Руслан Касыгін. Скрыншот з відэа

Руслан Касыгін. Скрыншот з відэа

Паводле высокапастаўленага вайскоўца: «Тэрыторыя Польшчы, як, зрэшты, і краін Балтыі, ператвараецца ў палігон, на тэрыторыі якога ЗША плануюць развязаць у Еўропе яшчэ адзін крывавы канфлікт супраць Расійскай Федэрацыі і яе хаўруснікаў».

Паколькі Злучаныя Штаты намагаюцца пазбегнуць прамога ўзброенага сутыкнення з Расіяй, лічыць Касыгін, то таму яны разам з саюзнікамі намагаюцца ствараць напружанасць і «лакальныя ваенныя канфлікты» з мэтай уцягвання ў іх Мінска і Масквы.

Руслан Касыгін занепакоены «імперскімі амбіцыямі» Варшавы, якая, як ён лічыць, прэтэндуе на лідарства не толькі ва Усходняй, але і ў Цэнтральнай Еўропе. Таксама ён заўважае «пакуль галаслоўныя, але ў той жа час небяспечныя спробы асобных польскіх палітыкаў ініцыяваць вяртанне так званых спрадвечна польскіх зямель, пад якімі маюцца на ўвазе заходнія рэгіёны Украіны і Беларусі». Канкрэтных імёнаў гэтых польскіх палітыкаў з нібыта рэваншысцкімі памкненнямі ён, праўда, не прыводзіць. Бо насамрэч такія настроі калі ў каго ў Польшчы і ёсць, то толькі ў палітычных маргіналаў. У рэальнай жа польскай палітыцы гэтай тэмы даўно няма, і грамадства пра тэрытарыяльныя рэваншы не марыць.

Прадчуванне вайны і перадзелу. Не толькі з боку Расіі? — меркаванне

Пры гэтым Касыгін мяркуе, што ў будучыні польская армія будзе здольная самастойна, «нават без асаблівай падтрымкі НАТА, правесці наступальную аперацыю з абмежаванымі мэтамі супраць Рэспублікі Беларусь».

Чаго вартыя ўсе гэтыя фантазіі высокапастаўленага генштабіста, можна меркаваць па зместу аднаго з ягоных пасажаў, дзе ён пагражае Польшчы магутным імгненным ударам у адказ, у выніку чаго пацерпяць «цэнтры прыняцця рашэнняў, элементы сістэмы кіравання, пункты пастаяннай дыслакацыі нацыянальных узброеных сіл, арсеналы і базы, а таксама крытычна важныя аб'екты іх эканомікі і транспартнай інфраструктуры».

Паводле Касыгіна, «Рэспубліка Беларусь не з'яўляецца прыхільніцай такога сцэнару, у гэтым зацікаўлены толькі паслядоўнікі Алена Далеса, якія арганізоўвалі і зрыналі непажаданыя ўрады, выкарыстоўваючы самыя перакручаныя спосабы і метады гібрыднай вайны, з ужываннем звычайных узбраенняў, дзе чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці пры дасягненні пастаўленых мэтаў».

Але рэч у тым, што так званы

«План Далеса» — гэта фальшыўка, якая часта тыражуецца расійскімі шавіністычнымі СМІ, міфічны план дзеянняў ЗША супраць СССР. У тым выглядзе, у якім ён звычайна цытуецца антызаходнікамі на постсавецкай прасторы, ён нідзе не публікаваўся, а англійскі арыгінал яго, здаецца, ніколі не існаваў. Яго прыдумалі ў 1990-я.

Успрымаць «план Далеса» як нібыта сапраўдны дакумент — тое самае, што прымаць за чыстую манету «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», створаныя ў пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай імперыі для апраўдання антысеміцкай палітыкі. Але беларускія чыноўнікі часта робяць акурат гэта. У снежні 2020 года відэа пра «план Далеса» на сустрэчы са студэнтамі БДУ ставіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, таксама гэта рэгулярна здараецца і з іншымі чыноўнікамі. Пры адсутнасці жывой ідэалогіі толькі і застаецца звяртацца да фэйкаў. 

Клас
3
Панылы сорам
79
Ха-ха
53
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
6