Арыштаваны Пушкін быў у сакавіку 2021 года і правёў у СІЗА цэлы год. 30 сакавіка мастак быў асуджаны на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў». Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыкла «Беларускі супраціў» і перформанс, які ён правёў ва Украіне.

У красавіку Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калонію №22 у Івацэвіцкі раён («Воўчыя норы»).

«За ўвесь час, пакуль муж у «Воўчых норах», ад яго прыйшоў усяго адзін ліст, — кажа Яніна Пушкіна. — Амаль месяц ужо наогул няма ніякіх вестак — ні лістоў, ні званка, таму не выключаю, што Алеся змясцілі ў штрафны ізалятар. Адваката ў яго няма, таму няма каму і даведацца, што там адбываецца.

У адзіным лісце нагадаў, што яму прывезці: спартыўны касцюм, тэлефонную картку. Здаецца, раз на тыдзень дазволена тэлефанаваць з калоніі дадому, але апошнім часам званкоў няма.

Толькі два разы пазваніў, але гаварылі менш за хвіліну, бо, мабыць, карыстаўся чужой карткай. Паспеў сказаць, што ў калоніі яшчэ горш, чым было ў СІЗА на Валадарскага».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
17
Абуральна
28