Чарга з польскага боку ў пункце пропуску Цярэспаль-Брэст. Фота: тэлеграм-канал «Warshawka» — ПП «Варшавский мост»

Бытавая тэхніка і не толькі

Са зняццём кавідных абмежаванняў на пярасячэнне межаў пачаў набіраць абароты чаўночны бізнэс. Яго развіццю спрыяюць як санкцыі з боку Захада, так і паслабленні з боку беларускіх уладаў, бо сама дзяржава зацікаўлена ў тым, каб тавары траплялі ў краіну. Яшчэ ў красавіку часова павысілі ліміты бяспошліннага ўвозу тавараў з 500 еўра і 25 кілаграмаў да 1000 еўра і 31 кілаграма. Такое рашэнне патлумачылі жаданнем «падтрымаць грамадзян ва ўмовах санкцыйнага ціску і пазбегнуць дэфіцыту тавараў першай неабходнасці і тавараў крытычнага імпарту». 

Такія самыя нормы дзейнічаюць і для пасылак.

Перавозкай тавараў з ЕС у Беларусь (часцей за ўсё з Польшчы) у асноўным займаюцца жыхары Брэста і Гродна. 

Знайсці тавар для перавозкі не складана — для гэтага дастаткова адшукаць адмысловыя чаты ў тэлеграме, дзе безліч такіх аб'яў. Карыстальнікі апісваюць тавар, які трэба перавезці праз мяжу, і суму ўзнагароды за выкананую працу. Так, напрыклад, за перавозку ноўтбука плацяць ад 90 да 120 даляраў, а за дастаўку айфона — 50-70$ у залежнасці ад кошту смартфона.

Да 150 даляраў за перавозку тэлевізара

Тавары для перавозкі падзяляюцца на два тыпы — «прахадныя» і «непрахадныя». Пад прахаднымі разумеюцца рэчы коштам да 1000 еўра і вагой да 31 кг. Калі тавар перавышае хоць адзін з вышэйпералічаных паказчыкаў, за яго ўвоз давядзецца плаціць пошліну. Усе выдаткі па сплаце мыту бярэ на сабе ўласнік грузу.

Узнагарода за дастаўку тэлевізара складае 100-150 даляраў у залежнасці ад дыяганалі і цаны. За перавоз варачнай панэлі з грылем можна атрымаць 80 даляраў, за дастаўку лядоўні — 140. За гульнявыя прыстаўкі даюць 40-60 даляраў. 

Адзначым, што без сплату мыту беларусы маюць права ўвезці не больш за адну адзінку з прадметаў бытавой тэхнікі. Выключэнне — мабільныя тэлефоны, іх дазваляюць увозіць дзве штукі цягам года.

Калі казаць агулам, то прадметы бытавой тэхнікі з'яўляюцца адной з самых папулярных катэгорый тавараў, якія трапляюць на наш рынак з выкарыстаннем падстаўных асоб. Гэтая тэма далёка не новая, бо тэхніку з Польшчы аналагічным чынам увозілі і раней, але ўсё змянілася 1 студзеня 2019 года, калі ў Беларусі ў чарговы раз паменшылі ліміты бязмытнага ўвозу тавараў. Але, як бачым, з павышэннем нормаў, такі від бізнэсу зноў набыў актуальнасць.

Афіцыйная статыстыка гэта пацвярджае. Паводле апытання Белстата, асноўныя віды тавараў, якія ўвозяцца ў Беларусь — тэлевізары (у сярэднім на 467 даляраў ЗША на аднаго чалавека), камп'ютарная тэхніка і сродкі сувязі (462 даляры), электрычная бытавая тэхніка (319 даляраў).

Нягледзячы на тое, што з моманту адкрыцця межаў і павышэння лімітаў прайшло літаральна некалькі месяцаў, шэрыя імпарцёры ўжо паспелі наладзіць працэс. 

Іншая папулярная катэгорыя тавараў для шэрага ўвозу — адзенне і абутак. Частка такіх тавараў ідзе з афармленнем Tax Free, частка — без. Гэтыя рэчы як правіла, правозяцца ў Беларусь праз зялёны калідор, паколькі не падлягаюць абавязковаму дэклараванню. За перавозку пары абутку плацяць ад 4 да 7 даляраў. За адзінку адзення ў сярэднім плацяць ад 2 да 5 даляраў, калі гаворка не ідзе пра зімовыя курткі і іншыя габарытныя рэчы. 

Частку тавараў, якія не патрабуюць афармлення Tax Free, раздаюць не толькі праз тэлеграм, але і больш традыцыйным шляхам — у адмысловых месцах па той бок мяжы. 

Трэцяя даволі папулярная катэгорыя тавараў — аўтамабільныя запчасткі. Прычым у адрозненне ад бытавой тэхнікі і адзення запчасткі — гэта хутчэй трэнд 2022 года. Паколькі праз санкцыі ў нас пачаў назірацца дэфіцыт запчастак і расходнікаў. 

Даражэй за ўсё аплочваецца перавоз пакрышак. За дастаўку адной шыны ў залежнасці ад памеру плацяць ад 12 да 30 даляраў. Таксама з Польшчы перадаюць шмат рамянёў ГРМ, камплектаў счаплення, маторных алеяў і іншых дэталяў. Пры жаданні чаўнок з лёгкасцю можа набраць толькі адных аўтазапчасткак на 20-30 даляраў. 

Аднак спіс тавараў, якія ўвозяць у Беларусь такім чынам, не абмяжоўваецца гэтымі трыма катэгорыямі. Сярод іншага з Польшчы масава вязуць падгузнікі, пральныя парашкі, каву і нават сыр і мяса ў вакуумнай упакоўцы. За перавозку кілаграма сыру чаўнаку даюць 3 даляры, за мяса — 4 даляры. 

Бізнэс не для ўсіх

Абазнаныя патлумачылі «Нашай Ніве», што асноўную частку тавараў праз мяжу перавозяць людзі, якія займаюцца гэтым ледзь не на прафесійнай аснове, паколькі «залётным» такія прапановы не заўсёды цікавыя. 

Рэч у тым, што ў шэрагу выпадкаў чалавек мусіць набыць тавар у краме за свае грошы па цане брута (з ПДВ), у той час як замоўшчык перавозкі разлічваецца за тавар па цане нэта (без ПДВ) плюс аплочвае ўзнагароду за выкананую работу. Грошы ў выглядзе ПДВ чаўнок вяртае ў краме, калі наступны раз едзе ў Польшчу. Праз гэта атрымліваецца, што для таго, каб зарабляць на перакідцы тавараў, трэба мець абаротныя грошы.

Займацца такім бізнэсам нявыгадна беларусам, у каго ёсць ВНЖ ці грамадзянства адной з краін ЕС. Бо яны, паколькі з'яўляюцца рэзідэнтамі ЕС, не маюць права афармляць Tax Free.

Куды далей ідзе ўвесь гэты тавар?

Рэчы, якія трапляюць у Беларусь у абыход санкцый і мытных пошлін, пазней паступаюць у продаж. Прадаюць іх у розніцу і оптам. Шмат такога тавару на аптовым рынку ў Гродне, куды па яго прыязджаюць дробныя гандляры з усіх куткоў краіны, у тым ліку з Мінска. 

Тэхніку, увезеную з выкарыстаннем шэрых схем, прадаюць у інтэрнэт-крамах. Попыт на некаторыя віды тавараў назіраецца і з боку дробных расійскіх прадпрымальнікаў.

Усе гэтыя схемы так ці інакш працавалі раней, але з развіццём легальнага бізнэсу ў краіне і паралельным паніжэннем лімітаў на ўвоз такі спосаб імпарту тавараў апошнімі гадамі перастаў мець вялікую папулярнасць. Цяпер жа ў нейкім сэнсе краіна вяртаецца да таго, што было распаўсюджана ў 90-я і нулявыя гады.

Чарга з польскага боку ў пункце пропуску Баброўнікі-Бераставіца. Фота: тэлеграм-канал ПП «Берестовица-Бобровники»

Людзі з шэрагу чаўнакоў зарабляюць немалыя па беларускіх мерках грошы на прыгранічным бізнэсе. Па іх словах, нават тыя, хто ездзіць у Польшчу не часцей, чым раз на тыдзень, за месяц (4 паездкі) можа зарабіць каля 400-500$ без дадатковых рызык у выглядзе перавышэння лімітаў на ўвоз цыгарэт і алкаголю. У выпадках, калі гаворка ідзе не пра «падпрацоўку» на мяжы, а пра асноўны занятак, месячны заробак чаўнака перакрочвае адзнаку ў 1000 даляраў.

Каб зарабіць на мяжы, не абавязкова мець асабісты аўтамабіль, галоўнае — мець дзейную візу. У чатах хапае людзей, якія шукаюць пасажыраў, якія не былі за мяжой больш за 7 дзён і маюць права правозіць тавараў на 1000 еўра вагой да 31 кг. Такім пасажырам плацяць па 70 даляраў. Такая паездка займае шмат часу, паколькі чэргі на межах застаюцца вялікімі. Чаўнакі кажуць, што на круг можа сысці ад 15 да 27 гадзін. 

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама:

Грамадзянам Польшчы з 1 ліпеня дазволілі бязвізавы ўезд у Беларусь

Ліміт для пасылак у 22 еўра адмяняецца

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
шаг вперед, два назад / Адказаць
04.07.2022
Гы-гы, после совка от лукавого приплыли опять в постсовок девяностых.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру