Бліжэй да Севераданецка (дзе працягваюцца жорсткія баі за кантроль над тэрыторыяй хімічнага прадпрыемства «Азот») расійскія вайскоўцы штурмуюць пасёлак гарадскога тыпу Сіроціна — фактычную ўскраіну горада. Акрамя таго, па даных украінскага генштаба, армія РФ рыхтуецца фарсіраваць раку Северскі Данец, якая падзяляе Севераданецк і Лісічанск.

Генштаб пацвярджае, што расійскія войскі не спыняюць спробаў перарэзаць шашу Бахмут — Лісічанск, вельмі важную для забеспячэння ўкраінскіх войскаў. Каб дасягнуць гэтай мэты, яны «спрабуюць авалодаць каманднымі вышынямі ў раёне Берастовага» (населены пункт на трасе ў Данецкай вобласці).

Паводле звестак Генштаба, расійскія войскі таксама вядуць наступ у кірунку Бахмута і перакінулі сюды адну батальённа-тактычную групу са складу Цэнтральнай вайсковай акругі.

На Харкаўскім кірунку, як паведамляюць украінскія вайскоўцы, расійскае войска «засяроджвае асноўныя намаганні на недапушчэнні выхаду сіл абароны ў тыл групоўкі акупацыйных войскаў, якая дзейнічае на Славянскім кірунку». Тут Генштаб мае на ўвазе спробы УСУ весці наступ у раёне Ізюма, а таксама бліжэй да мяжы з Расіяй (каб перарэзаць шляхі забеспячэння арміі РФ праз Ваўчанск і Купянск).

Як адзначае ўкраінскі Генштаб, на Славянскім кірунку расійскія вайскоўцы маюць намер прымяніць цяжкія агнямётныя сістэмы. «З мэтай узмацнення групоўкі войскаў у раёне горада Ізюм праціўнік перамясціў да двух танкавых падраздзяленняў», — сказана ў паведамленні.

На Паўднёвабугскім кірунку армія РФ «асноўныя намаганні засяроджвае на недапушчэнні правядзення нашымі войскамі контрнаступальных дзеянняў у Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях», паведамляе Генштаб ВСУ. Украінскія вайскоўцы не выключаюць наступлення праціўніка ў напрамку Кісялёўкі (гэты населены пункт каля Херсона УСУ нядаўна вярнулі пад кантроль) з мэтай выхаду на адміністрацыйныя межы Херсонскай вобласці.

Паводле ацэнкі Генштаба УСУ, «у гатоўнасці да ўжывання ракетнага ўзбраення ў акваторыі Чорнага мора знаходзяцца пяць носьбітаў крылатых ракет марскога базавання тыпу «Калібр» (сумарны залп — да 40 ракет)».

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1