Ціханоўская заклікала Латвію дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій беларусам і пашырыць праграмы для іх.

Пасля таго як Ціханоўская падзякавала народу Латвіі за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і салідарнасць, якая была з самага пачатку пратэстаў у краіне, яна спынілася на рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі.

«У краіну вярнуўся сталінскі тэрор. Верныя савецкім ідэям і Крамлю ўлады закрываюць выдавецтвы, што друкуюць кнігі на беларускай мове. Арыштоўваюць прадпрымальнікаў, як Павел Белавус, якія працуюць у крамах, дзе можна набыць беларускую сімволіку. Людзей, якія выступаюць за еўрапейскую дэмакратычную будучыню асуджаюць на сталінскія тэрміны.

У савецкія часы ў Латвіі былі вязні сумлення, якія праходзілі праз лагеры не адзін і не два разы — такія як Гунарс Астра, Інтс Цалітыс або Лідзія Дароніна-Ласмане. На жаль, такія ж вязні сумлення ёсць у сучаснай Беларусі. Сярод іх — палітык Мікалай Статкевіч, якога пакаралі 14 гадамі турмы, а таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якому ў найбліжэйшы час пагражае смяротны прысуд… Паводле новага закона, смяротнае пакаранне можа пагражаць і за бяскрыўдны пратэст, і нават за намер. Мэта закона — спыніць людзей страхам».

Святлана чарговы раз абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што ён толькі выконвае загады Пуціна, пры гэтым спрабуючы выдаць сябе за ахвяру, і просіць зняць санкцыі.

Таксама Ціханоўская ўспомніла дзеянні тэлеграм-каналаў і людзей, якія запавольвалі чыгуначны рух у Беларусі, каб не дазволіць расійскім войскам бесперашкодна трапляць ва Украіну.

«Сёння мы знаходзімся на гістарычным раздарожжы. Існуюць толькі два шляхі — або еўрапейская дэмакратычная Беларусь, або дэ-юрэ акупацыя Расіяй і шматгадовая ізаляцыя, рэгрэс і бяспраўе».

У сваім выступе беларуская лідарка заклікала Латвію знайсці магчымасць выдаваць беларусам візы і аднавіць выдачу дазволаў на жыхарства, а таксама павялічыць колькасць студэнцкіх стыпендый, стварыць праграмы для беларускіх даследчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, культурных актывістаў. Яна адзначыла, што беларускія незалежныя СМІ «супрацьстаяць савецкаму аўтарытарызму Лукашэнкі і прапагандзе Крамля».

Акрамя таго, Ціханоўская заклікала дапамагчы беларускім фірмам у рэлакацыі бізнэсу, даць ім доступ да фінансавання і дзяржаўных праграм падтрымкі. А для беларускіх студэнтаў папрасіла арганізаваць стажыроўкі ў Сейме Латвіі, каб затым гэты досвед быў скарыстаны на карысць Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру