У Лізе Чэмпіёнаў салігорскі «Шахцёр» чакае сустрэча з «Марыборам». Фота: vk.com/fcshakhterby

У штаб-кватэры УЕФА адбылося лёсаванне першага кваліфікацыйнага раўнда міжнародных клубных турніраў сезона-2022/23. Наймацнейшы футбольны клуб Беларусі, салігорскі «Шахцёр», атрымаў у апаненты па Лізе Чэмпіёнаў славенскі «Марыбор». Пераможца пары вызначыцца па суме двубояў дома і ў гасцях. Стартаваць камандзе Сяргея Ташуева давядзецца на выездзе 5 альбо 6 ліпеня, сустрэча ў адказ адбудзецца праз тыдзень.

Цікава, што ў візаві беларусам маглі патрапіцца куды больш моцныя — «Феранцвараш» з Венгрыі альбо балгарскі «Лудагорац». Тым не менш тут «гарнякам» пашанцавала. Як, дарэчы, і з чаргой пры лёсаванні.

Наша пара сфармавалася праз дадатковае лёсаванне. А значыць, у выпадку паразы з Лігі Чэмпіёнаў няўдачнік выляціць не ў другі, а адразу ў трэці раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый.

З аднаго боку, такое сабе суцяшэнне, бо ў ЛЧ і бонусы за прасоўванне па сетцы значна большыя, і прэстыж куды больш істотны. З іншага ж — узрастаюць шанцы па альтэрнатыўным шляху патрапіць у групу хоць якога міжнароднага спаборніцтва.

Дадамо, што ў выніку забароны на правядзенне спаборніцтваў пад эгідай УЕФА ў Беларусі хатнія матчы «Шахцёр» таксама згуляе за мяжой, на нейтральным полі. Мяркуецца, што каманда размесціцца ў Турцыі і абярэ стадыён альбо ў Адапазары, альбо ў Афьёнкарахісары.

Мінскае «Дынама» чакае спатканне з чарнагорскім «Дзедзічам». Фота: vk.com/fc_dinamominsk

Мінскае «Дынама» праз выступы ў айчыннай Вышэйшай лізе атрымала права пазмагацца за золата Лігі канферэнцый. У магчымых апанентах сталічнага клуба хадзілі каманды з Арменіі, Мальты, Грузіі ды Босніі і Герцагавіны. Аднак лёсаванне прызначыла «бела-блакітным» двухматчавае спатканне з чарнагорскім «Дзечычам». Дома (дакладней, на нейтральным полі ў Сербіі) беларусы згуляюць 7 ліпеня, на выездзе — 14-га.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру