Скрыншот відэа
У пятніцу, 10 чэрвеня, чыноўнік Генеральнага штаба Узброеных сілаў Украіны адкрыў агонь у адным са спальных раёнаў Кіева, стварыўшы пагрозу для жыцця і здароўя дзіцяці. Пра гэта паведаміў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.
«Па маім загадзе пачата службовае расследаванне для высвятлення ўсіх абставін інцыдэнту, калі
службовая асоба Генеральнага штаба Узброеных сілаў Украіны — кіраўнік аднаго з упраўленняў, здзейсніла дзеянні, якія маюць прыкметы не толькі дысцыплінарнага, але і крымінальнага правапарушэння.
Створана адпаведная камісія на чале з намеснікам галоўнакамандуючага УСУ генерал-лейтэнантам Яўгенам Майсюком. На час расследавання чыноўнік адхілены ад выканання абавязкаў», — заявіў Рэзнікаў.
Міністр адзначыў, што ў выпадку пацверджання фактаў, што ў выніку дзеянняў чыноўніка была пагроза цяжкіх наступстваў, а менавіта — рызыка для жыцця і здароўя дзіцяці, ён панясе пакаранне.
«Нашыя ваяры стрымліваюць орды ворага, кладуць свае жыцці, каб у мірных гарадах дзеці былі ў бяспецы, наколькі гэта магчыма падчас вайны з Расіяй.
Калі чалавек на вайсковай пасадзе, маючы пагоны і апрануты ў форму, прымяняе сваю зброю ў спальным раёне сталіцы — будзе рэакцыя. Калі былі разлікі на беспакаранасць — гэта памылка.
Пра вынікі расследавання паінфармую пасля яго заканчэння», — адзначыў Рэзнікаў.
Тым часам у Сеціве з'явіліся і відэа гэтага інцыдэнту.





