На пачатку мая падчас візіту ў Прагу Святлана Ціханоўская заявіла, што кіраўнік МЗС Чэхіі запэўніў яе, што амбасада ў Мінску хутка зноў будзе выдаваць беларусам візы. Аднак у выніку закон Lex Ukraina быў прыняты такім чынам, што беларусы ўсё ж засталіся практычна без віз.

— У законе было вельмі жорстка прапісана, што ніякіх віз беларусам выдавацца не будзе. Калі мы ехалі, мы ўжо ведалі, што гэты закон будзе прыняты, — расказаў Франак Вячорка. — І наша задача была скарэктаваць гэты закон, каб туды ўнесці як мага больш выключэнняў. Напрыклад, выключэнні па ўз'яднанні сям'і, для студэнтаў, па гуманітарных прычынах, для актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў.

Часткова, па словах Вячоркі, свайго змаглі дамагчыся.

«У законе ўжо няма слова «Беларусь», у ім гаворыцца «трэція краіны». Але ў пастанове Міністэрства, якая ўдакладняе закон, — там ужо напісана «Беларусь». Таксама зрабілі выключэнне [для выдачы віз] па ўз'яднанні сям'і і запусцілі спецыяльную праграму выдачы віз для тых, хто выязджае ў Чэхію па палітычных прычынах».

А вось студэнцкія візы адстаяць пакуль не ўдалося.

«Цяпер вядзецца вельмі складаны працэс перамоваў, мы тлумачым, чаму нельга ізаляваць студэнтаў. Я думаю, у найбліжэйшы месяц-два мы ўсё ж такі гэтую праблему вырашым», — сказаў ён.

Франак Вячорка са шкадаваннем дадаў, што цяпер некаторых заходніх палітыкаў стала вельмі цяжка пераканаць у неабходнасці садзейнічання беларускаму грамадству. Калі ў 2020-м беларусы былі героямі і прыкладам барацьбы за свабоду, то цяпер іх лічаць саагрэсарамі ў вайне, і многія не аддзяляюць грамадства ад дзяржавы. На думку Вячоркі, першапачатковае рашэнне аб спыненні выдачы віз беларусам у Чэхіі прынялі пад уплывам спецслужбаў, якія пасля пачатку вайны вырашылі, што любы беларус можа быць агентам і шпіёнам. Да таго ж, дадаў ён, цяпер усе занятыя іншымі пытаннямі — дапамогай Украіне і ўкраінскім уцекачам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру