На сёння ў Расіі заблакаваныя каля дзясятка сэрвісаў для абыходу блакіровак. Сярод іх такія папулярныя, як Psiphon, Lantern, Proton VPN і Nord VPN. І яны сапраўды перасталі працаваць.

У Беларусі заблакаваны TOR — і тое ўмоўна, бо да яго лёгка атрымаць доступ. Але VPN могуць заблакаваць у любы момант, тэхнічна гэта нескладана. Што тады рабіць?

1. Паспрабуйце іншы сервер і «пагуляйцеся» з наладамі кліента

Шмат у якіх сэрвісах ёсць магчымасць змяніць краіну, з якой вы заходзіце ў сетку, або там ёсць нейкі рэжым, які дапаможа абысці блакіроўку.

2. Напішыце ў падтрымку

У выпадку, калі на іншы ВПН вы не хочаце пераходзіць, або ваш быў платны — звярніцеся ў падтрымку сэрвісу. Магчыма, яны ўжо прыдумалі рашэнне вашай праблемы або, прынамсі, вернуць грошы.

3. Пашукайце іншы VPN

Калі вы карысталіся бясплатным сэрвісам, то проста знайдзіце іншы. Да прыкладу, з гэтага спісу.

Існуе яшчэ такі параўнальны спіс для 190 розных сэрвісаў. Справа ў табліцы ёсць графа «Free Trial Available» для тых сэрвісаў, у якіх існуе бясплатная версія. Сярод цікавых і бясплатных — Riseup VPN, які робяць актывісты з ЗША за свой кошт.

Але будзьце ўважлівыя — не ўсе VPN надзейныя. Да прыкладу, у краме Google Play ёсць процьма бясплатных, але сумніўных сэрвісаў. Калі вы заходзіце ў ВПН, то вы давяраеце вашы даныя сервісу, і калі ён ненадзейны, то можа зліць вашы даныя, паролі і ўвесь трафік.

Большасць добрых VPN платныя. Спіс платных і надзейных ёсць тут.

4. Скарыстайцеся іншымі сэрвісамі абыходу блакаванняў

Такіх існуе шмат. Самыя вядомыя і надзейныя: Tachyon, TOR, Lantern і Psiphon. Гэта не проста VPN, яны выкарыстоўваюць шэраг тэхналогіяў, якія павялічваюць імавернасць абыходу цэнзуры.

Калі сайты сэрвісаў заблакуюць, то ёсць магчымасць спампаваць кліент праз паштовы запыт. Для TOR дашліце e-mail з назвай вашай аперацыйнай сістэмы (Windows, Android, Mac, Linux) на адрас [email protected] Для Psiphon дашліце пусты ліст на адрас [email protected]

Таксама некамерцыйная арганізацыя Роскамсвабода распрацавала адмысловы дадатак для браўзераў для абыходу забаронаў. Ён даступны для Firefox і Chrome.

Такі ж дадатак стварыла іншая кампанія. Ён даступны для Firefox, Edge і Chrome.

Калі няма магчымасці нешта ўсталяваць (напрыклад, гэта забаронена ў вас на працы), то скарыстайцеся сэрвісам Wayback Machine. Скапіруйце ў адрасны радок адрас сайта і, калі ў сэрвісе няма яго копіі, націсніце кнопку «Save this URL in the Wayback Machine». Пасля гэтага вы атрымаеце спасылку на люстра старонкі заблакаванага сайта. Праўда, калі ён будзе нагружаны, гэта зойме шмат часу.

Яшчэ адзін варыянт без усталёўкі — захаваныя старонкі ад пошукавых сэрвісаў. Для таго, каб іх убачыць, увядзіце ў пошукавы радок меркаваны загаловак артыкулу ці рэсурсу або іхні адрас і, хутчэй за ўсё, у вас атрымаецца знайсці захаваную копію.

Мінус двух апошніх варыянтаў у тым, што ў вас не будзе магчымасці працаваць з «жывым» сайтам — вы заўжды будзеце бачыць больш ці менш старую копію.

5. Стварыце ўласны VPN-сэрвіс

Для гэтага вам трэба набыць сервер. Зрабіць гэта можна тут або знайсці прыдатны сэрвіс праз пошук — праўда, трэба, каб чалавек, які купляе і афармляе на сябе сервер, быў не ў Беларусі, а сэрвіс быў надзейны. Арэнда сервера абыдзецца ў 2-5 еўра ў месяц.

Адзін з цікавых сэрвісаў для стварэння ўласнага VPN, зроблены Google адмыслова для абыходу блакіровак — Outline. Для таго, каб ён працаваў, трэба скарыстацца інструкцыяй.

Таксама ёсць сэрвіс Amnezia VPN, які можна змясціць на вашым уласным серверы.

Інструкцыя па тым, як стварыць уласны VPN без старонніх сэрвісаў — тут, але гэта адчувальна складаней, бо давядзецца «гуляцца» з Linux.

А вось інструкцыі па тым, як далучыцца да такога VPN для Android, iPhone, Windows і Mac.

Клас
125
Панылы сорам
2
Ха-ха
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру