Іларыён на сустрэчы з Пуціным. Фота: kremlin.ru.

Іларыён на сустрэчы з Пуціным. Фота: kremlin.ru.

На нядаўнім пасяджэнні Сінода Іларыён, які лічыўся адным з самых уплывовых іерархаў РПЦ, быў выведзены са складу Сінода, членам якога ён быў больш за 10 гадоў. Таксама мітрапаліта знялі з пасады кіраўніка аддзела знешніх царкоўных сувязяў (гэта аналаг Міністэрства замежных спраў у РПЦ) і прызначылі кіраўніком малазначнай Будапешцкай і Венгерскай епархіі.

Аддзел замежных царкоўных сувязяў Іларыён, выпускнік Оксфарда, які гаварыў на некалькіх замежных мовах, узначальваў 13 гадоў і быў адным з асноўных спікераў РПЦ па самых разнастайных пытаннях.

На афіцыйных здымках пасяджэння Сінода РПЦ у Маскве Іларыёна таксама не было. І гэта пры тым, што мітрапаліт па пазнавальнасці і цытаванасці быў у РПЦ другой фігурай пасля патрыярха. Іларыён рэгулярна з'яўляўся на тэлебачанні і ютуб-каналах, ён актыўна вядзе сацыяльныя сеткі, яго творчая актыўнасць (у выглядзе музыкі, кніг і фільмаў) — зашкальвае.

Венгрыя выглядае як ссылка для аднаго з самых уплывовых іерэяў РПЦ хаця б таму, што там вельмі малая праваслаўная грамада. 

Іларыён у нядзелю пасля літургіі ў маскоўскім храме, настаяцелем якога ён быў, развітаўся з парафіянамі і выказаўся пра сваю адстаўку. Па словах мітрапаліта, ён сам «не ведае многіх дэталяў». Іларыён падкрэсліў, што яму «было сказана», што адстаўка звязаная не з працай у аддзеле замежных царкоўных сувязяў, а з патрабаваннямі грамадска-палітычнай сітуацыі.

«Можаце лічыць, што дарога зрабіла вельмі круты паварот, я ў яго не ўпісаўся і апынуўся на абочыне. Але гэта лепш, чым калі б я з'ехаў у кювет, машына б мая перакулілася і выбухнула», — сказаў Іларыён. І адзначыў, што не гоніцца за кар'ерай.

Рэлігіязнаўцы пішуць, што прызначэнне Іларыёна адпавядала яго ўласнаму жаданню. Іерарх ні разу не выказваўся ў падтрымку вайны ва Украіне публічна, заўсёды абыходзіў гэтую тэму, наколькі гэта ўвогуле магчыма ў расійскіх умовах для пасадоўца яго ўзроўню. Іларыён ніколі не быў прапагандыстам ідэі «рускага свету», ён, хутчэй, быў змагаром за традыцыйныя кансерватыўныя каштоўнасці.

У канцы мая, пасля таго, як УПЦ прыняла ў сувязі з вайной ва Украіне пастанову аб поўнай незалежнасці ад Масквы, Іларыён афіцыйна заяўляў, што папраўкі, унесеныя ў статут УПЦ, ніяк не мяняюць яе статус самакіраванай царквы ў складзе Маскоўскага патрыярхату. Сінод РПЦ, аднак, не пагадзіўся з такой ацэнкай, фактычна назваўшы гэтыя змены нелегітымнымі. Акрамя таго, ён перападпарадкаваў Крымскую епархію УПЦ непасрэдна Маскоўскаму патрыярхату.

Па адной з іншых версій, Іларыёна саслалі ў Венгрыю, каб ён там стаў асабістым пасланнікам патрыярха Кірыла ў Еўрасаюзе для выканання далікатных непублічных палітычных місій. Гэтую версію ўскосна пацвярджае той факт, што яшчэ да Сінода Іларыён паехаў з візітам у Венгрыю, дзе сустрэўся з мясцовым віцэ-прем’ерам і падзякаваў «Венгрыі за цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да недапушчальнасці ўключэння Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў санкцыйны спіс ЕС». З іншага боку, такая версія супярэчыць развітальным словам мітрапаліта.

У часопісе Маскоўскай патрыярхіі ў загадзе аб вызваленні Іларыёна ад пасады не ўжываецца звычайная фармулёўка «з удзячнасцю за выкананыя працы», што таксама можа быць прыкметай апалы.

Радыкальныя ўльтракансерватары ў праваслаўным асяроддзі, якія заўсёды лічылі Іларыёна «заходнікам» і «лібералам», трыумфуюць.

Іларыён лічыўся вельмі блізкім да патрыярха Кірыла і нават пісаў яго біяграфію, заўсёды карыстаўся высокай падтрымкай не толькі найвышэйшай царкоўнай улады, але і свецкай. Ён заўсёды паслядоўна крытыкаваў СССР, сталінскія рэпрэсіі і выказваўся аб неабходнасці пахавання Леніна.

Клас
2
Панылы сорам
14
Ха-ха
6
Ого
11
Сумна
14
Абуральна
7