«Мы не ваюем з Украінай»

Прафесар МГІМО паўтарыў псіхалагічную ўстаноўку расійскай прапаганды: Расія не ваюе з Украінай. А з кім жа?

«Гэта не вайна з Украінай. Гэтай вайна на тэрыторыі братняга народа, вайна з Захадам. Гэта вайна з элітамі ЗША і Вялікабрытаніі», — сказаў Андрэй Бязрукаў.

Такім чынам, ён цалкам адмаўляе Украіне ў суб’ектнасці, хаця і называе вайну вайной.

Прафесар дадаў:

«А для нас гэта вайна, па сутнасці, вызваленчая, за незалежнасць. Гэта вайна антыкаланіяльная».

Насамрэч, гэтая вайна з’яўляецца антыкаланіяльнай і вызваленчай толькі для Украіны. Нічога не пагражала і не пагражае незалежнасці Расіі — ядзернай дзяржаве з другой па сіле арміяй свету і велізарнымі запасамі прыродных рэсурсаў. Ніхто не каланізаваў і не захопліваў расійскіх тэрыторый. Наадварот, гэта сама Расія праводзіла агрэсіўную замежную палітыку і перакройвала межы суседніх дзяржаў, парушаючы нормы міжнароднага права. 

«Мы перашкаджаем амерыканцам»

Шмат Бязрукаў гаварыў пра Амерыку. 

«І вось тыя, хто ім перашкаджае, ад індзейцаў да мексіканцаў, якія перыядычна з'яўляюцца (часам вельмі карыкатурныя персанажы або з якіх робяць карыкатурных персанажаў), вось з імі трэба змагацца. Цяпер мы (рускія — НН) сталі тым персанажам, які перашкаджае ім жыць. Яны спрабуюць усіх аб'яднаць, каб выбудаваць гэтую сістэму супраць нас», — сказаў Андрэй Бязрукаў.

Насамрэч, расійскія прапагандысты ўтрыруюць і значна перабольшваюць ролю Расіі ў свядомасці як звычайных амерыканцаў, так і амерыканскіх палітыкаў. З распадам Савецкага Саюза, як толькі Расія перастала быць экзістэнцыяльнай пагрозай для заходняга свету, амаль ніхто на Захадзе не ўспрымаў Расію як ворага, ніхто не аб’ядноўваўся супраць яе і не выбудоўваў супраць яе ніякіх «сістэм». Больш за тое, многія заходнія дзяржавы імкнуліся інтэграваць Расію ў глабальныя гандлёва-эканамічныя ланцужкі, каб праз эканамічнае супрацоўніцтва наблізіць яе да сябе.

Расія пачала ўспрымацца як пагроза толькі тады, калі яна пачала замахвацца на суверэнітэт суседніх дзяржаў, а таксама праводзіць варожыя дзеянні супраць заходніх краін. Развязаная вайна супраць Украіны стала апошняй кропляй цярпення. 

«Эліта ЗША драбнее пакуль што. Думаю, што на наступным цыкле развіцця прыйдуць да ўлады больш адэкватныя людзі. Але цяпер як раз у асобе ЗША мы маем эліту, што старэе, якая спрабуе вырашаць свае ўнутрыпалітычныя праблемы за кошт адцягнення ўвагі свайго народа, які падзелены 50 на 50, за кошт замежнага ворага. Эліта там заседзелася», — кажа расійскі эксперт пра ЗША, хаця гэтыя словы больш адпавядаюць Расіі.

Гэта ў Расіі, а не ў Амерыцы, ужо больш за 20 гадоў не адбываецца ратацыі ўлады. Пуцін, які ўжо зусім не малады чалавек (яму 69 гадоў), вырашае ўласныя ўнутрыпалітычныя праблемы за кошт распальвання ўнутры расійскага грамадства імперскіх, шавіністычных і рэвізіянісцкіх сантыментаў у адносінах да суседніх і заходніх дзяржаў. І гэта пры тым, што за больш чым 20 гадоў свайго кіравання Пуцін так кардынальна і не здолеў палепшыць эканамічныя паказчыкі Расіі і падняць даходы расіян. Адносна паспяховымі можна назваць толькі першыя гады яго кіравання, аднак пасля імперскага павароту, прыкладна ад 2008 года, эканоміка Расіі практычна стагніруе, няглядзечы на высокія цэны на нафту. Памер эканомікі за апошнія 14 гадоў практычна не вырас. Для параўнання: ВУП Кітая за той жа перыяд вырас у 4 разы, а ў ЗША вырас прыкладна на 50%.

У той жа час прафесар МГІМО расказвае стандартную мантру пра тое, што Амерыка ўпадае ў глыбокі крызіс. 

«Хто б цяпер ні сеў на амерыканскага мустанга, яго скінуць. Таму што мустанг кволы, у яго баліць жывот. Калі на яго садзяцца, ён гэтага цярпець не можа», — аргументуе свае думкі прафесар.

Трэба толькі пацярпець

Яшчэ адна любімая забава расійскіх і лукашэнкаўскіх палітолагаў — штогод казаць пра тое, што свет ніколі не будзе ранейшы, што свет уваходзіць у стадыю глыбокага крызісу і перабудовы, пасля якога ўсё будзе іначай і Расія ўмацуецца. Трэба проста крыху пацярпець і аб'яднацца вакол лідара. Пагугліце — яны штогод гэта кажуць.

Нейкія падобныя думкі выказваў і Бязрукаў. 

«Мы ўваходзім у вельмі цяжкі перыяд. Гэты перыяд будзе доўжыцца гады, калі не дзесяцігоддзі. Гэта перыяд глыбокай перабудовы. І зараз будзе вызначацца, якія з дзяржаў разваляцца ў сілу ўнутраных прычын, а якія не», — кажа прафесар МГІМО.

Звычайна такія рэфлексіі падводзяць да таго, што, паколькі, перыяд вельмі цяжкі, то зараз патрэбныя так званыя моцныя лідары.

«Толькі моцныя асобы могуць растлумачыць адной палове людзей, што гэта трэба рабіць, і прымусіць іншую палову, якая не хоча мабілізацыі. І там, дзе гэтых моцных асоб няма, атрымліваецца каша, нават у багатых краінах, як еўрапейскія. Праз некалькі гадоў гэта абернецца адставаннем, стратай пазіцый, унутраным палітычным крызісам і гэтак далей. І гэта мы ўжо бачым», — сказаў Андрэй Бязрукаў.

Па версіі расійскага палітолага, людзі неразумныя, і без «моцных гаспадарнікаў» нічога самі рабіць не будуць. Гэта традыцыйны тэзіс крамлёўскіх ідэолагаў.

«У Еўропе пасля дэ Голя, Шырака, Мітэрана, Шродэра не засталося тых палітыкаў, якія могуць заявіць пра сябе як прадстаўнікі суверэннай дзяржавы. Гэта іх праблема», — наракае прафесар.

Усе выказванні пра «змену эпох і перафарматаванне» і «свет ніколі не будзе ранейшы», якія паўтараюцца год за годам, служаць толькі для апраўдання аўтарытарызму і падтрымкі антыдэмакратычных сіл за яе межамі. 

Мы наш, мы новы свет збудуем

І тут прафесар МГІМО пераходзіць да абвяшчэння месіянскай ролі Расіі ў свеце. Менавіта Расія, на ягоную думку, будзе будаваць новы свет. У якасці аргумента прафесар МГІМО прыводзіць дыялог з інданезійскім таксістам.

«Калі вы прыязджаеце ў іншую краіну, сядаеце ў аэрапорце ў таксі, напрыклад у Інданезіі, вас пытаюцца адкуль вы. Пачуўшы адказ «з Расіі», кажуць: «Пуцін good». Там няма гэтага падрыхтаванага асяроддзя нянавісці, яны спакойна да нас ставяцца, больш за тое — з сімпатыяй», — сказаў Андрэй Бязрукаў.

Прафесар МГІМО сцвярджае, што апошнія 30 гадоў Расія жыла пад каланіяльным прыгнётам Захаду. Але, па-першае, ніякага каланіяльнага прыгнёту не было, Расія была незалежнай дзяржавай, моцным і ўплывовым гульцом на міжнароднай арэне. Па-другое, большую частку з гэтых 30 гадоў Расіяй кіраваў Пуцін. Выходзіць, ён цярпеў «каланіяльны прыгнёт»? 

«Галоўнае, каб не гадзіў»

«Ёсць людзі, якія рэальна з'яўляюцца здраднікамі, якія асацыявалі сябе з глабальнай алігархіяй, якія былі тут альбо намеснікамі гэтай каланіяльнай адміністрацыі, альбо яе паслугачамі. З гэтымі людзьмі нам дакладна не па дарозе. І яны не вернуцца, таму што разумеюць, што іх тут чакае суд», — гаворыць прафесар МГІМО фразамі са сталінскіх часоў. 

Але адразу ж удакладняе, што ворагі народу і здраднікі тэарэтычна могуць вярнуцца, загладзіўшы віну.

«Самае галоўнае, каб гэты чалавек не гадзіў. Калі чалавек з'язджае і пачынае несці ўсякую гадасць аб той краіне, з якой з'ехаў, потым вяртацца неяк не кашэрна. Таму ты павінен публічна прызнацца, што не меў рацыі, і папрасіць прабачэння», — кажа прафесар топавага расійскага ўніверсітэта.

Чаму ж вы такія бедныя?

«500 гадоў яны ваявалі, кралі дабро і грошы за кошт гвалту, пірацтва, а потым хваліліся гэтым. Нам трэба зразумець, што ў іх крыніца грошай вычарпалася. І што ім давядзецца, як нам цяпер, зарабляць самім. Мы ім больш грошай проста так даваць не будзем. Мы не каланіяльная дзяржава. І калі мы ўбачым, што мы багацейшыя, чым яны, тады яны прыйдуць да нас і будуць прасіць, каб мы да іх прыйшлі», — сказаў Андрэй Бязрукаў, апраўдваючыся, чаму Расія такая бедная на фоне Захаду. 

Насамрэч, еўрапейскія каланіяльныя імперыі ўжо даўно дэмантаваныя. Больш за тое, далёка не ўсе заходнія дзяржавы мелі калоніі. Напрыклад, у Фінляндыі, Ірландыі ці Чэхіі, як і ў большасці іншых краін, не было ніякіх калоній, але гэтыя краіны жывуць нашмат лепш, чым Расія. Ну і сама залежнасць дабрабыту краіны ад яе каланіяльнага мінулага — вельмі сумнеўная. Напрыклад, у свой час адну з самых моцных і вялікіх каланіяльных імперый пабудавала Партугалія — прычым утрымлівала яе найдаўжэй, да 1975 года. Але ў той жа час Партугалія была і застаецца самай беднай краінай Заходняй Еўропы. 

Насамрэч, сама сённяшняя Расія куды больш нагадвае каланіяльную імперыю, чым сучасныя заходнія дзяржавы. Яна так і не стала сапраўднай федэрацыяй. Проста расійскія калоніі (землі карэнных народаў, багатыя на прыродныя рэсурсы) знаходзяцца не за морам, а на адным кантыненце з метраполіяй. 

А нам застаецца нагадаць, што Андрэй Бязрукаў — гэта адзін з тых самых бяздарных расійскіх агентаў, якіх арыштавалі ў ЗША разам з Ганнай Чэпмэн. Пасля абмену шпіёнамі яго працаўладкавалі ў МГІМО, і цяпер ён гастралюе па расійскай правінцыі. І ў Мінск.

Клас
4
Панылы сорам
14
Ха-ха
39
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
8