Таццяне (імя змененае) 32 гады. Найбліжэйшыя некалькі гадоў заводзіць дзяцей яна не плануе.

«Хаця мая маці, напрыклад, нарадзіла мяне ў 24 гады. Сваякі кажуць, што я ўжо страчаная, і пастаянна цікавяцца, калі ўжо будзе дзіця. Раздражняе вельмі, канечне. Партнёра ў мяне няма, я не сустрэла яшчэ мужчыну, ад якога б хацела нарадзіць. І ўвогуле нейкіх сур’ёзных адносін у мяне не было», — расказвае жанчына. 

Сярод прычын, чаму яна не хоча нараджаць дзяцей, Таццяна таксама адзначае, што ў яе ёсць шмат псіхалагічных праблем з дзяцінства і страх самога працэсу родаў. 

«З маці я не вельмі сябравала ў дзяцінстве, — прызнаецца яна. — Бацькі развяліся, маці спачатку ўпала ў дэпрэсію, а потым пачала актыўна гуляць. Але справа не ў гэтым. Мае галоўныя пытанні — ці нармальна, што я не хачу заводзіць дзяцей і як рэагаваць на асяроддзе, якое гэтага патрабуе». 

Што ўплывае на жаданне заводзіць дзяцей? 

Пра сітуацыю паразмаўлялі з сямейным і рэпрадуктыўным псіхолагам, гештальт-тэрапеўткай Ганнай Матуляк. Яна тлумачыць:

«Ёсць шмат несвядомых матываў, якія мы не можам кантраляваць. Першае — жаданне пражыць інакш сваё дзяцінства. Напрыклад, калі ў жанчыны не было бацькі, яна выходзіць замуж за добрага мужчыну і ўяўляе, што ён будзе выдатным бацькам.

Другое — несвядомае жаданне аддзяліцца ад бацькоўскай сям'і. Пры гэтым пара можа жыць самастойна фізічна і фінансава, але эмацыйна заставацца ў моцнай сувязі, якая можа разбурыцца, калі з'явіцца сваё дзіця. Напрыклад, жанчына думае, што калі стане маці, то адназначна будзе дарослай».

Свядомыя матывы больш вытлумачальныя: у пары ёсць кватэра, машыны, пэўны ўзрост, даход — час задумацца пра нашчадкаў.

Гэта ўсё дзейнічае як у жанчын, так і ў мужчын?

«Так, але ёсць невялікія адрозненні. Жанчына вучыцца быць мамай ва ўласнай маці, адбываецца адпаведная ідэнтыфікацыя. І ў гэтым выпадку працэс у сілу розных умоў і прычын можа быць парушаны», — расказвае псіхолаг. 

Напрыклад, адносіны з маці могуць быць такія канфліктныя і складаныя, што дзяўчына, адчуваючы патрэбу ў ідэнтыфікацыі, не жадае быць падобнай да яе.

Ці абумоўленае жаданне нарадзіць дзіця фізіялагічнымі патрэбамі? 

«Фізіялогіяй не абумоўлена, гэта больш пра фразу дактароў «у вас узрост, трэба ўжо нараджаць». Чалавеку можа падабацца жыццё, якое ў яго ёсць цяпер. Ён дасягнуў матэрыяльнага дабрабыту і мае працу, якая яго задавальняе. Але нібыта не ўсё добра, таму што ў соцыуме прынята, што жанчына павінна стаць мамай — урачы звяртаюць увагу на ўзрост, а бацькі цікавяцца, дзе ўнукі. І бывае, што жанчына пачынае ісці ў гэта, не вельмі хочучы, але грунтуючыся на нейкіх лагічных перакананнях», — тлумачыць Ганна Матуляк. 

Псіхолаг падкрэслівае, што праз унутраны канфлікт нават сама цяжарнасць можа не наступаць.

«Часам жанчынам бывае складана пасля нараджэння дзіцяці, бо чаканні могуць вельмі адрознівацца ад рэальнасці. Трэба заўсёды разумець, што мацярынства — гэта праца. Прынята пісаць, што гэта найвышэйшая місія жанчыны і што адразу з'яўляецца любоў, якая дае сілы. Насамрэч, гэта сур'ёзныя фізічныя і эмацыйныя ўкладанні. І да гэтага трэба быць гатовым.

Ці гатовыя вы зараз паставіць сваё жыццё на паўзу? Добра было б сумленна адказаць на пытанне, не трымацца на ілюзіях, што з дзіцём нічога не змяніцца: і працаваць буду, і падарожнічаць, і рэалізоўвацца. Гэта пазбяганне рэальнасці, якая можа быць усякай». 

Многія беларусы цяпер знаходзяцца ў нестабільным становішчы як унутры краіны, так і за мяжой. Як уплываюць такія знешнія фактары на жаданне завесці дзіця? 

Тут два варыянты рэакцыі. З аднаго боку, гэты страх пераважвае, а чалавеку трэба быць у бяспецы, каб рашыцца на дзіця. Ёсць тыя, хто адкладвае гэтае пытанне да дасягнення стабільнага стану. 

Іншыя наадварот пачынаюць планаваць. Бачаць такі сэнс: мацярынства мяне можа максімальна зазямліць. Эмоцыі, якія суправаджаюць этап цяжарнасці і нараджэння дзіцяці, могуць стаць рэсурсна важнымі для чалавека.

Як зразумець, што вы гатовыя да нараджэння дзіця? 

«Па-першае, спытаць сябе, чаму цяпер гэтае пытанне ўзнікла? Чым напоўнены фон майго жыцця, у якім гэтая ідэя з'явілася? Матывы могуць быць не відавочныя. Напрыклад, жонка даведалася пра здраду мужа, яны быццам бы гэтую тэму закрылі і пачалі планаваць дзіця. Гэтае рашэнне выступае тут спробай змацаваць адносіны», — тлумачыць Ганна Матуляк. 

Па-другое, трэба разабрацца, ці няма ў вас канфліктаў з бацькамі. Па-трэцяе, задаць сабе пытанне, ці падабаецца у цэлым ваша жыццё.

«Калі жанчына жадае нарадзіць дзіця, таму што ёй надакучыла праца і яна не хоча шукаць новую, ёй зручней сысці ў дэкрэт, то цяжарнасць не выратуе яе ад праблем, а наадварот іх дадасць, — мяркуе псіхолаг. — Варта падумаць, ці гатовыя вы да кампрамісаў, на якія трэба будзе пайсці са з'яўленнем дзіцяці. Якой бы актыўнай мамай вы ні былі, вы не зможаце некуды сарвацца ноччу. Цяпер сустрэчу з сяброўкай трэба планаваць». 

Ці ёсць узрост, у якім з’яўляецца жаданне завесці дзіця?

Часцей жанчыны могуць адзначаць жаданне завесці дзіця ў тым узросце, у якім іх нарадзіла маці. 

«Укласціся ў нейкія нарматывы тут нельга. Цяпер жанчыны сталі больш вольныя. Яны могуць выбіраць, нараджаць дзяцей ці не, у якім узросце, з якім партнёрам», — кажа псіхолаг.

На рашэнне не мець дзіця ўплывае наш уласны дзіцячы вопыт. Чалавек можа яму супраціўляцца або захоча пражыць той вопыт інакш.

Як рэагаваць на асяроддзе, якое патрабуе нарадзіць дзіця?

«Спыняць, — раіць псіхолаг. — Гэта ўсё роўна, як да вас падыдзе чалавек і спытае, колькі ў вас грошай у кашальку. Гэта асабістая справа, якая нікога не тычыцца. Важна вучыцца бараніць сябе і свае межы. 

Я сваю старэйшую дачку ў адказ на просьбу сваякоў паказаць дзённік з адзнакамі навучыла пытацца: які ў вас заробак? Можа быць, гэта груба гучыць, але дзейсна. Можна тактоўна пацікавіцца пра планы на рэпрадуктыўнае жыццё, але не даваць парады і рэкамендацыі». 

На пытанні сваякоў можна адказваць так: «я не хачу з вамі гэта абмяркоўваць», «гэта асабістая тэма», «вы даведаецеся пра гэта першымі».

«Адна мая кліентка кажа так: «У наступны чацвер мы з мужам будзем прадпрымаць чарговую спробу абзавесціся патомствам у 21:30, можаце прысутнічаць». Гэта адэкватны адказ на тое ўмяшанне, якое адбываецца», — кажа Матуляк. 

Што рабіць, калі чалавек шкадуе, што нарадзіў дзіця?

«Тут адназначна варта звярнуцца да псіхатэрапеўта. Чалавек сутыкаецца з разбітай ілюзіяй. Несвядома спадзяваецца, што, нарадзіўшы дзіця, пражыве сваё дзяцінства нанова. А так не атрымліваецца, надыходзіць расчараванне, якое прыводзіць у тупік. Эмацыйна цяжка, а яшчэ і мацярынскія функцыі трэба выконваць», — кажа яна. 

Ці нармальна ў 35 гадоў не хацець нарадзіць дзіця? 

«Так. Нармальна ўсё, што не парушае межы іншых людзей, — адзначае Ганна Матуляк. —

Вы адказваеце за сваё жыццё і вырашаеце, што ў ім будзе. І калі мы гаворым аб пары, то прымальна ўсё, што лічыцца ў ёй нармальным.

Сям'я прыняла рашэнне, што цяпер не гатовая да з'яўлення дзяцей. Ёсць шмат іншых магчымасцяў рэалізацыі сябе».

Пра што гаворыць жаданне жанчыны нарадзіць для сябе?

Часцей за ўсё такім чынам жанчына хоча закрыць адно са сваіх запатрабаванняў. Тут можа быць шмат варыянтаў: выратавацца ад адзіноты, атрымаць любоў, якой не хапіла ад бацькоў, адчуць сваю патрэбнасць. 

«Атрымліваецца такая манаполія на дзіця. Але ўзнікаюць пытанні: ці зможа яна адпусціць сваё дзіця, як будзе рэагаваць, калі ў яго будуць партнёры?

Калі дзіця пачне рэалізоўваць свае запатрабаванні, жанчына можа ўспрымаць гэта як здраду.

Таму так шмат складанасцяў у дзяцей, якія выхоўваліся адным з бацькоў. Але ўдакладню, што гэта не з'яўляецца крытэрыем няшчасця. Таму што ёсць поўныя сем'і, дзе тыя ж праблемы.

А, напрыклад, у выпадку, калі ў маці ёсць партнёр (але адносіны не зарэгістраваныя), яна рэалізуе сваё асабістае жыццё і тады спакойна ставіцца да сталення і сыходу з гнязда дзіцяці», — падсумоўвае псіхолаг. 

Чытайце таксама: 

Чаму не дапамагаюць паходы да псіхолага і як з гэтым быць?

«Жыву з пахавымі галюцынацыямі. Смузі для мяне — невыносны смурод». 22-гадовы беларус паўтара года пасля кавіду ўсё яшчэ пакутуе

Клас
33
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру