«У сувязі з нядаўнімі значнымі геапалітычнымі зменамі і каб пазбегнуць іх негатыўнага ўплыву на экспарт казахстанскай нафты праз расійскія парты, з чэрвеня 2022 года прымяняецца наступная назва гатунку — KEBCO (Kazakhstan Export Blend Crude Oil)», — цытуе Reuters ліст казахстанскай кампаніі «СНПС-Актобемунайгаз».
Перайменаваньне пацвердзілі яшчэ чатыры крыніцы агенцтва ў нафтавых кампаніях краіны. Паводле іх, змены набудуць моц з панядзелка, 6 чэрвеня.
«Гэта неабходная мера, каб наша нафта не трапіла пад санкцыі, а ў яе назве выразна была ўказаная краіна паходжання ў дакументах. У адваротным выпадку ў нас будуць праблемы з адкрыццём акрэдытываў», — патлумачыла крыніца Reuters.
Каля 20% экспартаванай казахстанскай нафты ідзе транзітам праз расійскія марскія парты.
І хоць яна тэхнічна не падпадае пад заходнія санкцыі, гэтыя пастаўкі неаднаразова памылкова прымалі за расійскія, кажуць казахстанскія нафтатрэйдары.
Да ўвядзення санкцый нафту, вырабленую ў Казахстане, змешвалі з расійскай для атрымання стандартызаваных экспартных гатункаў — Расійскай экспартнай сумесі сырой нафты (REBCO/Urals) і Siberian Light.





