Як паведамляе СК, днём 13 чэрвеня жанчыне патэлефанаваў невядомы і прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі. Ён сказаў, што ад імя пацярпелай паступіла мноства заявак на крэдыты.
Жанчына запанікавала. Пасля гэтага трубку ўзяў іншы мужчына і заявіў, што ён міліцыянт. У пацвярджэнне нават даслаў у мэсэнджар фатаграфію «пасведчання».
Далей падключыўся трэці махляр. Гэты «менеджар» пераканаў жанчыну паставіць на смартфон мабільную праграму аддаленага доступу і выконваць яго інструкцыі. У выніку жанчына страціла 32 тысячы рублёў.
«Характэрна, што пацярпелая да нядаўняга часу займала кіраўнічую пасаду ў адной з IT-кампаній і па адукацыі матэматык. Яна зразумела, што, прытрымліваючыся інструкцый зламыснікаў, дазволіла ім аддалены доступ да свайго мабільнага тэлефона, а тыя — атрымалі магчымасць распараджацца яе грашовымі сродкамі. Але зразумела гэта занадта позна», — адзначылі ў Следчым камітэце.