Расійскае «РИА Новости», а следам за ім і іншыя памыйныя сайты разам з БелТА, выпусцілі крыклівы артыкул, у якім сцвярджаецца: «Амерыканцы абвінавацілі ЗША і Украіну ў крадзяжы 40 мільярдаў даляраў ваеннай дапамогі Кіеву». Нагадаем, нядаўна прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн паведаміў Уладзіміру Зяленскаму, што вылучае мільярд (не 40, а мільярд) даляраў на ваенную дапамогу Украіне.

У якасці доказу гэтага сцвярджэння прапагандысты не прыводзяць ані вынікаў сацыялагічннага апытання амерыканцаў, ані выказванняў экспертаў ці лідараў грамадскай думкі. Няма там нават рэплік маргінальных пракрамлёўскіх блогераў, якіх расійскія прапагандысты любяць выдаваць за «экспертаў». Няма нават любімых выкрутаў прапагандыстаў у выглядзе маніпулятыўнага апытання мінакоў на вуліцы, дзе свядома падабраныя, выгадныя прапагандыстам адказы выдаюцца за грамадскую думку. Адзіны «доказ», які прыводзяць прапагандысты, гэта… каментары ботаў і ананімаў-ноўнэймаў з дзіўнымі нікамі у твітары, якія выдаюцца за «меркаванне амерыканцаў».

«А куды падзелі папярэднія 40 мільярдаў?», — публікуе «РИА Новости» і «БелТА» каментар карыстальніка твітара з нікам Bitcoin on a Buffalo.

«Чаму мы ўсё яшчэ нясём фінансавую адказнасць за гэта?» — публікуюць прапагандысты «выказванне» Android John.

Тлумачым, чаму гэта маніпуляцыя.

Па-першае, прапагандысты з «РИА Новости» (а за імі і БелТА) прыводзяць толькі нікі гэтых карыстальнікаў твітара і іхныя «каментары» на рускай мове, але прапагандысты не пазначаюць нават спасылак (ці хаця б скрыншотаў) гэтых каментароў. 

Па-другое, карыстальнікі з такімі нікамі і праўда існуюць. Але нідзе ў іх профілі няма нават сцвярджэння, што яны з Амерыкі.

Па-трэцяе, самі старонкі прыведзеных «РИА Новости» акаўнтаў выглядаюць як тыповыя старонкі ботаў, а не рэальных людзей. Замест імён — дзіўныя назвы нікаў (Bitcoin on a Buffalo, Android John, Giorgio Latte), поўная адсутнасць асабістых фотаздымкаў ці нейкай інфармацыі, па якой можна было б верыфікаваць сапраўднага карыстальніка, амаль поўная адсутнасць падпісчыкаў. 

Нават калі гэта былі б і рэальныя людзі, выдаваць адзінкавыя каментары абывацеляў у інтэрнэце за амерыканскую грамадскую думку — маніпуляцыя. 

Расійская прапаганда з першых дзён вайны сцвярджае, што цывільныя ўлады Украіны раскрадаюць заходнюю вайсковую дапамогу. Асобныя выпадкі з яе раскраданнем сапраўды здараюцца, але ўсе яны тычацца раскрадання на нізавым узроўні, калі асобныя махляры прысвойваюць ахвяраванні індывідуальных дабрачынцаў. У ваеннай рэальнасці гэта непазбежная сітуацыя, нават у таталітарных краінах падчас вайны было тое самае. Але няма ніякіх доказаў і сведчанняў таго, што заходняя дапамога насамрэч раскрадаецца цэнтралізавана, у вялікіх маштабах.

Расія з’яўляецца адным з сусветных лідараў па распаўсюджванні дэзынфармацыі ў інтэрнэце, яна сістэмна гэтым займаецца з 2007 года. У распараджэнні крамлёўскай прапагандысцкай машыны працуюць цэлыя арміі ботафермаў і шматмільярдныя бюджэты. Адну з галоўных расійскіх «фабрык троляў» утрымлівае «кухар Пуціна» Яўген Прыгожын. Расійскія боты працуюць як на ўнутрырасійскую, так і на замежную аўдыторыю.

Сярод галоўных мэтаў крамлёўскіх ботаў: стварыць уражанне масавасці падтрымкі пэўных дзеянняў Крамля ці яго наратываў, дыскрэдытаваць палітычных апанентаў і дэмакратычныя краіны, укінуць у публічны дыскурс у рамках «постпраўды» самыя абсурдныя версіі, весці дэзынфармацыйныя кампаніі на замежжа. 

З пачаткам гарачай фазы расійска-ўкраінскай вайны беларуская прапаганда была цалкам падпарадкаваная расійскай па знешнепалітычных пытаннях. Беларускія дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы сталі не проста філіяламі расійскіх, а іх рэтранслятарамі. БелТА, БТ, АНТ і СТБ часам проста рэпосцяць самыя абсурдныя паведамленні расійскай прапаганды. Пул прапагандысцкіх спікераў у лукашэнкаўскай і крамлёўскай прапаганды таксама стаў амаль ідэнтычным.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру