Аляксандр Лукашэнка. Фота: AP

«Мы адзіная краіна, якая падтрымлівае расіян у гэтай барацьбе. Тыя, хто папракае нас, вы, што не ведалі, што ў нас вельмі цесны саюз з Расійскай Федэрацыяй?.. Што ў нас створаная ўжо фактычна адзіная армія?.. Мы былі і будзем разам з брацкай Расіяй. Наш удзел у «спецаперацыі» вызначаны мной даўно».

Гэтая заява самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стала самым адкрытым прызнаннем таго, што Мінск бярэ ўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яна прагучала 3 ліпеня, праз тыдзень пасля маштабнага пуску па Украіне ракет з паветранай прасторы Беларусі.

А напярэдадні Лукашэнка заявіў пра загад «узяць пад прыцэл цэнтры прыняцця рашэнняў» у «варожых сталіцах», намякнуўшы, што адным з такіх ворагаў з'яўляецца Кіеў.

Пераход Лукашэнкі да агрэсіўнай рыторыкі быў чаканым.

Усе яго спробы ўступіць у дыялог з Захадам па змякчэнні санкцый чакана праваліліся, залежнасць ад Расіі толькі расце, а ракетны ўдар па Кіеве і іншых гарадах Украіны 26 чэрвеня (на жаль, відавочна не апошні) дадаткова замацаваў за Беларуссю ролю саўдзельніка ў ваенных злачынствах.

Але Кіеў дагэтуль спрабуе размежаваць улады Расіі і іх «філіял» у Беларусі.

Мы вядзём упартую барацьбу з войскам РФ, але пры гэтым падтрымліваем дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, якая сама заяўляе аб адзінстве свайго войска з расійскім.

Тое, што ў Мінску дагэтуль працуе амбасадар Украіны, гучыць яшчэ больш дзіўна, калі ўспомніць, што Украіна не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прызначаны ім урад. Дарэчы, беларускіх дыпламатаў ва Украіне няма яшчэ з сакавіка, таму імкненне Кіева захаваць адносіны з паўночным агрэсарам з'яўляецца аднабаковым.

Чаму Кіеў не разрывае адносіны з Мінскам?

Можа быць, ёсць негатыўныя наступствы гэтага кроку, якіх Украіна асцерагаецца?

Кароткі адказ: не, іх ужо няма. Гаворка ідзе хутчэй пра інерцыю, якой трэба пакласці канец.

Палітыка асаблівага стаўлення да рэжыму Лукашэнкі, якую праводзіў Кіеў, калісьці сапраўды мела сэнс. Тады Мінск манеўраваў на міжнароднай арэне і спрабаваў не трапіць у абдымкі Масквы, а асцярожнасць Украіны пакідала прастор для такога манеўру.

Напрыклад, пасля падаўлення пратэстаў у Мінску Украіна далучылася да шэрагу еўрапейскіх пастаноў, але адмовілася ўводзіць санкцыі асабіста ў дачыненні да Лукашэнкі, бо асцерагалася магчымай асабістай крыўды з яго боку.

Па-першае, нагадвалі тады ў МЗС, Беларусь тады так і не прызнала «расійскі Крым», а асабістая помста Лукашэнкі можа мець менавіта такі вынік. Па-другое, дыпламаты тлумачылі, што Лукашэнка тады яшчэ не вызначыўся, ці прадаставіць ён Маскве свае ваенныя базы для агрэсіі супраць Украіны.

Па-трэцяе (хоць пра гэта ў Кіеве спрабавалі не ўспамінаць услых), Украіне патрабавалася эканамічнае супрацоўніцтва і гандаль з Беларуссю, і гэта прымушала заплюшчваць вочы на тое, наколькі крывавы дыктатар кіруе суседняй краінай. У прыватнасці, з-за таго, што па некалькіх пазіцыях (ад паліва да шкла) імпарт з Беларусі быў адзінай альтэрнатывай пастаўкам з РФ.

Цяпер гэтых аргументаў не існуе.

Гандаль практычна адсутнічае, а па ключавых для Украіны напрамках адсутнічае цалкам. Анексію Крыма Лукашэнка падтрымаў яшчэ ў мінулым годзе, калі публічна прызнаў паўвостраў расійскім. Пытанне аб ваенным супрацоўніцтве Мінска і Масквы знятае канчаткова.

Вядома, уцягванне Беларусі ў вайну можа быць яшчэ больш поўным, але гэта ўжо не залежыць ад стасункаў з Кіевам. Беларускія войскі не ўдзельнічаюць у наземным нападзе, але зусім па іншых прычынах.

Па-першае, з-за таго, што войска Лукашэнкі аказалася не гатовае да баявых дзеянняў на чужой тэрыторыі, а па-другое — з-за адсутнасці падтрымкі агрэсіі ў грамадстве (з-за чаго значныя страты беларускіх вайскоўцаў або масавы пераход на бок Украіны могуць пацягнуць за сабою нават аднаўленне масавых пратэстаў).

Рэжым Лукашэнкі разумее гэтыя праблемы і спрабуе іх ліквідаваць. Беларуская армія пастаянна праводзіць ваенныя вучэнні, а беларуская прапаганда без прыпынку спрабуе дэгуманізаваць украінцаў, узмацніць нянавісць да іх у грамадстве. На шчасце для нас, гэтая падрыхтоўка да гэтага часу не дала патрэбных вынікаў Лукашэнку і Пуціну.

Але лічыць, што гэта адбываецца з-за захавання дыпадносін з Мінскам, было б памылкай.

Афіцыйны Кіеў ужо дапускаў гэтую памылку раней, пры Парашэнку.

З 2014 года Кіеў рабіў выгляд, што вайны з Расіяй няма.

Мы не разарвалі стасункі з РФ ні пасля Ілавайска, ні пасля Дэбальцава, ні пасля падзей паблізу Керчанскага праліва ў 2018 годзе. Гэта не прадухіліла ніводную наступную эскалацыю. Адзінае, чаго мы гэтым «дасягнулі» — гэта замацаванне на міжнародным узроўні тэзіса пра тое, што вайна з РФ нейкая несапраўдная, бо інакш пра паўнавартасныя дыпадносіны не магло ісці гаворкі.

Цяпер мы паўтараем гэты шлях з Беларуссю. Захаванне адносін з Мінскам стварае ілюзію, што Кіеў гатовы да аднаўлення адносін (у першую чаргу эканамічных, але не толькі), як толькі завершыцца актыўная фаза вайны.

Рэдактарам «ЕП» ужо даводзілася чуць пытанне пра гэта ад дружалюбных дзяржаў ЕС. І чым далей, тым часцей яно будзе ўзнікаць.

Між тым, на мінулым тыдні Украіна разарвала стасункі з Сірыяй у адказ на дыпламатычнае прызнанне данбаскіх недарэспублік. Але чаму такая логіка не працуе ў дачыненні да Беларусі, якая зрабіла значна больш варожых крокаў супраць нашай дзяржавы?

Украіна павінна разарваць адносіны з рэжымам Лукашэнкі.

Вядома ж, разрыў адносін не павінен быць самамэтай. Украіне даўно патрэбная новая беларуская палітыка 

Цалкам нармальна зрабіць палітычную заяву, што мы разрываем сувязі з нелегітымным дыктатарам, а не з беларускім грамадствам, бо прэзідэнт Зяленскі неаднаразова падкрэсліваў розніцу паміж імі. А адначасова — вызначыць прынамсі для сябе, хто будзе выразнікамі інтарэсаў гэтага грамадства.

Ці пачне Кіеў хоць бы часам кантактаваць са Святланай Ціханоўскай?

Так, яна застаецца нявопытным палітыкам, аднак яна стала сімвалам беларускай апазіцыі для астатняга свету, а Кіеў яе паказальна ігнаруе. Тым больш за апошнія гады рыторыка Ціханоўскай істотна змянілася, а ў пытанні расійска-ўкраінскай вайны яна заняла цалкам дружалюбную для Кіева пазіцыю.

А калі афіцыйны Кіеў усё роўна выступае супраць кантактаў з ёй, можна весці дыялог з іншымі прадстаўнікамі апазіцыі кшталту Паўла Латушкі або з кімсьці іншым, каго абяруць агульнапрызнаныя структуры антылукашэнкаўскага руху.

Таксама Кіеў павінен нарэшце вызначыцца, што рабіць з тымі беларусамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны — пры якіх умовах іх знаходжанне прымальнае.

Шукаць адказы на гэтыя пытанні складаней, чым проста заплюшчваць вочы на беларускую агрэсію супраць нашай дзяржавы.

Але гэтаму дзіўнаму становішчу трэба нарэшце пакласці канец. І зрабіць гэта як мага хутчэй.

Зацягванне не дае Кіеву ніякіх плюсаў і толькі пагаршае выклікі.

Клас
66
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
Сумна
1
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Жар / Адказаць
06.07.2022
Вось вам. З рэжымам лукі там адносіны не скасаваныя (мо раптам спатрэбіцца закупіць якісьці бітум), а ва ўдзеле ў вайне супраць сваёй украінскай дзяржавы на баку расеі вінавацяць чамусьці беларусаў і Беларусь - дэ-факта падакупаваны народ і краіну ! Пачытайце іхныя сайты ды наведайце юцюб. Нехта ці ведае, чаму так ? Я ведаю. Мэта ясная - перамогшы рашу, навесіць рэпарацыі таксама яшчэ й на Беларусь і беларускі народ !
0
Мiнак / Адказаць
23.07.2022
Каждый раз,когда кто-то из украинских официальных лиц или СМИ говорит о нашей стране ,мне становиться неприятно.
Две страны во всем мире не признали наш выбор в 2020 году. Это  Россия и Украина. Украина всю жизнь (по крайней мере с 2014 года играет в Realpolitik) заигрывая и закрывая глаза на события ради собственной выгоды. 
Не им решать,кто наш избранный лидер и как нам надо себя вести. Это благодаря нашим партизанам они смоли удержать Киев, это наши полк Калиновског, Погоня, Литвин, Янки, Прамень и многие другие сражаются за Украину, это в наших полевых госпиталях работают наши беларусские врачи спасая жизнь украинских бойцов,это наша диаспора в Европе,США,Канаде собирает деньги,медикаменты и амуницию для ВСУ- и все это при непосредственном участии офиса нашего Президента, а не узурпатора который пускает ракеты по вашим городам. 
Но вы еще не определились? ПОЗОР!!!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру