Калі меркаваць па адказах, то пасля пачатку вайны, 24 лютага, ІТ-спецыялістаў з'ехала больш, чым у прамежак са жніўня 2020-га па люты 2022 года.
Але гэта не канец. Як сведчыць апытанне, на чамаданах сядзіць яшчэ палова ад колькасці тых працаўнікоў, што з'ехалі. Столькі ж людзей цвёрда ведаюць, што застаюцца.
Сярод тых, хто з'ехаў, нямала тых, хто працягвае працаваць на офіс у Беларусі. Разам з тымі, хто застаўся і рыхтуецца, гэта 57%. Кожны трэці чалавек плаціць падаткі ў бюджэт РБ, астатнія — краіне пражывання. Але больш за траціну ўсіх удзельнікаў апытання аддаюць падаткі за мяжу.
Толькі палова ўдзельнікаў апытання ўпэўненыя, што офіс іх кампаніі ў Беларусі працягне працу. Для яшчэ 40% будучыня іх офіса — у тумане, амаль 20% канстатуюць або прадракаюць закрыццё бізнэсу ў краіне.
Супрацоўнікаў, якія мяркуюць, што іх кампаніі не адчуваюць цяпер асаблівых праблем, менш за 10%. Пераважная большасць пералічвае класічныя сімптомы «геатаксікозу» — знікненне заказаў, рэпутацыйныя выдаткі, складанасці з грашовымі пераводамі.
Прыпыненне найму — першая рэакцыя кампаній на шок. Паводле апытання, 40% з іх перасталі наймаць людзей.
Колькасць супрацоўнікаў, чые кампаніі па-ранейшаму наймаюць спецыялістаў, карэлюе з колькасцю тых, хто ніяк не адчуў на сабе ўплыў крызісу — і тых, і іншых у раёне 40%. Супадзенне ў іншай пары груп — «найму няма», «адчуваюць уплыў крызісу» — такое ж. Тыя ж 40%. Самыя частыя праблемы ў тых, каго крызіс закрануў, — замарозка перагляду ЗП, звальненні.
Кампаніі, у якіх зусім няма праграм рэлакацыі, — у абсалютнай меншасці. Як і тыя, дзе пераезд — абавязковая ўмова працы. Выбар — заставацца ці з'яжджаць — у большасці ўсё ж ёсць.
Выбіраць краіну таксама могуць амаль усе. У кожнага чацвёртага працаўніка ёсць выбар з двух лакацый, дзве траціны могуць ехаць на ўсе чатыры бакі, праўда, часцяком за свой кошт. Тых, каму задаюць строгі напрамак, менш за 10%.
Самыя хадавыя напрамкі пераезду прадказальна — Польшча, Грузія, Літва. Пасля 24 лютага ў лік папулярных лакацый увайшоў і Узбекістан, а яшчэ Турцыя.
Больш за 80% удзельнікаў анкетавання паведамілі, што кампаніі дапамагаюць ім з пераездам.
Акрамя традыцыйных формаў падтрымкі (візы, рэлакейт-бонусы, лагістыка) важнае месца займае індэксацыя заробкаў для новых рэгіёнаў. Яе прапанавалі 35% удзельнікаў.
А што, калі нікуды не ехаць? Магчымасць працягваць працу з Беларусі ёсць больш чым у 70% апытаных, праўда, многім не даюць ніякіх гарантый. Частка супрацоўнікаў адзначыла, што давядзецца шыфравацца, шукаць «мыліцы» або адкрываць ІП за мяжой.