Яна выступіла ў судзе з наступным апошнім словам:

«Артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантаванае права грамадзян на свабоднае выказванне свайго меркавання і перакананняў. Таксама гарантавана, што ніхто не можа прымусіць чалавека адмовіцца ад яго думкі і перакананняў. І я думаю, што мае дзеянні 25 кастрычніка 2020 года адпавядалі менавіта гэтаму артыкулу Канстытуцыі, і я такім чынам выказвала сваё стаўленне да сітуацыі — выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю.

Нягледзячы на тое, што гэтае грамадскае мерапрыемства не было ўзгодненае, я думаю, што ў выключных выпадках, калі меркаванне і пазіцыя грамадзян ігнаруецца, калі ў іх няма іншай магчымасці, яны маюць права на мірны сход і мірны пратэст.

Усё, што мы бачылі, усё, што бачыла я падчас гэтага маршу, і тое, што мы можам прачытаць у сродках масавай інфармацыі і ў матэрыялах справы, кажа пра тое, што гэты пратэст сапраўды быў мірным, не было ніякіх дэструктыўных дзеянняў.

У маіх дзеяннях таксама не было ніякай дэструкцыі, ніякай накіраванасці на разбурэнні, а хутчэй наадварот — жаданне перавесці той палітычны канфлікт і тыя палітычныя супярэчнасці, якія ёсць у грамадстве, у цывілізаванае рэчышча, у рэчышча перамоваў і павагі меркавання ўсіх грамадзян.

І я глыбока ўпэўненая ў тым, што спакой і грамадскі парадак будуецца толькі на тым, што паважаецца меркаванне ўсіх грамадзян, паважаюцца ўсе палітычныя погляды, і рух у будучыню вызначаецца дыялогам, хай вострымі, але дыскусіямі, але не арыштамі або прымяненнем гвалту.

Я спадзяваюся, што ў найбліжэйшай будучыні ў Беларусі мы будзем вырашаць менавіта такім шляхам усе нашы пытанні».

Клас
40
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0