Уцекачы з Украіны. Фота: Гомельскі аблвыканкам

Уцекачы з Украіны. Фота: Гомельскі аблвыканкам

Адна з уцякачак з Марыупаля з мужам, двума дзецьмі і бацькамі-пенсіянерамі ў канцы красавіка прыехала ў Жлобін. Жанчына спрабавала ўладкавацца на БМЗ разам з мужам. Яны зрабілі ўсе неабходныя дакументы для прыёму на працу, але на завод ні яе, ні мужа не ўзялі. Сказалі, што там вялікія праблемы праз санкцыі.

«Стрыечная сястра ў Растоў з'ехала з Украіны. Яна другую зарплату ўжо будзе атрымліваць за гэты час. І мы будзем пераязджаць у Расію, бо тут ніяк не ўладкаваліся»,

— дзялілася жанчына, у якой за гэты час сталі заканчвацца зберажэнні.

Гэта не адзінкавы выпадак, кажа валанцёрка, якая дапамагае ўкраінскім бежанцам у Беларусі. Уладкавацца на працу ўкраінцам у нас цяпер цяжка. Самі працадаўцы ў гэтым не зацікаўленыя: каб уладкаваць замежнага грамадзяніна, ім трэба рабіць лішнія рухі. І мясцовыя органы часта не тлумачаць наймальнікам, як дзейнічаць, і не ведаюць, што прапанаваць людзям, якія беглі ад вайны.

«Людзі ходзяць у прыватныя кампаніі падзарабляць. Але гэта толькі некалькі разоў на тыдзень па 30 рублёў.

З дзяржаўнымі ўстановамі цяжка, бо просяць дыпломы. А калі ён ёсць, то адмаўляюць, калі чалавек па гэтай спецыяльнасці не працаваў, напрыклад. А браць на іншую пасаду без дыплома не хочуць, — апісвае праблему валанцёрка. — 

Адна жанчына-бежанка расказвала, як яе суайчыннікі прыехалі з Польшчы ў Беларусь і сказалі, што цяпер усе ім павінны. А яна адказала ім, што вы абламаліся, гэта не Еўропа, тут ніхто нікому не павінен.

Да нас прыехала маці з трыма дзецьмі, яна ва Украіне была паспяховым юрыстам. Як яна пойдзе працаваць даяркай за 300 рублёў? Тут, вядома, яе кваліфікацыя ніяк не каціруецца». 

Валанцёрка расказвае, што спачатку людзей сялілі ў санаторыі, плацілі за ежу для іх, перадавалі гуманітарную дапамогу. Займаўся гэтым пераважна Чырвоны Крыж. Цяпер жа дапамагаюць проста неабыякавыя грамадзяне.

Варта дадаць, што ў некаторых іншых краінах дапамога ўцекачам таксама часткова ўразаецца. Так, у Балгарыі з чэрвеня спынілі праграму, па якой украінскія ўцекачы маглі жыць у гатэлях на курортах, праз набліжэнне турыстычнага сезона. У Польшчы з наступнага месяца збіраюцца спыніць выплаты на пражыванне і харчаванне.

Некаторыя з украінскіх уцекачоў з’язджаюць з Беларусі ў Расію, бо там абяцаюць больш дапамогі ад уладаў.

«Матыў людзей, якія туды едуць, — інстынкт самазахавання, — тлумачыць валанцёрка. — Людзі проста думаюць, як выратавацца. Першапачаткова для некаторых адзіны шанец выжыць быў — прыехаць у Беларусь».

У 2014 годзе быў прыняты ўказ Лукашэнкі №420, па якім наймальнікі, якія прыцягваюць грамадзян Украіны для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці, вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльных дазволаў на работу. Але гэта тычыцца толькі грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. 

Для ўцекачоў з Марыупаля (а на Гомельшчыне такіх шмат), Кіева ці Чарнігава норма не дзейнічае.

На прамой тэлефоннай лініі намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Сяргей Андрэеў, да якога мы звярнуліся з пытаннем пра працаўладкаванне бежанцаў, прызнаў праблему: цяпер рэгіёну патрэбныя найперш вузкія спецыялісты, а на вакансіі без вопыту і дыплома сваіх ахвотных хапае.

«Спецыялісты з дыпломам патрэбныя на прадпрыемствы ў Гомелі, напрыклад на «Гомельшкло». Ведаю нават, што там некалькі чалавек з Украіны працуюць. Патрэбныя вузкія спецыялісты: токары, фрэзероўшчыкі, інжынеры. Мне здаецца, што тут само прадпрыемства за такога чалавека ўхопіцца і дапаможа яму з дакументамі.

Калі проста, напрыклад, прыбіральшчыкам, то тут сваіх хапае, трэба ўладкоўваць», — пракаментаваў ён. 

«Калі чалавек — юрыст, то ў нас знайсці хутка яму ​​вакансію не атрымаецца. Яны ёсць, але добра аплатную падабраць дастаткова складана», — дадаў чыноўнік.

Сяргей Андрэеў тлумачыў, што ўсё не так проста праз бюракратычныя моманты

«Па заканадаўстве цэнтр занятасці працуе толькі з жыхарамі горада Гомеля. Калі нават, напрыклад, прыедзе чалавек з Рэчыцы, мы не маем права паставіць яму статус беспрацоўнага, нейкія выплаты рабіць. Ён мусіць гэтым займацца па месцы рэгістрацыі.

Улічваючы бягучую сітуацыю, пытанне аб наданні грамадзянам Украіны працы мы падымем», — адказаў чыноўнік. 

Чытайце таксама: 

«Ну, заклікалі, добра. Далей што?» Падаляк раскрытыкаваў дзейнасць Ціханоўскай. Матолька яму адказаў

Дзе цяпер Кірыл Казакоў — былы кіраўнік СТБ, «хросны бацька» Азаронка і іншых прапагандыстаў?

Клас
8
Панылы сорам
51
Ха-ха
16
Ого
6
Сумна
24
Абуральна
14