«Тэарэтычна Беларусь можа ўдарыць па Кіеве і сваёй зброяй: ёсць дывізіён аператыўна-тактычных комплексаў «Паланэз». Гэта сістэма можа страляць рэактыўнымі снарадамі на далечыню каля 300 кіламетраў. Таксама можа страляць аператыўна-тактычнай ракетай, але ж выпрабаванні такой ракеты яшчэ амаль не праводзіліся. 

«Паланэз» падчас стральбы

«Паланэз» падчас стральбы

Калі гаварыць пра рэактыўныя снарады, там сістэма такая: калі больш паліва, тады меншая боегалоўка. Калі большая боегалоўка, менш паліва, адпаведна, ракета ляціць на меншую адлегласць. Гэта сістэма для кропкавых удараў, — тлумачыць Алесін. — 

Таму рэактыўныя снарады не нанясуць асаблівай шкоды такому вялікаму гораду, як Кіеў. Але псіхалагічны эфект і рэзананс будзе вялікі».

А колькі ў краіне тых «Паланэзаў»? 

«У Беларусі, як я разумею, сёння адзін дывізіён «Паланэз». 

Артылерыйская батарэя — гэта тры ўстаноўкі, у дывізіёне тры батарэі. Бывае і больш, але, мяркую, прыкладна з дзясятак установак. Каб нанесці значныя пашкоджанні Кіеву такой колькасці ўстановак недастаткова. Магчымыя разбурэнні асобных прадпрыемстваў, будынкаў, але не больш за тое», — кажа Алесін. 

Што тычыцца ракет «Точка У» альбо ракетных сістэм залпавага агню «Смерч» ці «Ураган», якія таксама мае Беларусь, то яны ляцяць на меншую адлегласць. «Точка У» пралятае трохі больш за 100 кіламетраў, снарады РСЗА яшчэ менш. З беларускай тэрыторыі да Кіева яны не дастануць, адзначае эксперт.

Ён разважае: 

«Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе расійскія комплексы «Іскандэр», якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. «Іскандэр» мае далечыню да 500 кіламетраў. Лукашэнка хоча купіць для Беларусі таксама «Іскандэр», але там будзе версія з далечынёй да 300 кіламетраў — па рэжыме кантролю за ракетным узбраеннем больш магутную версію Расія не мае права прадаць».

На думку Алесіна, негледзячы на пагрозлівыя заявы, ваяваць Лукашэнка зараз зусім не хоча:

«Уступаць у канфлікт сёння — апошняе, чаго б хацеў Лукашэнка. Гэта будзе патрабаваць вялікіх фінансавых затрат. Мабілізаваць войска, назапасіць рэсурсы — гэта грошы, якіх у нас няма. 

Ну і прыйдзецца пераканаць беларусаў, што вайна з Украінай неабходная. Гэта будзе цяжка. Як бы Лукашэнка ні казаў пра магчымасць правакацый з боку Украіны, беларускае насельніцтва ў масе не верыць у вялікую вайну Беларусі і Украіны. 

Таму, мяркую, словы Лукашэнкі — папярэджанне. Амерыканская, брытанская разведка казалі, што не бачаць падрыхтоўкі Беларусі да ўступлення ў вайну. 

Але Лукашэнку цяпер не трэба ваяваць яшчэ таму, што ён злавіў вецер у ветразь. Расія выдзеліць 1,5 мільярда даляраў на мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў, якія будуць выпускаць прадукцыю для Расіі. Гэта электронныя схемы, аптычнае абсталяванне, цягачы. Расіі зараз будзе трэба ўсё, што раней пастаўляў Захад, ад аўтобусаў да трактароў. І беларускія тавары, ад якіх раней Расія адмаўлялася, зараз патокам пойдуць у Расію. У такой сітуацыі Лукашэнка менш за ўсё хоча ваяваць».

Клас
10
Панылы сорам
59
Ха-ха
34
Ого
7
Сумна
5
Абуральна
31