тэлефон. Прымусілі яго разблакаваць, зайшлі з яе акаўнта ў групы, у якіх яна была, і пачалі ад яе імя пісаць усялякія гадасці. Ніхто не мог зразумець, што здарылася з Оляй і чаму яна піша такую лухту. А гэта была не яна, —распавядае Таццяна Усеваладаўна. — Тады дачку не пасадзілі. Мабыць, не знайшлі на яе нічога крымінальнага. Тым не менш Воля разумела, што яна ў небяспецы і што пад яе капаюць. Яна нават зрабіла гуманітарную візу ў Польшчу. Там, у Кракаве, на юрыста-міжнародніка вучыцца яе старэйшы сын. Але ў самы апошні момант з'яжджаць з краіны яна адмовілася. Так, ёй было куды і да каго паехаць.

Было нават дзе жыць, але яна ўвесь час казала: «Гэта мая краіна. Чаму я павінна адсюль з'язджаць?» Да таго ж у Беларусі ў школе вучыцца малодшы сын. Яна хацела, каб ён яе скончыў.

Тут у яе быў свой маленькі бізнэс — невялікі хостэл. У дадатак да ўсяго яна разам з бацькам працавала ў сямейным бізнэсе, звязаным з геалогіяй. Паводле адукацыі Воля геолаг — гэтак жа, як і яе бацька».

«Па абрыўках крыкаў з тэлефона зразумелі, што нашу дачку затрымліваюць»

Мінуў нейкі час. Жанчыне здавалася, што ўсё трохі ўлеглася і ад яе адсталі.

12 красавіка Вольга як заўсёды паехала на працу. Офіс фірмы знаходзіцца на Кальварыйскай. Ніякага благога прадчування ў яе не было. Перад працай яна нават паспела сустрэцца з сяброўкай на Камароўцы. Але, як аказалася, каля працоўнага офіса яе ўжо чакалі людзі ў балаклавах і з аўтаматамі.

«Мы б і не дазналіся, што адбылося. Але, мабыць, разумеючы, што яе затрымліваюць, Воля ўмудрылася націснуць на тэлефоне кнопку выкліку і патэлефанаваць мне, — згадвае тыя падзеі маці Вольгі Рытус. — У слухаўцы былі нейкія дзіўныя гукі. На яе хтосьці моцна крычаў… Па абрыўках фраз мы зразумелі, што проста цяпер нашу дачку затрымліваюць. А потым сувязь абарвалася».

Жанчыну затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 342 КК «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Дакладней — за ўдзел у паслявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Пасля яе затрымання сваякі доўга не маглі высветліць, куды Вольгу павезлі і што з ёй збіраюцца рабіць далей.

«Я патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра знікненне чалавека, — кажа Таццяна Усеваладаўна. — Мяне запрасілі ў Першамайскі РАУС, дзве гадзіны штосьці высвятлялі, а потым сказалі: «Вашу дачку затрымаў ГУБАЗіК».

«Зламаць яе ў ГУБАЗіКа не атрымалася»

Як кажуць родныя Вольгі, у якасці доказу яе віны сілавікі маюць толькі некалькі фатаграфій з мірных акцый пратэсту і пару відэа з TikTok.

Вольга не хавала сваіх поглядаў, пішучы ў сацыяльных сетках. У Facebook і ў TikTok яна рабіла перапосты матэрыялаў і запісвала відэа, у якіх выказвала сваю пазіцыю супраць дыктатуры і вайны ва Украіне.

З Вольгай паспрабавалі запісаць «пакаяннае» відэа. Але выціснуць з яе «прызнанне» ў сілавікоў відавочна не атрымалася. У ролік, які змантавалі на фоне дзвярэй, уставілі «нарэзкі» з допыту Вольгі. На ім жанчына кажа толькі пра тое, што ейная зарплата складае 500 рублёў і што яна мае BMW 2013 года выпуску. І больш нічога.

«Праглядаючы гэтае відэа, я не магла зразумець, чаму ў Волі мокрыя валасы. Ужо пазней жанчына, якая сядзела з ёй на Акрэсціна і якая ўжо выйшла адтуль, звязалася з намі і расказала, што з Волі ў літаральным сэнсе выбівалі паказанні. Калі яна адмаўлялася сведчыць супраць сябе, яе аблівалі вадой і білі. Але агаворваць сябе яна ўсё адно не стала, — распавядае Таццяна Усеваладаўна. — Воля моцная, гэта ў яе характары. Яна заўжды выступала за справядлівасць, не адседжвалася ўбаку. Вельмі сумленная. Шмат дзе пабывала, шмат што ведае. Неяк яна вырашыла паехаць у Амерыку, паглядзець, што там ды як — паехала. Потым захацела да сяброўкі ў Афрыку — і таксама паехала. Яна любіла спазнаваць гэты свет, падарожнічаць «дзікуном», стасавацца з цікавымі і разумнымі людзьмі. Зламаць яе ў ГУБАЗіКа не атрымалася».

Такой змучанай, з мокрымі валасамі Вольга выглядала на змантаваным «пакаянным» відэа

Такой змучанай, з мокрымі валасамі Вольга выглядала на змантаваным «пакаянным» відэа

«Не адчыніце дзверы — выламім»

На наступны дзень пасля затрымання маці Вольгі патэлефанавалі і сказалі, што яна павінна прыйсці ў кватэру сваёй дачкі і адамкнуць яе.

«Яны вырашылі правесці так званы «агляд», — распавядае Таццяна Усеваладаўна. — Кажуць мне ў слухаўку: «Значыцца так, вы жывяце ў Калодзішчах. Даём вам 10 хвілін, каб вы даехалі да кватэры і адчынілі дзверы». Я пажылы чалавек, муж мае інваліднасць. Даляцець за 10 хвілінаў да Сцяпянкі, дзе жыве Воля з сынам, нерэальна нават пры вялікім жаданні.

Я сказала ім, што не паспею, а яны так па-хамску: «Даедзеце».

У мяне ж і ключоў ад яе кватэры не было, але яны і слухаць не сталі: «Зараз дзверы выламім!».

У выніку ключы ад Волінай кватэры прывезла яе сястра, адамкнулі.

«Іх было трое. Двое — зусім маладыя. На тварах у іх былі медыцынскія маскі. І яны відавочна баяліся не кавіду. Напэўна, не хацелі, каб іх пазналі дзе-небудзь на вуліцы. Трэці быў трошкі старэйшы. Ён нават сам сказаў, што аднагодак маёй Волі, — згадвае маці палітзняволенай. — Яны адразу пачалі пытацца: «Што гэта вы ўчора з дома выносілі?». Справа ў тым, што пасля затрымання Волі мая малодшая дачка прыязджала ў кватэру. Яна разумела, што могуць прыйсці з ператрусам, таму забрала з кватэры залатыя ўпрыгожванні, яшчэ нейкія каштоўныя рэчы, выкінула смецце. Дык яны, мабыць, сачылі за пад'ездам, або ўзялі відэа з камеры відэаназірання, якая ёсць у пад'ездзе. Думаю, што Волю яны і праслухоўвалі незадоўга да затрымання. Ведалі нават тое, што нядаўна з сяброўкай яна ездзіла ў Маскву».

«Дзівіць іх упэўненасць у беспакаранасці і абсалютна хамская манера зносінаў»

Падчас «агляду» кватэры сілавікі ўвесь час ціснулі на Таццяну Усеваладаўну.

«Пачалі казаць гадасці пра майго старэйшага ўнука, які цяпер у Кракаве. У мяне нават язык не паварочваецца паўтарыць тое, што вылятала з іх ратоў. Кажу ім: «Майце сумленне, вы ж размаўляеце са старэйшым чалавекам. Я ўзросту для каго як ваша маці, для каго як бабуля. Але нават калі б не была сталай, гэта не змяняе сітуацыі. Кожны чалавек мае права на паважлівае стаўленне да яго». А ім усё адно. Ведаеце, яны казалі так, як Азаронак у сваіх перадачах. Гэта невыносна слухаць. А тут такіх было трое…

Яны ўвесь час паўтаралі, што мой унук наркаман, пі***ас, і што хутка яны дабяруцца і да яго. Я была ў шоку. Пасля гэтага я нават патэлефанавала ўнуку. Ён так засмуціўся, што быў гатовы прыехаць, каб падтрымаць мяне, усю сям'ю і даказаць нам, што ўсё, што яны кажуць, — дзікае трызненне. Ніякіх наркотыкаў, зразумела, ён там не ўжывае. Там, ва ўніверсітэце, для яго арганізавалі падтрымку, дапамагаюць яму ўвесь гэты кашмар адолець.

Для мяне застаецца загадкай: што трэба было зрабіць з людзьмі, каб яны зрабіліся такімі? Я маю на ўвазе супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Бо гэта ж нейкі іншы ўзровень свядомасці. Але больш за ўсё дзівіць іх упэўненасць у беспакаранасці і абсалютна хамская манера зносін».

«Хочаце, пакажам відэа, як ваша дачка брыкалася?»

Са слоў маці Вольгі, кватэру яе дачкі яны абшуквалі грэбліва.

«Але, варта аддаць належнае, асабліва нічога не раскідалі. Дзверы, як абяцалі, не выламалі, — дадала жанчына. — Адзін у мяне запытаў:

«А вы глядзіце тэлевізар?»

«Не, не гляджу», — адказваю.

«А пакажыце-ка свой тэлефон».

«З якой ласкі?»

«Наогул, мы вас адразу можам арыштаваць. А калі пакажаце — не арыштуем».

Ніякі тэлефон я ім, зразумела, не дала. Але яны не супакойваліся:

«А за каго вы галасавалі?»

«З чаго я вам павінна казаць? У нас наогул свабода волевыяўлення».

«Пакажыце здымак вашага бюлетэня».

«Гэта ўжо наогул ні ў якія вароты не лезе».

Яны, мабыць, вырашылі ўзяць мяне на понт:

«Ой, ну канечне, значыць, за Ціханоўскую. Ну яна ж тупая хатняя гаспадыня, двух слоў звязаць не можа».

«Я вось таксама хатняя гаспадыня, ніхто не скардзіўся».

«У вас жа інтэлект ёсць, а ў яе няма».

«Дзякуй, вы нават умудрыліся разгледзець ува мне інтэлект», — ледзь стрымалася, каб адказаць штосьці разумнае.

Не люблю абражаць людзей, але гэта былі максімальна абмежаваныя людзі. Прывязаліся нават да маіх красовак:

«О, а адкуль гэта ў вас красоўкі фірмовыя з пеўнічкам?». Я сказала ім, што не маю ўяўлення, што гэта за брэнд (гаворка ідзе пра французскі брэнд Le Coq Sportif, — заўв. рэд.) А яны з кпінамі: «Дык гэта вы, значыцца, у сэкандзе атаварваецеся!». Я не стала ўжо ім казаць, што гэтыя красоўкі я купіла ў Еўропе. У нейкі момант малодшая дачка не вытрывала і сказала ім: «А ў вас, я гляджу, дарагія тэлефоны — iPhone13». Да іх не дайшло, што гэта яна ім не зайздросціць, а зрабіла цынічную заўвагу ў адказ. А яны з гонарам: «Пасля кавіду заплацілі бальнічныя — купілі, можам сабе дазволіць». Лепш бы яны сабе кніжку якую купілі ды пачыталі, далібог.

Адзін з іх падчас «агляду» — той, які Волін аднагодак — мабыць, вырашыўшы працягнуць з мяне здзекавацца, сказаў: «Хочаце пакажу, як ваша дачка брыкалася?». То бок дадому да яе, каб правесці «агляд», прыйшоў той жа чалавек, які яе затрымліваў і выбіваў паказанні. Я адмовілася на гэта глядзець. Ужо тады зразумела, што Воля супраціўлялася. А яны з яе здзекаваліся, здымалі ўсё гэта на камеру і цяпер хочуць паказаць мне. Гэтага я б не вытрывала».

«Змясцілі ў невыносныя ўмовы і зладзілі сапраўдныя катаванні»

Пасля таго «агляду» з кватэры Вольгі супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі сістэмны блок, планшэт дзіцяці і дзве дзіцячыя цацкі — кайданкі і дубінку.

«Самыя звычайныя хлапечыя цацкі, якія цяпер паўсюль прадаюцца, — удакладняе Таццяна Усеваладаўна. — Праз нейкі час вярнулі планшэт. Знайсці там штосьці супрацьзаконнае, зразумела, яны нічога і не маглі. Там гульні і мульцікі дзіцячыя. Волін сістэмны блок таксама аддалі — нічога не знайшлі».

Саму ж Вольгу ў гэты час утрымлівалі ў невыносных умовах. Як удалося высветліць родным, больш за тыдзень яна правяла на Акрэсціна — без бялізны, без душа, без шпацыраў, без самых неабходных рэчаў і ў холадзе.

«Ад жанчыны, якая тады сядзела з ёй, але ўжо цяпер на волі, у нас атрымалася дазнацца, што Волю змясцілі ў двухмесную камеру, у якой сядзела 8 чалавек, а пазней дадалі ў гэтую камеру яшчэ некалькі дзяўчын. У выніку ў адной малюсенькай камеры апынулася прынамсі 12 жанчын. Воля спала на халоднай падлозе і накрывалася тым, што на ёй было. Калі яе арыштавалі, яна была ў тонкім паліто, джынсах і лёгкай вадалазцы…

Я дакладна ведаю, што за ўвесь час утрымання на Акрэсціна яе ні разу не звадзілі ў душ. Падчас «жаночых» дзён з яе нібыта адмыслова здзекаваліся. Ніякіх гігіенічных сродкаў наўмысна не прынялі. Мы спрабавалі ўсё перадаць — не ўзялі. Не ўзялі нават шкарпэткі. Я не ведаю, як яна ўсё гэта перажыла, гэта падобна да катаванняў…

Больш пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна я нічога не ведаю. Праз некалькі дзён яна даслала ліст. Не жалілася (гэта не ў яе духу, дый ліст са скаргамі б проста «завярнулі»), прасіла прабачэння ў нас за тое, што нам усім даводзіцца перажываць, і вельмі прасіла паклапаціцца пра Платона. Цяпер унук жыве са сваім бацькам. Яны з Воляй у разводзе».

«Тры дні пратрымалі ў «стакане»

Ужо пасля пераводу на «Валадарку» ў сваім лісце Вольга напісала, што ўпершыню пасля затрымання яе звадзілі ў душ, і што пасля Акрэсціна СІЗА-1 ёй здаецца санаторыем, хоць родныя дакладна ведаюць, што тры першыя дні там яе пратрымалі ў «стакане» — памяшканні метр на метр без месца для сядзення.

«Мы былі сабралі ўсе даведкі, каб даказаць, што ў дачкі арытмія, каб ёй перадалі лекі. Але адразу ёй іх не перадалі. Сказалі, што лекі — толькі ў дні медперадач. Сама Воля папрасіла лекі ад праблем са страўнікам і якія-небудзь вітаміны. Ёй 43 гады, ногі ўжо пабольваюць, спіна, але яна свой узрост не адчувае. Актыўная, худзенькая, больш аддае перавагу таму, каб не лекі піць, а спортам займацца. Разам з сяброўкай незадоўга да затрымання пайшла займацца боксам».

Як распавялі родныя Вольгі Рытус, на Валадарцы яна цяпер знаходзіцца ў 8-мясцовай камеры.

«Дзве жанчыны сядзяць за наркотыкі, дзве за махлярства. Астатнія чатыры — палітычныя. Воля бадзёрыцца, у лісце спрабавала нават жартаваць. Кажа, што іх выводзяць там на шпацыры, і што з таго, што ёсць з прадуктаў, умудраюцца нават сушы круціць, — распавядае Таццяна Усеваладаўна. — Штодня пасылаю Волі тэлеграмы. Калі сядаю пісаць звычайны ліст — пачынаю плакаць, не магу. Я вось хоць плачу, мне прасцей — а бацька наогул панік. Ён дагэтуль не можа змірыцца з тым, што ўсё гэта адбылося з нашай дачкой. Калісьці адзін з самых вядомых бізнэсмэнаў у Беларусі, вельмі кантактны і таварыскі чалавек, цяпер асунуўся, зрабіўся цямнейшым за хмару — нічога не кажа, ні з кім нічога не абмяркоўвае… Ён проста маўчыць і чакае. Адвакат, вядома, нас падбадзёрвае, кажа, што шанец неўзабаве ўбачыць і абняць Волю дома ўсё ж такі ёсць. Цяпер жывём толькі гэтай верай».

Вы можаце падтрымаць Вольгу лістом салідарнасці. Адрас: СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030. Вользе Уладзіміраўне Рытус.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
34