Андрэй Стрыжак быў адным з арганізатараў фондаў беларускай салідарнасці. Гэта зрабіла яго аб'ектам атак лукашэнкаўцаў

Асобныя белыя ніткі маніпуляцыі ў інфармацыі, якая качуе па расійскіх і лукашэнкаўскіх каналах, вытыркаюцца адразу. Вось, напрыклад: «Аляксандр Лукашэнка перадаў Маскве спіс грамадзян Расіі, якія пералічвалі грошы ў BYSOL — фонд, які збіраў грошы на ажыццяўленне дзяржперавароту ў рэспубліцы. Усяго ён паспеў сабраць каля 14 млн еўра, вялікая частка гэтых грошай была ў выніку выведзеная з краіны і растварылася ў прыватных кішэнях», — з гэтага пачынаецца паведамленне.

Але стоп: якое «была ў выніку выведзеная з краіны»? BYSOL ніколі не базаваўся ўнутры Беларусі, улады гэтага не дазволілі б. Наадварот, грошы беларусы збіралі за мяжой і з рызыкай для сябе, рознымі шляхамі, на сабе ці праз рахункі самаахвярных бізнэсоўцаў, увозілі ў краіну, каб яны маглі дайсці да рэпрэсаваных. За дапамогу ва ўвозе грошай і іх перадаванні многіх арыштавалі.

Сярод іх, да прыкладу, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і ягоная дзяўчына Ірына Злобіна, якіх судзяць гэтымі днямі.

І другі стоп адразу. Якое «ажыццяўленне дзяржперавароту», калі фонд сабраў свае немалыя па беларускіх мерках грошы не да, а пасля падзей жніўня, у адказ на масавыя рэпрэсіі?

Ці ёсць у інфармацыі расійскіх каналаў доля праўды? Ці праўдзівая сума 14 мільёнаў еўра? Ці сапраўды ўцяклі спісы ахвярадаўцаў? Ці падтрымлівалі беларускі пратэст знакавыя постаці расійскай інтэлігенцыі і эстрады? Інтрыгоўна.

Ці маглі спецслужбы здабыць спісы ахвярадаўцаў?

«Той блок інфармацыі, якую мы атрымліваем, захоўваецца ў спецыяльных умовах адпаведна са строгім пратаколам бяспекі. Слаба сабе ўяўляю, якім чынам адтуль што-небудзь можна ўзяць», — кажа Андрэй Стрыжак, які стаяў у вытоках BY_help ды BYSOL.

І дадае:

«Калі размова ідзе пра 2020 год, то там збор у асноўным ішоў праз альтэрнатыўныя пляцоўкі, напрыклад, Фэйсбук. І маю шчырыя сумневы, што, Фэйсбук можа выдаць нейкія даныя па запыце расійскай альбо беларускай улады. Таму чыста тэхнічна не ўяўляюцца магчымымі ўцечкі, пра якія ідуць размовы.

Ды і, пагадзіцеся, камічнымі уяўляюцца дзеянні, скажам, Алега Дзерыпаскі, які адкрыта пераводзіць грошы ў Беларусь і яшчэ кажа пры гэтым: «Вось вам на змену кіраўніцтва краіны».

Ці маглі расійскія зоркі кшталту Макарэвіча альбо БГ сапраўды дапамагаць беларускім пратэстоўцам ці рэпрэсаваным? 

«Тамтэйшыя прадстаўнікі інтэлігенцыі дапамагалі праз шэраг канцэртаў салідарнасці з людзьмі, што сталі ахвярамі рэпрэсій беларускай улады, — згадайце хаця б буйную анлайн-імпрэзу, зладжаную аглядальнікам «Новай газеты» Янам Шэнкманам, — кажа Андрэй Стрыжак, але нагадвае: — Два гады таму ніхто нікога не абвінавачваў у пераваротах. Людзі былі збітыя, параненыя, траўмаваныя — і патрабавалі дапамогі. Цяпер, вядома, можна выдаваць гэта за падрыхтоўку нейкага мяцежу. Але гэта не мае дачынення да рэальнасці».

Небанальны момант: спецслужбы ў новых абвінавачаннях адначасова паспрабавалі і наехаць на апанентаў унутры Расіі, і замазаць у гэтую справу беларускую апазіцыю. Стрыжак пагаджаецца:

«Прыём сапраўды цікавы. Але нагадвае тактыку, што ўжывае расійская армія ва Украіне — адначасовы наступ у некалькіх кірунках. З пункту гледжання вайсковай навукі гэта цалкам неапраўданы падыход. Тое ж самае і тут: куды прасцей ды лагічней было б біць кропкава. А тут атрымліваецца, што ўсё скінулі ў адну кучу. Адпаведна, гэта выклікае недавер грамадства. Працытую улюбёны каментар да гэтай навіны: «Прачытаў спіс. Не зразумеў: а дзе Цой?»

Стрыжак звяртае ўвагу, што ў спісе абвінавачаных вельмі разнародныя асобы, але ёсць выразны момант, які іх аб'ядноўвае: усе яны выступілі з асуджэннем спробы захопу Украіны і ліквідацыі яе дзяржаўнасці.

Юрый Дудзь, Максім Галкін, Андрэй Макарэвіч. Калаж: фота з сацсетак

«Абвінавачваюцца альбо крытыкі сённяшняй расійскай улады, альбо тыя, хто выступіў супраць ваеннага ўварвання ва Украіну», — адзначае Стрыжак. На яго думку, «спісы», пра якія вядзе размову «Нязыгар», маюць такое ж дачыненне да беларускай рэальнасці, што і карты, «откуда готовілось нападеніе».

А сума — 14 мільёнаў еўра — рэальная? Беларусам сапраўды ўдалося назбіраць так шмат?

«Хутчэй за ўсё, хтосьці з прапагандыстаў святкуе 14-га дзень нараджання, бо іншай нумералогіі падвесці пад сумы немагчыма, — кажа Стрыжак. — Фактычныя зборы, што ажыццявілі BY_help ды BYSOL, не перавышаюць 10 млн еўра. І гэта за ўвесь час — з 2020 года па сёння. На ўсе ж іншыя прыдумкі рэагую прыблізна так, як Андрэй Макарэвіч ва ўчорашнім допісе-адказе на абвінавачванні».

Расійская прапаганда анансуе фільм, дзе абяцае «ўскрыць змову расійскіх мастацкіх дзеячоў для падрыхтоўкі рэвалюцыі ў Мінску». Андрэй упэўнены: нічога новага там не пакажуць.«Пойдуць раскручвацца ўжо заезджаныя тэзісы».

На думку Стрыжака, скаардынаваная медыяатака вядзецца супраць любой сілы, што імкнецца супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі.

«Святлана Ціханоўская, мы, добраахвотнікі з Беларусі, якія ўдзельнічаюць у вайне на ўкраінскім баку, — пералічвае Андрэй. — Усіх нас імкнуцца сутыкнуць ілбамі».

Варта дадаць, што сама пляцоўка, праз якую была распаўсюджаная інфармацыя, гэта выключна неаўтарытэтны канал «Нязыгар». Вось прыклад.

Пальчыс развёў «Нязыгара»: напісаў ім поўную ахінею, а яны надрукавалі без праверкі

Толькі калі ў 2019 годзе «Нязыгара», блізкага да кіраўніцтва дзяржаўнага расійскага інфармацыйнага агенцтва ТАСС, Масква выкарыстоўвала супраць Аляксандра Лукашэнкі, то цяпер для трансляцыі Лукашэнкі.

Выглядае, што новым укідам Аляксандр Лукашэнка проста зноў, наколькі ўмее і можа, падыгрывае расійскай прапагандзе, якой цяпер трэба абліць брудам вядомых людзей, што наважыліся выступіць супраць імперыялістычнай вайны ва Украіне.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру