Кватэры без чыставога рамонту ў дамах, якія ўжо даўно заселеныя (здадзеныя ў эксплуатацыю 5-15 гадоў таму), з'яўляліся ў продажы і раней, але за апошні час такіх прапаноў стала ўдвая больш, дзеліцца назіраннямі спецыяліст у сферы нерухомасці.

Сам факт з'яўлення «замарожаных» кватэр тлумачыцца тым, што заўсёды ёсць праслойка людзей, якая ўкладала грошы ў нерухомасць «на будучыню». 

«Хтосьці купляў кватэру «на выраст», хтосьці для дзяцей, якія пасля павінны былі самі вызначыцца, які рабіць рамонт. Для пэўнай часткі гэта як інвестыцыйныя ўкладанні. Нярэдка уладальнікамі такіх памяшканняў аказваліся расіяне, якія набывалі ў Беларусі нерухомасць з разлікам на тое, каб пераехаць сюды на пенсію.

Так ці інакш, прычыны набыцця жылля могуць быць розныя, у той час, як прычына продажу часцей за ўсё адна — змена абставін», — кажа суразмоўца.

Паколькі абставіны апошнім часам мяняюцца далёка не ў лепшы бок, то з'яўляецца ўсё больш людзей, якія лічаць за лепшае трымаць зберажэнні ў выглядзе грошай, а не ў нерухомасці. Тым больш, калі нерухомасць у Беларусі таннее. Трымаць такія кватэры становіцца бессэнсоўным, паколькі невядома, калі настане час, каб можна было прадаць іх даражэй, і ці настане ён наогул.

«Прычым першапачаткова зніжэнне цэн на нерухомасць у Беларусі абумоўлівалася менавіта тым, што да канца 2019 — пачатку 2020 года яны дасягнулі свайго піку і сталі непад'ёмнымі. Тады «квадрат» у Мінску каштаваў каля 1500-1600$, што, безумоўна, было занадта высокай цаной для Беларусі, таму зніжаўся попыт, а за ім і цэны», — адзначае эксперт.

На пачатак 2021-га «квадрат» патаннеў да 1320$. Праз вайну цана яшчэ зменшылася. Цяпер «метр» у сталіцы ў сярэднім каштуе каля 1200 даляраў.

У рэальных здзелках цэны на кватэры ў Мінску ўпалі на 8-20%. Найменшае падзенне назіраецца ў бюджэтным сегменце.

«Цэны на тыя ж хрушчоўкі ўжо прыйшлі да свайго мінімуму 2016 года, таму тут зніжэнне не такое прыкметнае, як у жылля камфорт-класа — менавіта там мы назіраем падзенне ў рэальных здзелках аж да 20% ад цэн на люты 2022 года», — акрэсліваюць тэндэнцыю на рынку нерухомасці.

Пакуль няма падстаў для таго, каб заяўляць пра тое, што рынак дасягнуў дна і кватэры перастануць таннець. 

«Нават нягледзячы на адносна неблагія паказчыкі ў чэрвені, мы бачым, што людзей у Мінску не становіцца больш, а аб'ёмы будаўніцтва застаюцца на тым жа ўзроўні, — тлумачаць эксперт. — Актыўнасць, якую мы назіраем цяпер, меркавана, абумоўленая тым, што да куплі кватэр вярнуліся тыя, хто адклаў гэтае дзеянне вясной.

Апроч гэтага, бачна, што людзі пераключыліся на больш таннае жылле — цяпер павысіўся попыт на аднапакаёвыя кватэры ў старых дамах. Праз гэта мы атрымалі, што трохі павысіўся кошт метра, бо ў аднапакаёўках ён заўжды вышэйшы».

Моцна прасядаюць арэндныя стаўкі. Праз гэта здаваць кватэры становіцца ўжо не так выгадна, як раней — купля нерухомасці для таго, каб зарабляць на здачы ў арэнду, пачынае губляць сэнс. Гэта таксама мусіць адбіцца на цэнах. 

Вяртаючыся да тэмы «новых» кватэр у старых дамах — для пакупнікоў яны маюць шэраг плюсаў. Будынкі, якім 10 і больш гадоў, ужо далі ўсадку. Побач, як правіла, больш развітая інфраструктура, чым у навабудах. Да таго ж, у суседніх кватэрах ужо зроблены рамонт, таму не будзе шуму ад няспынных работ.

Чытайце таксама:

Каб Мінск хутка не задыхнуўся. Па якіх цэнах прадаюць новыя кватэры ў гарадах-спадарожніках

Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры абласных цэнтраў? Інтэр'ер некаторых вас уразіць

Ад 29 тысяч даляраў. Як выглядаюць і колькі каштуюць самыя танныя кватэры Мінска

Клас
33
Панылы сорам
10
Ха-ха
9
Ого
15
Сумна
11
Абуральна
22