Паводле статыстыкі, фермерскія гаспадаркі паказваюць лепшыя фінансавыя вынікі ў параўнанні з буйнымі сельгасарганізацыямі, але пры гэтым іх доля ў эканоміцы краіны мінімальная. Найэфектыўней працуюць фермеры Брэстчыны.

Больш за ўсё фермерскіх гаспадарак налічваецца ў Мінскай вобласці, менш за ўсё — у Віцебскай. Аднак у брэсцкіх фермераў, хоць яны і саступаюць па колькасці мінскім, агульная выручка большая.

Так, фермеры Мінскай вобласці ў 2021 годзе зарабілі 245,4 млн рублёў, а Брэсцкай —— 310 млн. Брэсцкія фермеры працуюць з лепшымі фінансавымі паказчыкамі: прыбытак Брэсцкай вобласці склаў 76,9 млн рублёў, а ў Мінскай у два разы менш — 39 млн.

Аднак у цэлым прыбыткова працуюць амаль 90% фермераў у краіне. У Брэсцкай вобласці рэнтабельнасць фермерскіх гаспадарак складае 26,8%. Амаль такая ж высокая яна і ў Магілёўскай вобласці — 23,7%. Самая нізкая эфектыўнасць на Віцебшчыне — 9,8% рэнтабельнасці.

Характэрна, што менавіта фермеры Брэсцкай вобласці ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі больш карыстаюцца наёмнай працай. Наёмныя работнікі складаюць 67% працоўнай сілы мясцовых фермерскіх гаспадарак. У параўнанні з Брэстчынай гродзенскія гаспадаркі ў большай ступені сямейныя.

Калі прыватныя фермеры працуюць з высокім прыбыткам і рэнтабельнасцю, то буйныя сельгасарганізацыі краіны гэтым пахваліцца не могуць.

Сярод беларускіх сельгасарганізацый стратнымі з'яўляюцца 55%. У сярэднім яны працуюць з мінімальнай альбо адмоўнай рэнтабельнасцю, калі не ўлічваць дзяржпадтрымку.

Але, нягледзячы на эфектыўнасць прыватных фермераў, у сельскай гаспадарцы краіны яны займаюць сціплае месца.

У агульным аб'ёме вытворчасці на іх долю прыпадае толькі 2,9%. Фермерскія гаспадаркі карыстаюцца ўсяго 3,5 працэнтамі сельгасземляў. У сярэднім на адну гаспадарку прыпадае 95 гектараў зямлі.

Беларускія фермеры ў асноўным адказваюць за вырошчванне гародніны і бульбы — гэтыя культуры займаюць 43,6% іхняй вытворчасці. Таксама яны забяспечваюць 15% вытворчасці воўны ў краіне.

Клас
29
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
Сумна
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру