Увечары 3 чэрвеня журналістам напісала Алена, якая паехала менавіта ў такі візавы тур, арганізаваны агенцтвам viza5.by. Разам з ёй падавацца на іспанскую мультывізу адправіліся яшчэ каля 40 чалавек.
Першая частка падарожжа прайшла гладка: беларусы здалі ў пасольстве дакументы, у тым ліку пашпарты, а на рукі атрымалі іх копіі з пазнакамі. Па гэтых паперах, як запэўніла суправаджаючая, спаслаўшыся на нейкую «пастанову», групу павінны былі прапусціць на расейска-беларускай мяжы назад у Беларусь — там трэба было чакаць візу два тыдні. Аднак замест бесперашкоднага вяртання на радзіму на мяжы ў беларусаў пачаліся сапраўдныя прыгоды.
На першым расейскім памежным пераходзе «Чырвоная Горка» візавых турыстаў адмовіліся прапускаць па выдадзеных копіях пашпартоў — запатрабавалі арыгінальныя дакументы. Завярнулі аўтобус і на іншым памежным пункце «Рудня». Тут высветлілася, што ніякай «пастановы», якая дазваляе законна перасекчы мяжу па атрыманых паперах, не існуе ў прыродзе — вярнуцца дадому без пашпарта беларусы не маюць права.
Са слоў Алены, прапусцілі толькі турыстаў з ID-картамі — яны перасеклі мяжу пешшу. А астатнюю групу пасля 4-гадзіннага чакання ў лесе каля расійскай мяжы (у аўтобусе не было пітной вады і не працавалі разеткі) павезлі ў гасцініцу ў Смаленск.
— Што далей — незразумела. У многіх няма грошай, — распавядае Алена.
Дарэчы, пра грошы: паслугі візавага агенцтва пацягнулі на 440 рублёў з чалавека, плюс спадарожныя выдаткі: страхоўка, сродкі на рахунку, неабходныя для адкрыцця візы (1700 еўра), візавыя зборы і іншае.
Пра тое, як дзейнічаць у падобнай сітуацыі, у дамове нічога не сказана. Проста таму, што ніякай дамовы з агенцтвам таксама не існуе: ніхто з турыстаў яго не заключаў і нічога не падпісваў.
— Неяк усе радасна кінуліся, хутка заплацілі і паехалі. Толькі цяпер усе апамяталіся, — тлумачыць Алена.
Чым скончылася гісторыя, пакуль невядома.