На сайце прэзідэнта Украіны стварылі петыцыю з патрабаваннем выдаваць грамадзянства замежным добраахвотнікам, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Або іншы прававы статус, якім дазволіць ім і іх сем'ям у выпадку неабходнасці атрымаць сацыяльную і прававую абарону, як і ўкраінскім грамадзянам.
Па цяперашнім законе Украіны, людзям з іншых краін, якія добраахвотна далучыліся да абаронцаў, грамадзянства не даюць. Калі добраахвотнік атрымае калецтва, патрапіць у палон або загіне, ён і яго сям'я не атрымаюць належнай сацыяльнай і прававой абароны.
Больш за 2000 беларусаў пайшлі ў абаронцы Украіны з пачатку вайны. Для іх ёсць дадатковая небяспека. Калі грамадзянін Беларусі трапіць у палон войскаў РФ, ён будзе адпраўлены ў Беларусь. Там яго могуць асудзіць да пажыццёвага пазбаўлення волі або наогул да смяротнага пакарання.
Падпісаць петыцыю могуць грамадзяне Украіны, а таксама замежнікі, у якіх маецца электронны лічбавы подпіс, падатковы нумар і карта ва ўкраінскім банку.
Неабходна 25 тысяч подпісаў. З іх сабрана ўжо 5000.





