Ілан Маск. Фота Wikimedia

Ілан Маск. Фота Wikimedia

На гэтым тыдні Ілан Маск адправіў ліст з заклікам, які не церпіць пярэчанняў, да ўсіх супрацоўнікаў кампаніі па вытворчасці электрамабіляў.

«Кожны ў Tesla павінен праводзіць у офісе не менш за 40 гадзін на тыдзень», — напісаў Маск у лісце. «Да таго ж, офіс павінен быць там, дзе вашы калегі, а не нейкі аддалены псеўдаофіс. Калі вы не з'явіцеся на працы, мы будзем лічыць, што вы звольніліся».

Маск тлумачыць, што чым вышэй пазіцыя супрацоўніка, тым больш заўважнай павінна быць яго прысутнасць. Каб кожны мог бачыць, як працуе кіраўнік побач з ім. 

«Калі б я так не рабіў, Tesla б даўно збанкрутавала», — піша Ілан.

Што да кампаній, якія не заклікаюць вяртацца ў офіс, то Маск са скепсісам ацэньвае іх працу. «Калі яны апошні раз выпускалі выбітны новы прадукт?» — пытае ён.

Ілан заяўляе, што яго кампанія і надалей будзе ствараць самыя неверагодныя прадукты ў свеце, але заўважае, што «гэтага не адбудзецца, калі вы будзеце званіць па тэлефоне».

У «Твітары» стваральніка Tesla моцна раскрытыкавалі, абвінаваціўшы ў непаважлівым стаўленні да супрацоўнікаў і завышаных патрабаваннях. 

«Я ўвогуле фанат Ілана», але «мінімум 40 гадзін на тыдзень»? У маёй беднай еўрапейскай краіне 40 гадзін на тыдзень — гэта максімум, колькі вы можаце працаваць. Каб працаваць больш, патрэбна, каб ваш кіраўнік папрасіў пра гэта ў пісьмовай форме (і даплаціў вам), а вы павінны загадзя згадзіцца на гэта. Напэўна, гэта «дзікі захад», — пракаментаваў новаўвядзенне адзін з карыстальнікаў.

«Гэты ліст жахліва непрафесійны. Калі вы прымусіце вашага супрацоўніка адчуваць, што ён нічога не значыць і яго можна лёгка замяніць, гэта ўрэшце рэшт вернецца вам бумерангам. Я б не хацеў працаваць у такой кампаніі», — напісаў іншы.

Але ёсць і тыя, хто ўхваляюць дзеянні Ілана: «Ён працаваў, і працаваў шмат, каб быць тым, кім ён ёсць цяпер. Ён кіраўнік і можа рабіць тое, што хоча».

Клас
46
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
11
Сумна
2
Абуральна
11