Алесь Таболіч: Ёсць творцы, а ёсць рамеснікі. І ў жыцці няма нічога горшага, чым замест творцы стаць рамеснікам. Фота: vk.com/znichband

Алесь Таболіч: Ёсць творцы, а ёсць рамеснікі. І ў жыцці няма нічога горшага, чым замест творцы стаць рамеснікам. Фота: vk.com/znichband

«Наша Ніва»: Кажуць, што рок — музыка пратэстаў. А метал — музыка андэграўнду. Зараз 97 адсоткаў беларусаў у андэграўндзе, а вось сапраўднага металу чуваць усё менш. Музыкам няма чаго сказаць?

Алесь Таболіч: Металам можна сказаць усё. Таму людзі, якія сачынялі музыку такога кшталту альбо слухалі яе, заўсёды знаходзіліся ў апазіцыі. Металістаў заўсёды забаранялі: згадайце, нават удзельнікі фэсту «Купальскае кола» рэгулярна падпадалі пад баны ўсялякіх мінгарвыканкамаў, бо там баяліся «абы чаго не выйшла». Хаця віна тых творцаў толькі і заключалася што ў вернасці ідэям захавання гістарычных і нацыянальных каштоўнасцей — узяць таго ж Пашу Ермака альбо старыя гурты, як, скажам, «Акваморта».

Ідзем далей. Хто сядзіць перш-наперш з музыкаў? Irdorath — людзі, якія, па сутнасці, рабілі фолк з элементамі сярэднявечнай стылістыкі. Аднак яны усе роўна лічацца металістамі: на сусветна вядомы фэст Wacken ездзілі як паўнавартасные ўдзельнікі суполкі, а сёння металісты планетарнага ўзроўню нават ладзяць збор грошай у іх падтрымку. Таму ў якія б каноны метал-музыку ні заганялі, як бы ні абмяжоўвалі яе ўплыў ці магчымасці, яна значна больш шырокая па ўспрыняцці.

Прыватна ж за Znich скажу так: у нас нядаўна выйшла новая плытка на фізічным СD, колькі дзён таму выступілі хэдлайнерамі байк-фестывалю, дзе гралі дзве гадзіны запар. А 8 ліпеня пры дапамозе польскіх калег ладзілі «Купальскае кола». Так што металісты жывей за ўсіх жывых (смяецца)!

«НН»: У часіны маёй маладосці феерыла процьма цікавых калектываў, прычым не толькі ўнутры Беларусі, але і далёка за межамі. Divina Enema заўважалі ажно ў Брытаніі. Gods Tower атрымліваў міжнароднае прызнанне. Vicious Crusade гастралявалі па-за рэспублікай, Znich таксама запальваў на фэстах. Зараз наш метал накрыў крызіс жанру ці гэта адмова айчыннай культуры?

АТ: Канец 1990-х ды пачатак 2000-х — часы, пра якія вы згадваеце — гэта росквіт цяжкіх жанраў на Беларусі ды кірунку ўвогуле. Тады амаль што кожны нефармал быў металістам. Зараз сітуацыя сапраўды змянілася ў горшы бок, хаця ў свеце ўзровень папулярнасці такой музыкі застаўся максімальна высокім. Глядзіце, самыя вядомыя опэн-эйры лета — Wacken, Hellfest, Nimes — хваляцца аншлагамі. Прычым квіткі раскупаюцца задоўга да пачатку выступаў.

Айчынная ж метал-сцэна сёння ў заняпадзе. Не палічыце за пахвальбу, але не бачу зараз на ёй іншых беларускіх выканаўцаў апрача Znich. І вось чаму. На маю думку, гурт сапраўды існуе толькі тады, калі пастаянна штосьці стварае: збірае ды выдае новы матэрыял, ладзіць канцэрты, калабарацыі. Вось, скажам, Gods Tower, з якім нас апошнім часам сутыкаюць ілбамі, шмат гадоў ужо нічога не выдавалі. Vicious Cruade вы згадвалі, Divina Enema — дзе яны?!

Зараз з нацягам актыўнымі беларускімі металістамі можна называць хіба што прадстаўнікоў гурта Relikt. Ды і тое з абмоўкамі — у іх больш арт-метал, так скажам. Можна яшчэ даць рады бандзе Pragnavit, калі разглядаць андэграўндную сцэну. Але ім зараз складана: частка музыкаў жыве ў Расіі, а частка — ва Украіне… Астатнія ж гурты засталіся ў гісторыі праектамі: выйшлі, два гады нешта пралабалі ды сышлі са сцэны.

Канешне, раз на дзесяцігоддзе ўзнікаюць унікумы. Яны не падпадаюць пад агульныя правілы, прабіваюцца, цягнуцца да сусветна вядомых банд. Такія як, напрыклад, brutal-death каманада Extermination Dismemberment. Але яны выступаюць у асноўным у Еўропе…

Усе астатнія ў заняпадзе. Прычым размова не толькі пра метал, але і пра рок, бо ён пасля 2020 года таксама стаў непатрэбен той дзяржаве, якая на кожным рагу галасіць, што падтрымлівае айчынныя культуру ды традыцыі.

Дарэчы, калі балатаваўся ў прэзідэнты, казаў пра гэта.

Калі нашы людзі — вакол ды ўнутры апазіцыі — не аб'яднаюцца, прыйдзе трэцяя сіла ды захопіць Беларусь. Як вы разумееце, меў на ўвазе Расію. У выніку так і атрымалася! Усё наша вынішчылася, людзей-носьбітаў ідэй ды традыцый павыкідвалі за межы рэспублікі.

Тым жа, што засталіся (гуртам кшталту PAWA ды іншым), асабліва свабоды не даюць: крок управа, крок улева — расстрэл.

«НН»: Чаму і праз два гады частку грамадства, што мае агульнага ворага і агульную мэту, нельга кансалідаваць? І нават вайна ў суседзяў не штурхае да яднання…

АТ: Можаце пасміхацца, але тут я на баку Зянона Пазняка: паважаў яго як гісторыка за адну толькі справу з Курапатамі, а цяпер яшчэ і некаторыя палітычныя погляды падзяляю. Дык вось, калі дапусціць, што нашая апазіцыйная ўлада прасякнута лабістамі інтарэсаў Расіі, пазл адразу складаецца.

Людзі мэтанакіравана інтэграваліся ў сістэму, спецыяльна падладкоўваліся пад погляды «аднадумцаў». А пасля рабілі ўсё насуперак, каб ніхто пастаўленых мэтаў не дасягнуў. Калі ідэйнасці няма, нічога не будзе.

Алесь Таболіч: Віктар Бабарыка для мяне як быў прамаскоўскім чалавекам, так і застаўся

Алесь Таболіч: Віктар Бабарыка для мяне як быў прамаскоўскім чалавекам, так і застаўся

Той жа Віктар Бабарыка як быў для мяне прамаскоўскім чалавекам, так і застаўся. І ў штабах Святланы Ціханоўскай ды Паўла Латушкі, калі прыгледзецца, большую частку складаюць такія вось «бабарыканцы».

Ведаю іх усіх ў твар яшчэ з тых даўніх часоў, калі з Паўлам Белавусам рабілі масавыя мерапрыемствы на плошчы Бангалор. Людзі гэтыя зараз вандруюць па розных канферэнцыях ды разважаюць пра лёс Беларусі ў дарагіх касцюмчыках. Але на самой справе цікавасці да рэалій альбо будучыні радзімы ў іх нуль. Таму што ніякіх сур'ёзных праектаў за два гады, што змянілі б рэчаіснасць унтутры рэспублікі, яны не ажыццявілі.

Пікет на Каменнай горцы, Мінск, 2020 год

Пікет на Каменнай горцы, Мінск, 2020 год

Вашыя чытачы зараз, магчыма, усхопяцца: што ты да Бабарыкі прычапіўся? Ён жа сядзіць! Велізарны тэрмін чалавеку прысудзілі… А я магу патлумачыць, чаму прысуд атрымаўся настолькі суворым! Не з-за маштабу асобы альбо палітычных заходаў кандыдата.

Проста Лукашэнка не любіць канкурэнтаў. Яму пофіг на пазіцыю: нацыянальна арыентаваны чалавек, прарасійскі ці прамаскоўскі. Калі неяк сябе паставіў з дыктатарам у адзін шэраг — усё, лічы, атрымаў размеркаванне за краты.

«НН»: Атрымліваецца крынжова: Лукашэнка ў спісы канкурэнтаў і вас тады павінен быў занесці!

АТ: Ну, то наўрадці. Бо я не далучаўся да палітычных арганізацый — меў толькі сяброў з нацыянал-патрыятычных колаў, дзе людзі займаліся ўздымам ваярскага духу, якога беларусам не хапае.

У нас увогуле праблема з айдэнтай ды прыналежнасцю да «сваёй» людской суполкі. Украінцам самаідэнтыфікацыя дапамагла выстаяць у вайне, мы ж застаемся дзесьці між сусветамі: залежныя з аднаго боку ад Еўропы, з іншага — ад Расіі. У нас за амаль 30 год усё як было ў спячым стане, так і засталося…

Давайце скрозь прызму музыкі хаця б на гэта глянем: сярэднестатыстычнаму беларусу больш цікавыя NAVI BAND, якія ўдзельнічалі ў «Еўрабачанні», ці Маргарыта Ляўчук. Апошняя як оперная спявачка — топ, пытанняў няма. Але на тое блазнерства, якое яны з Андрэем Павуком ладзяць, брыдка глядзець. Нам блазнаў і так на Беларусі хапае — піянераў усялякіх, што галасяць пра «чарку на пасашок»… Сцябацца — гэта не культура, сцябацца — гэта перфоманс. Культура ж — гэта тое, што ты нясеш свету, мастацкая ідэя перш за ўсё.

Мой бацька, мастак, любіў паўтараць: «Алесь, памятай, ёсць творцы, а ёсць рамеснікі. І ў жыцці няма нічога горшага, чым замест творцы стаць рамеснікам».

Я з дзяцінства гадаваўся ў мастацкім асяроддзе, вучыўся адрозніваць прыгожае ад штучнага. Дык вось, зараз навокал у нас ненатуральнага больш, чым прыгожага, кайфовага. Таго, што можа яднаць беларусаў з сусветам.

«НН»: Вы зараз даволі лагічна разважаеце. Не разумею тады, чаму прозвішча «Таболіч» застаецца трыгерам для ўзнікнення скандалаў? Здаецца, чалавек ужо і ў Польшчу з'ехаў, і з медыя-сцэны сышоў. А ўсё роўна то Лэслі Найф жыцця яму не дае, то Znich з лайн-апаў выкрэсліваюць…

АТ: У мяне такі характар, што люблю праўду-матку рэзаць. Нават мянушку маю адпаведную — «Сякера». Сам па сабе я добры чалавек. Але калі бачу, што па жыцці нешта ідзе не ў лад, адразу гэтую дрэнь сяку пад карэнне.

Алесь Таболіч: Усе мы — як беларусы адразу прыгадаюць — родам з дзяцінства. І калі нашы погляды разыходзяцца, гэта не нагода для варожасці. Фота: vk.com/znichband

Алесь Таболіч: Усе мы — як беларусы адразу прыгадаюць — родам з дзяцінства. І калі нашы погляды разыходзяцца, гэта не нагода для варожасці. Фота: vk.com/znichband

Мне падаецца, сама згадка прозвішча «Таболіч» правакуе плёткі. Як толькі СМІ за нешта зачэпяцца, народ адразу такі: «Ну-у-у усё, зноў з кімсьці ваюе». Але калі адсачыць наезды ды спытаць: «Каму я кідаю выклік, каго чапляю?» — то канкрэтыка ў абвінавачваннях знікае. Бо ў сацетках не згадваю канкрэтных людзей, нікога не абражаю. Аднак калі аналізую пытанні правільнасці таго ці іншага падыходу, людзям гэта адразу не падабаецца.

Давайце свежым прыкладам пацверджу думку. Вось нядаўна меліся разборкі з Ножыкам, пра якія «Наша Ніва», дарэчы, пісала.

«Мне пагражалі фізічнай расправай». Скандал у музычнай сферы — што не падзялілі Таболіч і Lesley Knife?

Ваша калега патэліла першай — шчыра з ёй паразмаўляў. Астатнім жа ў інтэрв'ю адмовіў. Калі нешта абмяркоўваецца з людзьмі свядома, то гэтая адна справа. Калі адбываецца ўкід «там пачулі, там нехта сказаў», гэта іншае. Адзін з беларускіх СМІ вырашыў раскруціць сітуацыю ў традыцыях жоўтай прэсы, са скандальным адценнем. І, на мой погляд, паступіў дрэнна, бо аднабакова выклаў сітуацыю. Вы звязаліся са мной, паразмаўлялі з Наважылавым — і далі людзям права выбраць, хто мае рацыю, хто не і ці ўвогуле вартая гэтая гісторыя ўвагі. Вось гэта нармальна, прафесійна.

Калі ж ідзе аднабаковы аповяд, то наступствы могуць быць змрочнымі для ўсіх удзельнікаў гісторыі. Вось для нас, скажам, той скандал скончыўся не проста выключэннем Znich з лайн-апу, але і ўвогуле адмовай наведвання канцэрту. Вось скажыце, ці справядліва, што асабістыя цёркі Таболіча ды Наважылава паўплывалі на гледачоў, што прагнулі пачуць два годныя беларускія гурты? Альбо чаму мае музыкі сутыкнуліся са знявагай праз нейкі жоўты ўкід? Гэта знявага людзей.

Дарэчы, так беларусаў і свараць — зараз не толькі пра шоў-бізнэс кажу. Адзін нешта ляпнуў, другі падхапіў, трэці пераказаў… А пасля ўсе разам за стол не сядуць. З тым жа Ножыкам мы можам і не камунікаваць, і адзін аднаго ў сацсетках блакаваць. Але ў 2020-м сабіраў яму перадачы і сустракаў яго і Аляксандра Памідорава — сваю давераную асобу — з Жодзіна. Вось што важна — і пра што варта згадваць перш за ўсё. А не гэтыя падзяленні на «свае» і «не свае». Што гэта ўвогуле такое?

Усе мы — як беларусы адразу прыгадаюць — родам з дзяцінства. І калі нашы погляды разыходзяцца, гэта не нагода для варожасці.

«НН»: Алесь, вы ўжо на сцэне некалькі дзесяцігоддзяў. Скажыце, не было страху, што вы ўжо напісалі сваю найлепшую песню?

АТ: Не, зусім наадварот. Ёсць жаданне рабіць новае, рухацца далей. Таму ў бліжэйшыя часы ў нас выйдуць два новыя трэкі — у тым ліку кавер на песню Аляксандра Кулінковіча «Край» у саўндзе Znich. Да таго ж, як ужо згадваў, выпусцілі на СD плытку «25», зрабілі новый мерч

Хапае і новых ідэй — робім усё магчымае, што нам па сілах. Бо мы ідэйныя, а не сядзім на грантах у цэнтры Варшавы. Упэўнены: калі ты ідэйны, задумы рана ці позна ўвасобяцца і прынясуць плён.

«НН»: Калі наступае сапраўдная музычная сталасць? Калі вы скажаце «стоп» сабе?

АТ: Мне падаецца, такога ніколі не здарыцца. У маёй сям'і няма людзей, што працуюць дантыстамі, юрыстамі альбо міліцыянерамі, каб бачыць і арыентавацца на звычайную працоўную сталасць. Да таго ж гадаваўся ў творчым асяроддзі, таму да скону буду займацца музыкай. Гэта ж як паветра, без якога нельга. Нават не разумею, што такое канец. Адчуваю сябе на 17-18 год, калі ўсё яшчэ наперадзе. Таму замест таго, каб казаць сабе «стоп», зоймемся канцэртамі ды турамі. Я максімаліст у гэтым плане.

Клас
67
Панылы сорам
55
Ха-ха
6
Ого
7
Сумна
11
Абуральна
25