Як распавяла маці Ягора, у бабруйскай калоніі яго прымушалі пісаць тлумачальныя запіскі, чаму ён нібыта не прыбіраецца, не выцірае пыл і г.д. А Ягор, каб не ісці на канфлікт, пісаў гэта. У маі Дуднікава змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Маці сказалі, што там ён будзе знаходзіцца да ліпеня і яго вернуць у атрад. Але супраць палітвязня накіравалі матэрыялы ў суд.

«Мне сказалі, што былі нязначныя парушэнні. Я і не перажывала, чакала. І вось, як гром сярод яснага неба, гэты суд. Сама ў шоку ад гэтага.

Ягор быў настроены вельмі аптымістычна, вельмі хацеў запісацца ў гурткі. Яны яму адмовілі ва ўсім. Яму і так далі немалы тэрмін, але і гэтага ім аказалася мала»— распавядае маці Ягора.

Ягора Дуднікава затрымалі 4 мая 2021 года ў Мінску і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пры затрыманні ён быў збіты, яго катавалі. 

«Мяне затрымалі 4 траўня 2021 года жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў што да чаго: працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: «Мр***, дабегаўся?» У мяне ўсё ў вачах пацямнела… Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗа — размаўлялі і здымалі на відэа. Яны сказалі, што я — Злойбэт (гэта акаўнт у тэлеграм-канале «АГСБ»). Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама тое, што я агучваў відэаролікі, якія ў наступным размяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб/партызанскібот», — распавядаў Ягор праз адваката.

Хлопцу выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Потым яму таксама выставілі абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) Крымінальнага кодэкса. Адваката Ягора Антона Гашынскага пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі.

20 снежня 2021 Мінскі гарадскі суд распачаў разгляд справы ў закрытым рэжыме. 27 снежня абвясцілі прысуд Ягору: 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое пакаранне вынес суддзя Сяргей Хрыпач па прапанове пракуроркі Жанны Баранавай. 25 лютага 2022 суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі разгледзеў апеляцыйную скаргу Ягора і пакінуў прысуд у сіле.

У сярэдзіне сакавіка Ягор Дуднікаў быў этапаваны ў бабруйскую калонію № 2.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
12