Беларусы ўпершыню не адужалі Казахстан у афіцыйнай сустрэчы. Фота: vesti.kz

Зборная Беларусі ніколі раней у гісторыі на афіцыйным узроўні казахстанцам не саступала. Нават больш: чатыры разы калектывы біліся ў розных турнірах пад эгідай УЕФА — і нават у самых напружаных двубоях «белакрылыя» дамагаліся перамогі.

Але зараз галоўная каманда Беларусі настолькі бездапаможная і безыдэйная, што, бадай, увасабляе стан спорту ў краіне цалкам. А таму заканамерна атрымлівае «пад хвост» нават ад тых, на каго раней не звяртала ўвагі.

Шчыра кажучы, 1:1 — яшчэ шчаслівы для беларусаў вынік. Бо супернік, які правёў хуткі мяч (на 13-й хвіліне адзначыўся Аймбетаў), мог яшчэ да перапынку паўтарыць выніковыя дзеянні. Але кіпер Паўлючэнка злавіў кураж і некалькімі сэйвамі выратаваў галоўнага трэнера ад сыходу ў адстаўку ўжо пасля заканчэння стартавых 45 хвілін.

Праўда, пра звальненне Кандрацьева наноў пачалі гаварыць пасля фінальнага свістка, нягледзячы на выратавальны мяч Малькевіча на 84-й хвіліне.

Усяго два балы пасля першага круга адбора і дзесяць (!) матчаў запар без перамог на афіцыйным узроўні сведчаць пра тое, што пад кіраўніцтвам слаўнага ў мінулым форварда зборная не можа анічога.

Адсюль страта амаль усіх шанцаў неяк прыстойна скончыць групавую стадыю турніра і перспектыва граць стыкавыя матчы за права не сваліцца ў дывізіён D — да футбольных карлікаў кшталту Андоры ды Сан-Марына.

Гэта больш чым верагодна, бо пасля трох тураў у Казахстана 9 балаў з 9 магчымых, славакі маюць 6 ачкоў, а беларусы могуць пахваліцца ўсяго двума баламі. Горш толькі азербайджанцы, 1 ачко.

Наступную сустрэчу, якой нашы спартсмены скончаць летні этап адбору ў Лізе нацый, каманда Кандрацьева правядзе ў панядзелак, 13 чэрвеня. Двубой з супернікамі з Азербайджана пачнецца а 19-й. Хоць не факт, што заўзятары на радзіме здолеюць яго паглядзець у нацыянальным эфіры. Прэцэдэнт з адменай трансляцыі на «Беларусь 5» сустрэчы супраць Казахстана ўжо створаны — як кажуць, спрацавалі еўрапейскія санкцыі, што «забанілі» жывы эфір.

Аднак, можа, футбольная ТБ-ізаляцыя будзе да лепшага? Бо з такімі якасцю і зместам гульні, як у «белакрылых», нават умоўны «Дом-2» будзе ўспрымацца фанамі лепей…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру