Швед, выступаючы ў Мінску на канферэнцыі «Гістарычная памяць: вялікая перамога, здабытая адзінствам», заявіў: «Цяпер мы актыўна дакументуем дзейнасць дзеда польскага прэзідэнта Дуды, які ўваходзіў у склад украінскага карнага батальёна, што вызначыўся асаблівай жорсткасцю ў першую чаргу на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей».

Адкуль увогуле пайшоў гэты фэйк, што дзед Дуды быў украінцам і служыў у карным батальёне?

Расійская прапаганда распаўсюджвае сярод польскіх ультраправых фэйк пра ўкраінскага дзеда польскага прэзідэнта Анджэя Дуды яшчэ з 2015 года.

Прапагандысты сцвярджаюць, што Анджэй Дуда — унук Міхайла Дуды, камандзіра Украінскай паўстанцкай арміі, які ваяваў з палякамі і на Валыні ў 1943 годзе.

Міхайла Дуда і Анджэй Дуда.

Расійскія боты і польскія ўльтраправыя сцвярджаюць, што Анджэй Дуда вельмі падобны да свайго так званага «дзеда» знешне, і што «фашызм» перадаўся ад продка ў спадчыну генамі.

Фэйк распаўсюджваўся, каб перасварыць паміж сабой палякаў і ўкраінцаў па балючым пытанні супольнай гісторыі (не ўдалося). А таксама для дыскрэдытацыі польскага прэзідэнта, маўляў, «дзядуля» выхаваў польскага прэзідэнта ў духу «нацызму», і таму ён падтрымлівае сучасных «украінскіх нацыстаў».

Фэйк перыядычна то ўсплывае, то зноў затухае ў розных інфармацыйных сметніцах, таксама яго актыўна, мусіць, па камандзе, распаўсюджвалі рускамоўныя боты.

Апошні ўсплёск гэтага фэйку адбыўся ў расійскіх прапагандыстаў у пачатку мая 2022 года.

А як насамрэч?

Адзінае, што звязвае Міхаіла Іванавіча Дуду і Анджэя Дуду — гэта прозвішча (даволі распаўсюджанае як у Польшчы, так і ў Заходняй Украіне).

Гэты фэйк сам прэзідэнт Польшчы зняпраўдзіў яшчэ 7 гадоў таму: украінец Міхаіл Дуда не мог быць дзедам Анджэя Дуды, бо не меў дзяцей. А таксама таму што памёр у 1950 годзе за 22 гады да нараджэння прэзідэнта Польшчы ў 1972 годзе, таму ніяк не мог займацца выхаваннем польскага лідара.

Сапраўднага дзеда польскага лідара па бацькавай лініі звалі Алёіз Дуда. Ён быў палякам, працаваў кушняром, жыў у Старым Сончы і памёр у 1992 годзе.

Агулам, біяграфія польскага прэзідэнта вельмі добра вядомая, нейкіх белых плямаў у яе няма. Сярод продкаў Дуды не было ні ўкраінцаў, ні фашыстаў, ні фашыстаў-украінцаў. Інфармацыя пра продкаў Дуды добра задакументаваная ажно да 1810 года. У адрозненне, напрыклад, ад продкаў Аляксандра Лукашэнкі.

Сапраўдны дзед Дуды Алёіз пасля заканчэння чатырох класаў агульнаадукацыйнай школы пайшоў падпрацоўваць кушняром. Яго першы гаспадар, аднак, дрэнна ставіўся да яго і Алёіз Дуда часамі нават галадаў. Потым дзед будучага польскага прэзідэнта ўцёк ад яго ў Новы Сонч. У 1942 годзе ён сустрэў сваю будучую жонку Кінгу Рамс і праз год ажаніўся з ёй. Яна паходзіла з патрыятычнай гуральскай сям'і з ваколіц Новага Сонча.

Калі Анджэй Дуда быў маленькі, ён любіў хадзіць з дзедам у касцёл, потым пасля імшы яны хадзілі ў краму і куплялі хлеб і тварог (сям'я была бедная).

Існуюць нават фотаздымкі маленькага Дуды з дзедам Алёізам.

Сярод іншых продкаў польскага прэзідэнта ні нацыстаў, ні ўкраінцаў таксама не было.

Родны брат Алёіза, Францішак, ваяваў у складзе Арміі Краёвай з 1943 года і быў узяты немцамі ў палон, яго катавалі ў гестапа, дзе ён у выніку і загінуў.

Дзед па матчынай лініі, Нікодым Мілеўскі, быў прызваны ў рускую армію падчас Першай сусветнай вайны, але дэзерціраваў, у 1918 годзе ўступіў у Войска Польскае, узяў удзел у польска-савецкай вайне, пасля звальнення з войска працаваў у статыстычным упраўленні. Яго брат Віктар і сын Лех былі партызанамі, у прыватнасці, Лех Мілеўскі ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні.

Расійская і лукашэнкаўская прапаганда ўжо шмат гадоў выкарыстоўвае хлусню як інструмент для апраўдання сваіх імперскіх амбіцый і дыктатуры.

Раней расійскія боты і прапагандысты распаўсюджвалі падобныя фэйкі пра дзядоў трох ключавых нямецкіх палітыкаў. Яны заяўлялі, што дзедам канцлера Олафа Шольца быў Фрыц фон Шольц, генерал вермахта Герхард Лінднер быў дзедам міністра фінансаў Крысціяна Лінда, а обергрупенфюрэр СС Гартман Лаўтэрбахер быў дзедам міністра аховы здароўя Карла Лаўтэрбаха. Усе гэтыя сцвярджэнні ілжывыя, а крыніцай гэтых фэйкаў быў «кухар Пуціна» Яўген Прыгожын.

Генпракуратура Беларусі раней распаўсюдзіла аналагічны фэйк пра экс-прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса. 

Чытайце таксама: Запыт пракуратуры адносна Адамкуса: здаецца, адно прынялі за другое, а другое паблыталі з трэцім

Асобы, адносна якіх распаўсюдзілі звесткі, якія зневажаюць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, змогуць падаць у суд па гэтых справах, калі суды ў краіне стануць незалежныя. Такія справы не маюць тэрміну даўнасці. Падаваць такія пазовы могуць і нашчадкі. Акрамя таго, асобныя з фэйкаў могуць падпадаць пад заканадаўства аб распальванні нацыянальнай або сацыяльнай варожасці.

Міністр эканомікі схлусіў — пра вайну

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру