Абсалютбанк Вераб'я трапіў пад амерыканскія санкцыі 9 жніўня 2021 года, роўна праз год пасля сфальсіфікаваных выбараў. Інсайдары сцвярджаюць, што праз Абсалютбанк хадзілі мутныя грошы, заробленыя на кантрабандзе і схематозах. Сярод кліентаў быў і Віктар Медзвядчук

Пасля ўвядзення санкцый з банка вынеслі дзве трэці сродкаў, а сам ён перастаў абслугоўвацца карэспандуючымі банкамі і неўзабаве памёр. Цяпер рэшткі банка пераўтварыліся ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю «ОптыКурс». 

Але, як вядома «Нашай Ніве», бізнэсмен Верабей знайшоў новы банк для правядзення сваіх аперацый. У банкірскіх колах папулярная чутка пра тое, што нядаўна ён стаў бенефіцыярам Статусбанка (па іншай версіі, угода вось-вось адбудзецца).

Дэталі ўгоды невядомыя, выказваецца здагадка, што Верабей заходзіць туды праз «Фунта» — намінальнага, але не рэальнага бенефіцыяра, які ў рэальнасці падкантрольны Вераб'ю. Менавіта такую версію «Нашай Ніве» агучылі абазнаныя крыніцы з банкаўскіх колаў. У пацверджанне словаў указваецца на тое, што менеджарскія кадры былога Абсалютбанка масава пераводзяцца ў Статусбанк. 

Пра Статусбанк вядома тое, што ён належаў уласнікам «Еўраопта», але апошнія гады яны неаднаразова дэкларавалі намер пазбавіцца няпрофільнага актыву і вялі перамовы з рознымі патэнцыйнымі купцамі, сярод якіх быў і Мікалай Верабей. 

Мікалай Верабей — адна з цэнтральных фігур буйнога лукашэнкаўскага бізнэсу з доступам да закрытага для іншых бізнэсменаў нафтавага сектару, удзельнік трыумвірату, у які ўваходзяць таксама Аляксей Алексін і Аляксандр Зайцаў. 

Лічыцца, што Верабей адзін з прадстаўнікоў гэтак званых «бізнэсменаў удачы», якія абавязаныя сваім поспехам ільготам і прэферэнцыям з боку Аляксандра Лукашэнкі.

Верабей трапіў пад санкцыі ЗША і ЕС, пасля чаго пачаў перапісваць долі сваіх бізнэсаў на топ-менеджараў. 

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
13