Фота: «Нафтан»

Гэта было яшчэ 31 мая, паведамляе «Рабочы рух». Рабочы «Нафтана» Аляксандр Л. атрымаў апёкі галавы і верхняй часткі цела на працоўным месцы. Калі ён спрабаваў зняць заглушку з лініі вадародаўтрымліваючага газу, адбыўся выкід вадароду, які самазагарэўся.

Здарэнне адбылося праз невыкананне тэхнікі бяспекі. Па інфармацыі «Рабочага руху», кіраўнік устаноўкі аддаў вусны загад «па-хуткаму» зрабіць небяспечную працу.

Загад быў спушчаны ўніз старшаму аператару ўстаноўкі, які пабаяўся пярэчыць начальніку. А рабочаму, які пайшоў выконваць працу, не быў аформлены допуск да газанебяспечнай працы, і ён пайшоў адзін, што забаронена, кажуць калегі.

Пасля кіраўнік устаноўкі казаў, што такога загаду не аддаваў, а вінаваты ва ўсім старшы аператар устаноўкі. Апошняга выслалі ў адпачынак за свой кошт і пачалі разбіральніцтва.

«Выкананне працэдур згодна з тэхнікай бяспекі займае шмат часу — складанне нарада-допуску, падрыхтоўчыя мерапрыемствы, збор подпісаў адказных асоб… Таму тэхніку бяспекі проста праігнаравалі.

Па якой прычыне Аляксандр Л. пайшоў адзін, дакладна невядома — па інфармацыі ад калег, астатнія работнікі былі занятыя іншымі працамі і проста адбіўся недахоп персаналу, бо з завода ідзе пастаянны адток дасведчаных работнікаў», — падзяліліся з «Нашай Нівай» прадстаўнікі «Рабочага руху».

Раней кіраўнік устаноўкі, па іх словах, пагражаў звальненнямі сваім работнікам, якія ўступілі ў незалежны прафсаюз.

«Вёў з імі размовы, ціснуў тым, што не падоўжаць кантракты. Некаторыя пад ціскам самі звольніліся, кагосьці звольнілі, хтосьці сышоў у стачку. А частка ў выніку выйшла з незалежнага прафсаюза.

Хутчэй за ўсё вінаватым зробяць старшага аператара і аператара, які пацярпеў», — разважаюць суразмоўцы.

Адміністрацыя «Нафтана» ніяк не каментавала здарэнне на заводзе.

Чытайце яшчэ:

Скончыў жыццё самагубствам Уладзімір Крысёнак, які ўдзельнічаў у забастоўцы на «Нафтане». За тыдзень да гэтага яго затрымлівалі сілавікі

Жанчына, якая загнала ў кут Церцеля. Хто такая менеджар «Нафтана», якую трэці месяц мучаць суткамі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру