Транспартныя выдаткі выраслі ўдвая

Прадстаўнік буйной кампаніі, якая займаецца імпартам прадметаў асабістай гігіены і бытавой хіміі, адзначае, што нягледзячы на стабілізацыю на валютным рынку, чакаць зніжэння цэн не варта. Паколькі гэта быў далёка не адзіны фактар, які ўплывае на кошт тавару.

«Цяпер бізнэс сутыкаецца з шэрагам праблем, якія выкліканыя хутчэй менавіта санкцыямі, а не курсавымі ваганнямі. Хтосьці прынцыпова не хоча прадаваць прадукцыю ў нашу краіну, але большасць проста баіцца таго, што праз працу з расійскімі або беларускімі кампаніямі сам патрапіць пад санкцыі альбо панясе рэпутацыйныя страты», — упэўнены спецыяліст.

Сітуацыя, якая склалася, прывяла да таго, што з прылаўкаў зніклі не толькі тавары, вырабленыя ў Еўропе, але і расійскай вытворчасці. Тлумачыцца гэта проста: надпіс Made in Russia яшчэ не азначае, што гэты прадукт на 100% расійскі.

«Частка інгрэдыентаў імпартавалася з іншых краін. Напрыклад, калі ўзяць аэразольныя антыперспіранты, то высветліцца, што расійскі там толькі алюмініевы флакон, а змесціва імпартнае». 

Іншым істотным чыннікам, які ўплывае на цану, з'яўляецца дарагая дастаўка.

«Праз санкцыі ў транспартнай сферы вельмі моцна выраслі транспартныя выдаткі. Раней дастаўка 20-футавага кантэйнера з Клайпеды ў Мінск абыходзілася ў 1000 еўра, а цяпер — у 2500», — кажа суразмоўца.

Уплывае і той фактар, што многія фірмы не гатовыя прадаваць сваю прадукцыю наўпрост у Беларусь.

«Тыя ж палякі, насамрэч, хочуць з намі працаваць, але баяцца гэта рабіць наўпрост. Для гэтага пастаўшчыкам даводзіцца адкрываць фірмы-пракладкі ў ЕС, каб прадукцыя нібыта сыходзіла на мясцовы рынак».

Такі спосаб працы дапамагае абыходзіць абмежаванні, але ўтрыманне фірм-пракладак і складоў патрабуе лішніх выдаткаў, якіх да вайны не было. Натуральна, гэта прыкметна ўплывае на канчатковую цану тавару ў Беларусі.

Па словах нашага суразмоўцы, на бягучы момант найбольш востра адчуваюцца праблемы з прадметамі асабістай жаночай і дзіцячай гігіены, а таксама з пральнымі парашкамі, вадкасцямі і сродкамі для пасудамыечных машын папулярных зарубежных марак. Казаць пра поўнае знікненне нейкіх пазіцый не даводзіцца, але бываюць часовыя перабоі з пастаўкамі.

Большасць кампаній аднавіла працу з беларускімі кліентамі

Іншы імпарцёр, з якім нам удалося пагутарыць, пастаўляе ў Беларусь аддзелачныя матэрыялы з розных краін Заходняй Еўропы. З яго слоў, цэны на прадукцыю ў параўнанні з лютым выраслі на 25-30%.

«На пачатковым этапе мы сутыкнуліся з тым, што многія вытворцы не ведалі, што рабіць, і проста адмаўляліся адпускаць тавар на Беларусь. Але потым большасць працягнула працаваць з намі, як і раней», — дзеліцца бізнэсовец.

Яго транспартныя выдаткі істотна павялічыліся за апошнія месяцы. Да крызісу з мігрантамі і закрыцця ПП «Брузгі» фура дастаўляла тавар са склада непадалёк ад мяжы з Беларуссю да Гродна ўсяго за 400 еўра. З абвастрэннем сітуацыі на мяжы і з'яўленнем шматкіламетровых чэргаў дастаўка падаражэла да 1100 еўра. А цяпер за тое самае трэба плаціць 2000.

«Акрамя таго, крыху выраслі закупачныя цэны ў самой Еўропе, бо там моцна падняўся кошт энерганосьбітаў і паліва. Гэты фактар, плюс вельмі дарагая дастаўка, прывялі да значнага падаражэння прадукту ў Беларусі. Такі расклад негатыўна адбіваецца на продажах, бо пакупніцкая здольнасць у краіне падае. Па гэтай прычыне ўжо прыйшлося злёгку звузіць асартымент за кошт найбольш дарагіх пазіцый, якія пасля ўсіх падаражэнняў сталі проста непад'ёмнымі для большасці пакупнікоў», — рэзюмуе бізнэсмен.

«Купляюць за дорага, бо няма куды дзявацца»

Высокапастаўлены супрацоўнік адной з буйных фірмаў-імпарцёраў новых аўтазапчастак распавёў «Нашай Ніве», што пастаўкі тавару праз больш чым тры месяцы ад пачатку вайны так і не адноўленыя.

«У Беларусі ўжо адчувальны дэфіцыт запчастак і маторных аліваў. Можна казаць, што на бягучы момант у Беларусі амаль скончыліся фільтры Knecht. Свежых паставак за гэтыя тры месяцы практычна не было. Цэны на тое, што ёсць на складах, значна вышэйшыя, чым былі да вайны, зніжаць іх пастаўшчыкі не збіраюцца, паколькі невядома, што будзе са свежымі пастаўкамі, ды і пакупнікі ўсё роўна бяруць запчасткі па высокіх цэнах, паколькі дзявацца няма куды», — прызнаецца спецыяліст.

Асабліва востра стаіць пытанне з маторнымі алівамі.

«Яны практычна не пастаўляюцца, няма аліваў Lotos, перыядычна знікае Total, ёсць праблемы нават з «Лукойлам». Расіяне адмаўляюцца яго нам адгружаць, паколькі ім у першую чаргу неабходна забяспечыць свой рынак. З-за санкцый, ёсць перабоі ў працы на расійскіх заводах, якія выпускалі алівы імпартных брэндаў. Выбар запчастак таксама прыкметна скараціўся, па некаторых пазіцыях замест 5-6 варыянтаў ад розных вытворцаў можа быць даступны толькі адзін».

«Адкрываць у ЕС фірму, каб абыходзіць абмежаванні, я не гатовы»

Другі наш суразмоўца з аўтамабільнай сферы імпартуе матэрыялы для кузаўнога рамонту. Па яго словах, некаторыя вытворцы ў ЕС адмовіліся ад супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Па некаторых брэндах ёсць сур'ёзныя праблемы, вытворца не хоча з намі працаваць, бо баіцца трапіць пад санкцыі. Таму пакуль спыненыя пастаўкі тавараў літоўскай фірмы Soll. Ёсць перабоі з пастаўкамі фарбаў з Германіі. Адкрываць у ЕС фірму, каб абыходзіць гэтыя абмежаванні, я пакуль не гатовы. Аб'ёмы не такія ўжо вялікія, ды і незразумела, колькі гэтая сітуацыя працягнецца. У любым выпадку, адкрыць фірму ў ЕС гэта таксама дадатковыя выдаткі», — адзначае прадпрымальнік.

Сабекошт даступных для імпарту тавараў для Беларусі вырас на 20-25%.

«У першую чаргу, вельмі моцна падаражэла дастаўка. Раней з Варшавы да Мінска перавозчык браў 600-700 еўра. Цяпер з Варшавы да ТЛЦ вязуць за 1000-1100, да гэтага трэба дадаць дастаўку да Мінска. У выніку транспартныя выдаткі павялічыліся ўдвая. На невялікай колькасці тавару гэта істотныя сумы», — рэзюмаваў прадпрымальнік.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама: «Цяжка ўявіць, каб буйныя кампаніі перавозілі сотні ці мільёны даляраў гатоўкай». Эканаміст — пра новае рашэнне ўладаў па валюце

Bloomberg: Беларусь упершыню абагнала Германію па пастаўках тавараў у Расію

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру