Усе ўжо амаль прызвычаіліся, што перамовы Лукашэнкі з Пуціным адбываюцца не радзей, чым раз на месяц. Тым не менш, цяперашняя, шостая з пачатку году сустрэча выглядае трохі незвычайнай паводле некалькіх чыннікаў.

Па-першае, усё ж частата такіх самітаў выклікае пэўнае здзіўленне. Хоць збольшага гэта можна патлумачыць.

Тут і патрэба ва ўзаемным псіхалагічным падсілкаванні для лідараў краін, якія апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі. Асабліва на тле той дыпламатычнай поўхі, якую атрымаў Пуцін ад прэзідэнта Казахстана Касыма Жамарта Такаева на Санкт-Пецярбурскім эканамічным форуме.

І неабходнасць дэманстрацыі ўласнаму электарату таго, што ў вонкавай палітыцы ўсё нармальна, яшчэ засталіся надзейныя саюзнікі.

Другі момант. Цяперашняя сустрэча нібыта анансавалася. 13 чэрвеня пра яе гаварыў амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, 17 чэрвеня пра будучыя перамовы з Пуціным паведаміў сам Лукашэнка. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, сустрэча павінна была адбыцца ў Гродне. Пуцін мусіў прыехаць на штогадовы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі 30 чэрвеня − 1 ліпеня. Пра гэтыя планы гаварыў прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.

Таму візіт Лукашэнкі ў Расію за пяць дзён да меркаванай паездкі прэзідэнта РФ у Беларусь выглядаў нечаканым. Цяпер высветлілася, што Пуцін у Гродна не паедзе.

Па-трэцяе, Лукашэнка прыляцеў у Расію на некалькі дзён. Тэлеграм-канал «Пул Первого» паведаміў, што кіраўнікі планавалі 23 і 24 чэрвеня правесці нефармальныя перамовы ў падмаскоўнай рэзідэнцыі Пуціна Завідава, а потым паехаць у Санкт-Пецярбург, дзе ўжо 25 чэрвеня пройдзе іх рабочая сустрэча. І паводле таго ж беларускага тэлеграм-канала, у Завідаве яны «нефармальна размаўлялі». Пацвярджэння гэтай інфармацыі з расійскага боку няма.

Таму першае пытанне: ці такая сустрэча ў падмаскоўнай рэзідэнцыі была? Калі так, то чаму няма пра яе ніякай інфармацыі? І ў такім выпадку, навошта ляцець яшчэ ў Санкт-Пяцербург і зноў весці перамовы? Усё гэта выглядае даволі загадкава.

Яшчэ адна загадка. Напярэдадні перамоваў у Санкт-Пяцербургу расійская авіяцыя ўпершыню з пачатку вайны нанесла ўдар па Украіне ракетамі непасрэдна з тэрыторыі Беларусі.

Нейкага значнага ваеннага сэнсу ў абстрэле Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей не было. Тут хутчэй сэнс палітычны. Выглядае як сродак ціску на Лукашэнку з боку Крамля, спроба канчаткова запэцкаць яго, скампраметаваць. Каб заявы кшталту «Беларусь у вайне не ўдзельнічае» выглядалі недарэчна.

Самае відавочнае тлумачэнне гэтых тэрміновых перамоваў палягае ў тым, што яны звязаныя з крызісам у адносінах Расіі з Літвой. Рашэнне Вільні абмежаваць расійскі транзіт у Калінінградскую вобласць на падставе санкцый ЕС выклікала моцную негатыўную рэакцыю Масквы. Крэмль паабяцаў жорсткі адказ. І вось тут роля Беларусі вельмі вялікая.

Калі гаворка ідзе пра ваенны адказ — пра магчымы прарыў «Сувалкаўскага калідора» (пра што кажуць усе эксперты), дык без удзелу Беларусі гэтая аперацыя немагчымая. Бо такі прарыў будзе мець поспех толькі ў выпадку, калі ён ажыццявіцца з двух бакоў: з тэрыторыі Калінінградскай вобласці і з тэрыторыі Беларусі. Прычым, пытанне пра задзейнічанне беларускага войска ў гэтай аперацыі — другаснае. У любым выпадку расійскія войскі будуць вымушаныя выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю. І калі напад на Украіну можна было ажыццявіць і без задзейнічання Беларусі, то ваенная акцыя супраць Літвы магчымая толькі з удзелам Беларусі.

То-бок крызіс вакол Літвы рэзка павышае геапалітычную і вайсковую ролю Беларусі. Адпаведна, узрастаюць і рызыкі.

Выглядае, што пакуль жорсткі адказ Расіі Літве і NATO ладзіцца ў фармаце ядзернага шантажу. І Беларусь тут выступае на першы план. Публіцы быў паказаны добра разыграны спектакль.

Апошнім часам стала нядобрай традыцыяй, што галоўным застрэльшчыкам і ініцыятарам агрэсіўнай антызаходняй і антыўкраінскай рыторыкі зʼяўляецца Лукашэнка. І гэтым разам ён паскардзіўся Пуціну, што самалёты ЗША і NATO «трэніруюцца несці ядзерныя боегалоўкі». І папрасіў люстэркавага адказу ў выглядзе даабсталявання беларускіх самалётаў Су-25, каб яны былі здольныя несці ядзерныя зарады.

Пуцін паабяцаў гэта зрабіць, а таксама адзначыў, што Расія «ў найбліжэйшыя месяцы» перадасць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», якія могуць быць абсталяваныя ядзернымі боегалоўкамі.

Такім чынам, упершыню Пуцін прыстрашыў Захад размяшчэннем у Беларусі ядзернай зброі. І калі разумець словы двух лідараў літаральна, то ў выпадку рэалізацыі гэтай ідэі, Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай. Бо, паводле словаў Пуціна, ядзерную зброю атрымаюць менавіта беларускія узброеныя сілы.

Зразумела, чаму Лукашэнка ўспрымае гэтыя прапановы з вялікім энтузіязмам. Ён марыў пра гэта даўно. Шантаж Захада ядзернай зброяй — гэта значна мацней, чым шантаж мігрантамі.

Відавочна, ад пагрозы да рэалізацыі — вялікая дыстанцыя. Тым больш, што ў Крамлі шмат разоў падумаюць, ці варта даваць Лукашэнку ядзерную зброю.

Тым не менш, зроблены яшчэ адзін крок да ваеннай эскалацыі. Пуцін у сваім фірмовым стылі ідзе па шляху павышэння ставак. У разліку на тое, што Захад спалохаецца.

Клас
26
Панылы сорам
15
Ха-ха
10
Ого
5
Сумна
15
Абуральна
110

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру