Па-першае, гандаль як з Расіяй, так і з Кітаем для Беларусі ў частцы тавараў заўсёды складваўся не на карысць нашай краіны.

Расія і КНР пастаўляюць на наш рынак значна больш тавараў, чым мы пастаўляем ім.

Па-другое, адмоўнае сальда гандлю з Расіяй з'яўляецца вельмі значным і адначасова схільнае да істотных ваганняў, паколькі ў аснове перавышэння імпарту над экспартам тут ляжаць энергарэсурсы. Цэны на іх зменлівыя, як і аб'ёмы, якія пастаўляюцца ў Беларусь для выкарыстання і перапрацоўкі.

Што тычыцца стабільна адмоўнага сальда ў гандлі таварамі з Кітаем, то можна бачыць яго ўпэўнены рост па меры пашырэння супрацоўніцтва дзвюх краін.

Адмоўнае сальда гандлю з Расіяй за кошт куплі сыравіны і энерганосьбітаў дазваляла Беларусі вырабляць тавары, якія затым знаходзілі пакупніка на іншых замежных рынках. Ва ўмовах іх закрыцця пытанні мэтазгоднасці такой структуры гандлю з усходнім суседам робяцца вельмі актуальнымі: скарачэнне паставак энерганосьбітаў, безумоўна, знізіць адмоўнае сальда гандлю таварамі, але адначасова паставіць у складанае эканамічнае становішча многія прадпрыемствы ў Беларусі, звязаныя з перапрацоўкай расійскай сыравіны.

Адмоўнае сальда гандлю з Кітаем будзе толькі нарастаць, бо менавіта там беларускі і расійскі бізнэс бачыць адказ на праблему куплі камплектуючых, якія праз санкцыі перастаюць пастаўляцца ад заходніх кампаній.

Прычым у выпадку, калі замяніць пэўныя дэталі не будзе магчымасці, купляць імпартны прадукт цалкам прыйдзецца, хутчэй за ўсё, там жа. А гэта, у сваю чаргу, яшчэ мацней павялічыць кітайскі імпарт.

У той жа час пастаўкі на расійскі і кітайскі рынак нашых тавараў выклікаюць шмат пытанняў як з пункту гледжання лагістыкі, так і з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці. Безумоўна, частка беларускіх тавараў знойдзе новыя нішы на расійскім рынку, у першую чаргу за кошт зніжэння канкурэнцыі з-за сыходу замежных кампаній. Але далёка не ўсе беларускія вытворцы знойдуць у Расіі новы рынак збыту.

Пастаўкі ж тавараў у Кітай у вялікіх аб'ёмах цяжкія, паколькі даражэюць перавозкі, даўжэюць ланцужкі паставак, ды і канкураваць з кітайскімі таварамі на кітайскім жа рынку — справа вельмі складаная.

Такім чынам, на словах расійскі і кітайскі рынак бяздонныя і вельмі выгадныя беларускім вытворцам. Але гэта ўсё ж папулізм, і не больш таго.

Клас
2
Панылы сорам
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру